Tag

Світанак свабоды-падкаст

Browsing

У канцы мінулага тыдня стала вядома пра абнаўленні ў так званым рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сярод іншага ў яго, паводле рашэння генеральнай пракуратуры, трапілі і два вершы класіка беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, якія былі ўключаныя ў выданне выбраных твораў паэта і драматурга выдавецтва «Беларускі кнігазбор. Гэта вершы «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда», напісаныя падчас паўстання Кастуся Каліноўскага, яны заклікаюць да барацьбы супраць расійскай імперыі. Прызнанне экстрэмісцкімі вершаў класіка, напісаных больш за 150 гадоў таму, пракаментаваў літаратуразнаўца Васіль Дранько-Майсюк.

24 жніўня ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве пройдзе паказ дыяфільмаў на адкрытым паветры. Праграму паводле тэкстаў і малюнкаў сучасных беларускіх аўтараў рыхтуе праект Дыяфільм live, у якім удзельнічаюць беларускія акцёры і музыканты. На старым праектары – як калісьці ў дзяцінстве – яны паказваюць дыяфільмы, да якіх пішуць уласную музыку і ствараць нетрывіяльную жывую агучку.

14 жніўня Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь сваім рашэннем ліквідаваў найстарэйшую палітычную партыю Беларусі – Партыю Беларускага народнага фронту. Гэта зроблена на пазоў Міністэрства юстыцыі, якое, паводле заканадаўчых новаўвядзенняў пасляпратэстных часоў, пачало праводзіць чарговую перарэгістрацыю палітычных партыяў. Партыя БНФ ад гэтай працэдуры адмовілася. Нагадваем, што старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў паводле палітычных абвінавачванняў з 12 красавіка 2021 года знаходзіцца ў зняволенні. Праваабарончай супольнасцю краіны ён вызнаны палітычным зняволеным. Пра тое, чаму Партыя БНФ вырашыла не ўдзельнічаць у перарэгістрацыі, як яна паставілася да рашэння пра ліквідацыю і што мяркуе рабіць далей, мы паразмаўлялі з часовым выканаўцам абавязкаў, намеснікам старшыні Партыі БНФ Вадзімам Саранчуковым.

Літва з сённяшняга дня закрыла два памежныя пункты на мяжы з Беларуссю: «Шумскас» («Лоша») і «Твярачус» («Відзы»). Больш за тое, Польшча і краіны Балтыі ў канцы жніўня збіраюцца абмеркаваць поўнае закрыццё межаў з нашай краінай. Напярэдадні Святлана Ціханоўская расказала, што зараз з Літвой абмяркоўваецца магчымасць пакінуць гуманітарныя калідоры для тых беларусаў, якія ўцякаюць з Беларусі. Пасля яе словы пацвердзіла міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ, паводле якой «людзі, якія сапраўды маюць патрэбу ў дапамозе, павінны яе атрымаць у Літве».

Украіна здаўна была звязаная з Беларуссю шматлікімі сувязямі. І адны з іх – сувязі сямейныя. Беларусы ехалі ва Украіну, браліся шлюбамі, заставаліся. Тое самае было і з украінскага боку. Але вайна Расіі супраць Украіны, у якой рэжым Лукашэнкі выставіў Беларусь як краіну-суагрэсара, падзяліла суседскае жыццё на да і пасля. Вынікам стаў не толькі міждзяржаўны разрыў, але і пакінутыя на волю лёсу асабістыя інтарэсы жыхароў. Беларускі пенсіянер, які ўжо больш за 20 гадоў жыве ва Украіне, узнімае праблему сваёй непатрэбнасці ні Беларусі, ні Украіне, ні фактычным уладам нашай краіны, ні іншым беларусам, якія зараз жывуць шмат у якіх краінах свету.

Іван Васільевіч (імя героя зменена, але менавіта так ён пажадаў назвацца), распавядае нам сваю гісторыю. Звярнуцца да журналістаў яго прымусіла безвыходнасць сітуацыі. Вось, што распавёў нам беларускі пенсіянер, які ўжо 20 гадоў жыве ва Украіне.

«Ва Украіне я апынуўся ў 2003 годзе. Сустрэў жанчыну, пакахаў і застаўся ва Украіне. Потым у 2007 годзе мы распісаліся. І ў 2007 годзе я сыйшоў на пенсію. Потым паехаў, аформіў яе. У мяне пашпарт беларускі. І я атрымліваў беларускую пенсію, бо ў той час ва Украіне пенсія была невялікая. Таму я атрымліваў па картцы Беларусбанка. Разлічваўся ў крамах усюды беларускай карткай.

Калі пачалася вайна – гэта 24 (лютага), а 1 сакавіка мне картку заблакавалі. Я пайшоў у краму, каб там нешта набыць, а мне кажуць: картка ваша заблакаваная. І я застаўся без пенсіі. Я з хлопцамі звязваўся, каб яны пайшлі, даведаліся, як там і што. Яны кажуць: так, картка заблакавана і няма ніякіх разлікаў з Беларуссю.

І сувязі ніякай няма. Таму што тыя тэлефоны, якія былі, напрыклад, Пенсійнага фонду – немагчыма звязацца. Дагэтуль я без пенсіі, без грошай, без нічога. І яшчэ сёлета якраз жонцы зрабілі аперацыю на сэрцы і ўсе грошы ўжо скончыліся.

Сяк-так перабіваемся. Тыя накапленні, якія былі, скончыліся. Крыху падпрацоўваў тут, таму што выйсця няма ніякага – то падзяжурыць недзе трэба, то яшчэ нешта, знаёмых ужо за 20 гадоў назбіралася шмат.

Сябры хадзілі туды (у аддзелу сацабароны ў Беларусі) і ім сказалі, што павінен асабіста сам я быць – пацвердзіць тое, што я жывы-здаровы і магу атрымліваць гэтую пенсію.

Каб патрапіць у Беларусь я тэлефанаваў у Літоўскую амбасаду. Яны беларусам зараз візы не даюць. Праз Польшчу трэба. Па электроннай пошце дачка жонкі пасылала, яны сказалі, што асабіста сам мушу быць. Але гэта трэба ва Львоў. Дабрацца да Львова трэба грошы, а прымуць яны ці не прымуць…

Мы ўжо даведваліся, як праз Кішынёў патрапіць у Мінск і далей, куды нам патрэбна. Але гэта трэба браць квіток на Стамбул з Кішынёва, са Стамбула на Маскву, а з Масквы на Мінск. Гэта 900 даляраў. Такіх грошай, на жаль, няма».

Аляксей Францкевіч (кіраўнік дабрачыннага фонду «Вільна Білорусь» – РУ) сказаў, што гэта трэба віза польская. Транзітная не пойдзе, бо я назад не вярнуся. А ў амбасаду мы пайшлі тут у Кіеў, нам сказалі, каб усе пытанні вырашалі з консульствам у Львове.

Ёсць і яшчэ беларусы ва Украіне, каму гэтая праблема актуальная. У мяне ёсць знаёмы. Кажа, там у яго і кватэра засталася – не можна заплаціць камуналку».

Іван Васільевіч выказвае спадзяванне, што, беларусы зразумеюць сітуацыю і не пакінуць сваіх пенсіянераў без дапамогі. Зараз ён звярнуўся па такую дапамогу ў Дабрачынны фонд «Вільна Білорусь». Вось як пракаментаваў сітуацыю кіраўнік фонду Аляксей Францкевіч.

«У кожнай цывілізаванай краіне клапоцяцца пра людзей сталага веку і пенсіянераў. А нашыя пенсіянеры, на жаль, засталіся нікому не патрэбныя. Гэтыя пенсіянеры звярнуліся да нас па дапамогу, таму што ўжо больш за год яны не атрымліваюць беларускую пенсію і фактычна засталіся без сродкаў для існавання.

Мы робім усё, каб ім дапамагчы. Але, на жаль, гэтае пытанне няпростае. І, на жаль, такіх беларускіх пенсіянераў, якія засталіся без пенсіі і без сродкаў для існавання, ва Украіне шмат. Я лічу, што гэтае пытанне патрэбна ўзнімаць, патрэбна рабіць усё, каб дапамагаць сёння беларусам, якія жывуць ва Украіне, беларусам, якія сутыкнуліся з тымі ці іншымі праблемамі. Таму што ва Украіне ідзе вайна, яны застаюцца беларусамі, і патрэбна рабіць усё, каб ім дапамагаць.

Ва Украіне не засталося беларускай амбасады і прадстаўнікоў беларускай амбасады. То бок, усе беларусы, і пенсіянеры ў тым ліку, засталіся сам-насам са сваімі праблемамі ва Украіне.

На жаль, сёння няма інфармацыі, колькі беларусаў знаходзяцца на тэрыторыі Украіны. Няма інфармацыі колькі загінулых беларусаў. Я маю на ўвазе цывільных людзей. Няма інфармацыі колькі беларусаў засталіся без жытла ў выніку ракетных абстрэлаў.

Мы будзем дапамагаць усім тым, хто да нас будзе звяртацца. І было б добра, каб, усё ж-такі, гэтае пытанне наконт беларусаў ва Украіне ўзнімалася і ў Еўропе сярод дыяспары, і каб часцей. Таму што патрэбна змагацца за кожнага беларуса і рабіць усё магчымае, каб дапамагчы ім».

Беларусы рыхтуюцца адсвяткаваць дзень беларускай вайсковай славы – 8 верасня. У гэты дзень у 1514 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага разграмілі пад Оршай войска княства Маскоўскага. У Варшаве святочныя мерапрыемствы арганізуюць беларускія нацыяналісты. Таксама ў ім прымуць удзел польскія і ўкраінскія арганізацыі, і прадстаўнікі нядаўна сфармаванага Смаленскага рэспубліканскага цэнтра. Больш падрабязна пра падрыхтоўку мерапрыемства распавядае сябра Каардынацыйнай рады, Ян Рудзік.

Беларуска-ўкраінскі хаб «Сустрэча» арганізуе беларускую гуманітарную місію ў Херсонскую вобласць і запрашае далучыцца ўсіх неабыякавых беларусаў. Пра тое, што, як і калі мяркуецца рабіць на Херсоншчыне радыё Ўнэт распавяла прадстаўніца хабу «Сустрэча» Алена Жаркевіч.

Актор Аляксандр Ждановіч, які жыве ў Грузіі і вядомы ўсім як Маляваныч, гастралюючы па Польшчы і Літве, завітаў з дзіцячымі спектаклямі ў Беласток. Паводле яго, усюды ад беларусаў ён адчувае святло і цеплыню, але ў сталіцы Падляшша сустрэў больш чым дзе-небудзь дзяцей, якія размаўляюць па-беларуску.

15 кастрычніка адначасова з парламенцкімі выбарамі у Польшчы адбудзецца і рэферэндум. Раней стала вядомае чарговае пытанне, якое будзе ўзнятае падчас рэферэндуму. Міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак, агучыў, што чацвёртае пытанне будзе тычыцца сцяны на мяжы з Беларуссю. Паводле словаў Блашчака, дакладна пытанне гучыць так: «Ці падтрымліваеце вы знос бар’ера на мяжы Польшчы з Беларуссю?» Блашчак ставіць пытанне радыкальна – паводле яго словаў грамадзяне Польшчы, адказваючы на гэтае пытанне павінны вырашыць, ці будзе мяжа і надалей абараняцца.

У чэрвені Міжнародная арганізацыя працы (МАП) на сваёй чарговай канферэнцыі разглядала сітуацыю з правамі працоўных у Беларусі. Асноўная ўвага была нададзена магчымасці рэалізацыі права на свабоду аб’яднання ў прафесійныя саюзы. У выніку ўдзельнікі канферэнцыі прыйшлі да высновы, што гэтае права ўлады Беларусі сістэмна парушаюць. Зараз у зняволенні знаходзяцца лідары асноўных незалежных прафсаюзаў. У выніку разгляду беларускай сітуацыі МАП прыняла рашэнне ўжыць артыкул 33 Статуту. Гэта адбылося другі раз за гісторыю арганізацыі. Першы раз гэты артыкул ужываўся да ваеннай хунты ў М’янме.