Loading

Радыё Ўнэт пачало працу 11 лістапада 2020 года і сфармавалася з журналістаў, якія з-за рэпрэсій былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі. Беларуская рэдакцыя Радыё Ўнэт з’яўляецца часткай польскага Radio Wnet і выходзіць у эфір кожны будні дзень раніцай і ўвечары. Радыё Ўнэт стваралася, каб беларусы, што пакінулі родную краіну, мелі голас за мяжой і ведалі, што цяпер адбываецца з беларускім грамадствам у розных кутках свету.

Эфір Радыё Ўнэт ствараецца беларускай рэдакцыяй у супрацоўніцтве з польскімі студыямі Radio Wnet у Варшаве, Кіеве, Вільні і Львове, а карэспандэнты Радыё Ўнэт працуюць у Польшчы, Украіне, Літве і Швейцарыі.

ВЯДОЎЦЫ РАДЫЁ ЎНЭТ

Вольга Сямашка

Працуе ў журналістыцы больш за 20 гадоў. Спецыялізавался на эканамічнай тэматыцы, але праца ў рэдакцыі навін навучыла хутка рэагаваць і мець справы з любымі тэмамі. У 2020 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў пакінула краіну праз пагрозу палітычнага пераследу. З таго часу яна змяніла тры краіны пражывання: Украіну, Польшчу і Літву. Цяпер жыве ў Вільні. У дадзены момант з’яўляецца галоўным рэдактарам Беларускай рэдакцыі радыё Wnet.

Раман Ждановіч

Голас Рамана гучыць на Радыё Ўнэт ад самага пачатку працы беларускай службы. «Вітаю! Ля мікрафона Раман Ждановіч» — менавіта з гэтай фразы пачаўся першы эфір «Жыве Беларусь уначы». Раней працаваў вядоўцам на Еўрапейскім Радыё для Беларусі, журналістам фонду EURO2012. З 2019 года з’яўляецца прадзюсарам на тэлеканале «Белсат». 

Слухайце Рамана кожны аўторак і чацвер у эфіры «Жыве Беларусь уначы».

Аліна Крамко

Вядоўца эфіру «Жыве Беларусь уначы». Аўтарка падкастаў «Спадчына», «Гучы, Беларусь, уначы» і «Топ-5». У эфіры з 2012 года. Звольніўшыся з дзяржаўнага радыё і з’ехаўшы з Беларусі, не змяніла свайго галоўнага творчага пераканання: толькі мастацтва дазваляе чалавеку заставацца чалавекам пры любых абставінах і грамадска-палітычных катаклізмах. Менавіта таму ў эфірах Аліны вы хутчэй за ўсё сустрэнецеся з вядомымі беларускімі музыкамі, пісьменнікамі, гісторыкамі і захавальнікамі беларускай традыцыі.

Паслухаць Аліну Крамко можна ў панядзелак і сераду ў вячэрнім эфіры.

Марына Савіцкая

10 год працавала на беларускім рок-радыё «Сталіца», але ў жніўні 2020 забаставала і звольнілася. Праз год пераехала ў Кіеў, падчас вайны ва Украіне – у Варшаву. За плячыма – вядзенне самых розных канцэртаў: ад утульных камерных кватэрнікаў да вялікіх фэстаў на тысячы чалавек (сярод іх – імпрэзы ў «Prime Hall» і «Дудутках»). Не ўяўляе свайго жыцця без музыкі і радыё.

Кожную пятніцу апоўначы Марына сустракаецца з адметнымі музыкамі ў эфіры «Жыве Беларусь уначы»!

Андрусь Гаёвы

Андрусь Гаёвы – журналіст Радыё Ўнэт, для якога радыйны досвед стаў новым. Супрацоўнічаў з выданнямі: Наша Ніва, Белсат, Новы Час, Радыё Свабода, Зялёны партал і інш. Адна са сфераў дзейнасці Андруся – праваабарончая журналістыка. У 2019 годзе ён пры падтрымцы Праваабарончага цэнтра «Вясна» стварыў рэгіянальны інфармацыйны партал праваабарончай скіраванасці «Палеская Вясна». На Радыё Ўнэт пачаў працаваць са жніўня 2021 года ў якасці журналіста і вядоўцы эфіраў праграм «Світанак свабоды» і «Вынікі тыдня», што выходзілі з кіеўскай студыі Радыё Ўнэт да пачатку вайны ва Украіне.

Пачуць эфіры Андруся Гаёвага можна кожную раніцу ў «Світанку свабоды».

Алена Прыходзька

«Добрай раніцы, паважаныя слухачы! На хвалі Радыё Ўнэт вас вітае Світанак свабоды» — такімі словамі вядоўца ранішніх эфіраў і карэспандэнтка Алена Прыходзька пачынала праграмы з нашай кіеўскай студыі.
Алена далучылася да каманды Ўнэт у лютым 2021 года, пасля таго, як з’ехала з Беларусі праз пагрозу палітычнага пераследу. Раней Алена амаль 10 гадоў была вядоўцай, а пасля рэдактаркай рэгіянальнага радыё і медыямэнэджэркай. З пачаткам вайны Алена зʼехала з Украіны і зараз працуе як карэспандэнтка і аўтарка падкастаў «Я журналіст, навошта вы мяне б’яце?» і «Неверагодныя».

Іван Савановіч

Карэспандэнт Радыё Ўнэт у Варшаве.

Кожную раніцу і вечар Іван распавядае самыя важныя навіны дня, а ў сваіх рэпартажах расказвае пра акцыі салідарнасці і мерапрыемствы, якія ладзіць беларуская дыяспара ў Польшчы.

Слухайце апошнія навіны, меркаванні экспертаў і прагнозы аналітыкаў у эфіры «Світанак свабоды» кожны будні дзень з 5:00 да 6:00 па польскім часе (з 6:00 да 7:00 па беларускім, украінскім і літоўскім часе адпаведна).

Размовы з актыўнымі беларусамі, навіны жыцця беларускай дыяспары і вынікі дня слухайце ў начных эфірах «Жыве Беларусь уначы» кожны будні дзень з 23:00 да 01:00 па польскім часе і з 00:00 да 02:00 па беларускім, украінскім і літоўскім часе.

Праграму беларускіх эфіраў глядзіце тут.

Сустракаемся на хвалях Радыё Ўнэт!

Жыве Беларусь!