Loading

Гродзенская мастачка Таццяна Калач арганізавала ў Беластоку майстар-клас “Спалучаем беларускую міфалогію і хуткае маляванне”. Ён стаў працягам і дапаўненнем яе праекта «Прыгоды Ваўчка ў міфічным свеце».  

“Я зараз пішу кнігу “Прыгоды Ваўчка ў міфічным свеце”, і дзеля гэтага пачынаўся аднайменны праект у 2022 годзе, калі мы таксама рабілі хуткія маляванні ў прамых эфірах і ў YouTube. У YouTube зараз праходзіць конкурс, у якім могуць паўдзельнічаць усе жадаючыя. З гэтага нарадзілася ідэя: навучыць не толькі маляваць, а яшчэ і даць дадатковыя веды. Мне  хочацца паказаць, што беларуская міфалогія настолькі розная і яскравая, што па ёй можна здымаць фільмы, можна пісаць кнігі, можна рабіць перфомансы. І мне б хацелася перадаць гэтае захапленне іншым людзям.

Мы не проста малюем, мы ствараем свае гісторыі. Калі мы чуем нейкае апісанне, напрыклад, нячысціка, і няважна, хто чуе, дарослы ці дзіцёнак, у кожнага ўсё роўна ўзнікае свой вобраз. І мы праз гэтыя малюнкі прыдумываем сваю гісторыю і паказваем гэтую вобразнасць. То бок, у нас на занятках кожны можа адчуць сябе і аўтарам  і творцам. 

Гэты праект арыентаваны і на дзяцей, і на дарослых. Дзеці могуць прыходзіць з васьмі гадоў. Бывае такое, што дзеці прыходзяць разам з матулямі ці татулямі, ці бабулямі, ці дзядулямі. У нас праект пра тое, што маляваць можа кожны. Да нас можна і трэба прыходзіць, нават калі ў вас не было ніякага досведу малявання. Мы малюем у тэхніцы хуткіх скетчаў. Калі вы саромецеся ці думаеце, што вы нічога не зможаце, паверце: у Вас атрымаюцца цудоўныя гісторыі, вы намалюеце так, як зможаце, і у нас упор якраз на прыдумванне асабістых гісторый не толькі для малявання і не столькі для малявання. Я вучу больш думаць і прыдумваць нешта фэнтэзійнае на аснове беларускай міфалогіі.

Comments are closed.