Loading

Беларусы рыхтуюцца адсвяткаваць дзень беларускай вайсковай славы – 8 верасня. У гэты дзень у 1514 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага разграмілі пад Оршай войска княства Маскоўскага. У Варшаве святочныя мерапрыемствы арганізуюць беларускія нацыяналісты. Таксама ў ім прымуць удзел польскія і ўкраінскія арганізацыі, і прадстаўнікі нядаўна сфармаванага Смаленскага рэспубліканскага цэнтра. Больш падрабязна пра падрыхтоўку мерапрыемства распавядае сябра Каардынацыйнай рады, Ян Рудзік.

— Мы вырашылі адзначыць гэтае свята разам з нашымі сябрамі з Польшчы і Украіны. Таксама плануецца выступ нашага смаленскага сябра Уладзіслава Жывіцы, які нядаўна прыехаў у Польшчу і абвясціў аб стварэнні Смаленскага рэспубліканскага цэнтра. Таму што смаляне таксама тады разам з намі змагаліся супраць Масквы. Падтрымала з польскага боку гэта арганізацыя «Młode Kresy», з украінскага боку гэта будзе прадстаўніцтва Еўрамайдану і з беларускага боку гэта мы – «РУХ» беларускіх нацыяналістаў.

Удзел прадстаўніка нядаўна створанага Смаленскага рэспубліканскага цэнтру стане адметнай рысай сёлетняга святкавання 8 верасня. Як адзначыў Ян Рудзік, прадстаўнікі і Польшчы і Украіны, з якімі супрацоўнічае РУХ, вельмі станоўча ўспрынялі ўдзел прадстаўніка Смаленска ў гэтым мерапрыемстве, бо на смаленскай зямлі праходзілі шляхі войскаў падчас Маскоўска-літоўская вайны 1512–1522 гадоў, а смаляне прымалі ўдзел у барацьбе менавіта на баку ВКЛ і менавіта па выніках гэтай вайны смаленскія землі былі захопленыя маскавітамі. Ян Рудзік адзначае, што ў гэтым кантэксце даволі дзіўна гучаць заявы некаторых прадстаўнікоў сённяшніх дэмакратычных сілаў Беларусі, якія спрабуюць абараніць тэрытарыяльную еднасць Расіі, забываючы пра гістарычныя факты. Дарэчы, гэта ставіць пытанне, ці аб’яднаюцца 8 верасня беларускія дэмсілы ў адным месцы.

Мерапрыемства плануецца правесці ў старым горадзе Варшавы, Як кажа Ян Рудзік, арганізатарам не хацелася б рабіць з гэтага шэраг палітычных выступаў, а, хутчэй, зрабіць для беларусаў сапраўднае свята. Таму, асноўную праграму складзе музычная частка. Плануецца выступ як беларускіх гуртоў, так украінскіх і польскіх. Хэдлайнерам канцэрту, па словах Яна Рудзіка, можа выступіць гурт «Дзецюкі». Арганізатары прапануюць на гэтыя дні нічога не планаваць, а далучыцца ўсім да святкавання Дня беларускай вайсковай славы.

Comments are closed.