З 23 па 25 сакавіка ў Беластоку пройдуць мерапрыемствы, прымеркаваныя да 106 гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай народнай рэспублікі. У праграме – канцэрты, мітынг, набажэнства ў праваслаўнай царкве, аматарскі забег і іншыя актыўнасці. Удзел у падрыхтоўцы святкавання прынялі шэраг беларускіх арганізацый і ініцыятыў, у прыватнасці, хаб “Новая зямля”, Цэнтр беларускай культуры, фундацыя “Тутака”, Беларускі саюз у Рэчы Паспалітай і іншыя. Фінансавую дапамогу арганізатарам аказалі і ўлады Беластока.
„Святкаванне Дня Волі ў Беластоку носіць традыцыйны характар, але найбольшую масавасць яно займела пасля падзей 2020 года ў Беларусі, калі ў сталіцу Падляшша з-за палітычных рэпрэсій пераехала вялікая колькасць беларусаў. Так, два гады таму, на мітынгу да Дня Волі ў цэнтры горада выступалі Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, прадстаўнікі польскіх улад. У 2023 годзе пасля такога ж мітынгу, арганізаванага беларускімі меншасцю і дыяспарай, у адной з вучэльняй адбыўся вялікі святочны канцэрт.
Пра Дзень Волі – 2024 у Беластоку нам распавяла кіраўніца хаба “Новая зямля” Надзея Салаўёва.
“Мы ў нашым аргкамітэце адштурхоўваліся ад таго, што 25-га гэта панядзелак, і ўжо запланаваны сімфанічны канцэрт з ўдзелам ганаровых беларускіх выканаўцаў у Падляшскай оперы а 18 гадзіне. 24-га а 15 гадзіне у цэнтры Беластока будзе мітынг і канцэрт. Мітынг будзе як звычайна з прамовамі, чытаннем Трэцяй Устаўной граматы. Потым будзе інсцэніроўка ад рэканструктарскага клубу Invictus – мы вырашылі паказаць прагу і змаганне да волі ад паўстання Каліноўскага да часоў БНР. Таксама асноўная частка гэта канцэрт з трыма выступоўцамі, якія жывуць у Беластоку – Кацярына Ваданосава, Ігар Палынскі з гуртом “Сумарок” і гурт Kurwadziki.
Пасля таго, як мы зрабілі канструкт таго, што будзе 24-га і 25-га, людзі сталі казаць, што ў іх ёсць ідэі наконт квіза. Падлеткі хацелі зрабіць квіз пра БНР, мы падтрымалі гэту ідэю. Праводзіць квіз збіраюцца ў суботу 23 сакавіка.
Таксама нядаўна звярнуліся яшчэ беларусы, якія жывуць у Беластоку. Яны зрабілі мапу гісторыка-культурнай спадчыны. Яна ёсць анлайн – “Шляхамі БНР”. 23-га будзе прэзентацыя мапы з пазначэннем, дзе ў Беларусі можна наведаць месцы ў розных гарадах, якія тым ці іншым чынам датычныя да стварэння Беларускай народнай рэспублікі”.
Варта яшчэ дадаць, што, акрамя гэтых мерапрыемстваў, у беластоцкай царкве Святога Апостала Іаана Багаслова на нядзелю 24 сакавіка намечаны малебен за беларускі народ. А на 25 сакавіка ў парку Плянты ў цэнтры горада запланаваны сімвалічны забег, прысвечаны Дню Волі.
Comments are closed.