Loading

Літва з сённяшняга дня закрыла два памежныя пункты на мяжы з Беларуссю: «Шумскас» («Лоша») і «Твярачус» («Відзы»). Больш за тое, Польшча і краіны Балтыі ў канцы жніўня збіраюцца абмеркаваць поўнае закрыццё межаў з нашай краінай. Напярэдадні Святлана Ціханоўская расказала, што зараз з Літвой абмяркоўваецца магчымасць пакінуць гуманітарныя калідоры для тых беларусаў, якія ўцякаюць з Беларусі. Пасля яе словы пацвердзіла міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ, паводле якой «людзі, якія сапраўды маюць патрэбу ў дапамозе, павінны яе атрымаць у Літве».

Наконт беларусаў напярэдадні выказвалася і міністр эканомікі Літвы. Аўшрыне Арманайтэ заявіла, што ўзмацненне жорсткасці абмежаванняў для грамадзян Беларусі можа негатыўна адбіцца на рэлакаваным беларускім бізнесе. Нагадаю, што размова ідзе пра закон, згодна з якім беларусы ў Літве будуць прыроўнены да расіян з адпаведнымі абмежаваннямі. Два месяцы таму гэты законапраект не быў падтрыманы парламентам, зараз дыскусія заходзіць на другі віток. Па словах Анатоля Лябедзькі, які ў офісе Святланы Ціханоўскай адказвае за міжпарламенцкае супрацоўніцтва, восень для беларусаў у Літве чакаецца гарачай. Ён ужо зараз пачаў кансультацыі з літоўскімі парламентарыямі, каб данесці пазіцыю дэмакратычных сіл.

— Падаецца, што восень будзе гарачай, і трэба рыхтавацца да таго, што ў беларуска-літоўскім парадку дня будуць пэўныя напружанні. Яны звязаны з некалькімі акалічнасцямі. Па-першае, Літва ў наступным годзе ўваходзіць у фазу выбарчай кампаніі, а выбары заўсёды ўплываюць на парадак дня. Па-другое, трэба прыняць да ведама, што ў інфармацыйнай прасторы Літвы дзейнічаюць, як я кажу, інфармацыйна-дыверсійныя групы, які спансуюцца рэжымамі і беларускім і пуцінскім і якія пастаянна ўкідваюць пэўныя правакацыі. І таму зноў вяртаецца пытанне, ці трэба беларусаў у прававым полі Літвы прыраўняць да расейцаў. Такая спроба ўжо была, і дайшло нават да фазы палітычнага крызісу, калі прэзідэнт Літвы скарыстаў сваё права вета на адпаведны законапраект, а пасля гэтае вета дэпутаты пераадолелі. Гэта была перамога ўсіх беларусаў. Было важна, што беларусаў не прыраўніваюць да расейцаў. Але зараз зноў гэтае пытанне вяртаецца. І трэба не чакаць, калі гром грымне, трэба да гэтага рыхтавацца. Адсюль вынікае неабходнасць правядзення такіх палітычных кансультацый з дэпутатамі. Трэба размаўляць, трэба прыводзіць свае аргументы і не дапусціць, каб адбыўся найгоршы варыянт. А сцэнарыяў можа быць тры. Першы – усе застаецца, як ёсць. Ён для нас прымальны. Другі крайні сцэнарый – нас прараўніваюць да расейцаў. І трэці сцэнарый, калі мы находзім нейкі кампраміс.

— Акрамя закона, які будзе ўраўніваць беларусаў і расіян, якія-небудзь яшчэ прапановы, датычныя беларусаў, Сейм плануе разглядаць?

— Не, пакуль усе ідзе вакол гэтага законапраекта і магчымасці яго вяртання ў парадак дня. Я скажу, што сітуацыя напружаная, але калі нічога не рабіць, то нічога і не атрымаецца. Акрамя кансультацый у Сейме Літвы трэба сустракацца з прадстаўнікамі выканаўчай улады. Ва ўрадзе ёсць некалькі ключавых фігур, і сама прэм’ер Інгрыда Шыманітэ некалькі разоў вельмі пазітыўна выказвалася пра беларусаў, пра неабходнасць іх падтрымкі.

У Літве зараз каля 60 тысяч беларусаў, і толькі ў гэтым годзе дакументы атрымалі 11 тысяч беларусаў, і зразумела, што пэўныя палітычныя колы напружвае гэтая сітуацыя. Яны баяцца, што з гэтым масівам людзей могуць прыходзіць і тыя, каго заслалі спецслужбы. Але нельга палітыку пераносіць на ўвесь масіў. Я заўсёды кажу на сустрэчах: 99% беларусаў у Літве паслядоўныя праціўнікі рэжымаў, беларускага і крамлёўскага. Гэта даныя літоўскіх даследаванняў. 76% з іх не проста на словах падтрымліваюць Украіну, але і ўдзельнічаюць у акцыях ці данацяць. Гэта людзі, якія не патрабуюць сацыяльных датацый з боку дзяржавы, толькі 10% далучаліся да нейкіх сацыяльных праграм, але нават чвэрць гэтых праграм фінансавалі недзяржаўныя арганізацыі. Больш за тое: тыя, хто прыехаў гэта людзі 20-40 гадоў, яны эканамічна актыўныя і яны робяць важны ўнёсак у бюджэт Літвы.

— Вы сказалі, што трэцім варыянт вырашэння праблемы можа быць кампраміс. А ці ёсць у Вас ужо праект гэтага кампраміса?

— Не, няма. Мы якраз праз гэтыя кансультацыі можам памацаць, дзе ён можа быць. Зразумець, якая на сённяшні дзень пазіцыя ў той ці іншай фракцыі.

— Прыхільнікам даволі жорсткіх мер у дачыненні да беларусаў у літоўскім парламенце з’яўляецца дэпутат Кашчунас. З ім вы будзеце сустракацца?

— Канешне. Лаўрынаса я пакідаю на дэсерт.

— Падчас вашых кансультацый з літоўскімі палітыкамі асноўны аргумент неабходнасці больш жорсткіх мер для беларусаў – гэта бяспека? Ці яшчэ штосьці гучыць?

— Бяспека. Прысутнасць вагнераўцаў і вось усе гэтыя заявы Лукашэнкі. Я думаю, што літоўцы разумеюць, што вагнераўцы гэта не столькі пагроза, колькі правакацыя.Тыя ж вагнераўцы могуць патрапіць у Літву не толькі з Беларусі. Але ёсць выбары, і для літоўскіх выбаршчыкаў пытанні бяспекі – важныя. А палітыкі так ці інакш будуць арыентавацца на грамадскія настроі. У той жа час ёсць і пэўныя лоббі – тыя ж самыя сілавікі. Для іх прасцей зачыніць мяжу, тады верагоднасць, што нешта здарыцца, змяншаецца.

Comments are closed.