Loading

Афіцыйная прадстаўніца расійскага МЗС Марыя Захарава заявіла, што перахопленыя перамовы нямецкіх афіцэраў паказалі незавершанасць дэнацыфікацыі Германіі.  38-хвілінны аўдыёзапіс, на якім “высокапастаўленыя афіцэры Бундэсвера” абмяркоўваюць магчымасць удараў па Крымскім мосце ракетамі TAURUS,  апублікавала 1 сакавіка галоўная рэдактарка расійскага дзяржаўнага тэлеканала RT Маргарыта Сіманьян. Міністэрства замежных спраў РФ запатрабавала ад Нямеччыны тлумачэнняў. Пры гэтым канцлер Германіі Олаф Шольц раней неаднаразова заяўляў пра адмову пастаўляць Украіне ракеты TAURUS.

Тое, як у самой Германіі ўспрымаюць заявы Расіі, скандал з запісамі размоў афіцэраў ў руках расійкіх спецслужбаў і як ставяцца да паставак ракет ва Украіну, радыё Ўнэт пракаментаваў беларускі палітолаг Аляксандр Фрыдман. 

Як унутры Нямеччыны ўспрымаецца адмова Шольца надаваць Украіне ракеты TAURUS? 

Трэба адразу адзначыць, што пытанне, звязанае з ракетамі TAURUS, вельмі палітызаванае і досыць складанае. Калі мы паглядзім усю гісторыю перадачы зброі Украіне, як яно было з танкамі Leopard-2, Leopard-1 – таксама ўзнікалі гэтыя пытанні, таксама была вельмі бурная дыскусія і вельмі неадназначнае ўспрыманне ў грамадстве. 

Гэта звязана перш за ўсё з нямецкай гісторыяй, з асаблівасцямі адносін з Расіяй. Асабліва эканамічныя і палітычныя адносіны, якія былі цягам апошняга часу. Да таго яшчэ прымешваецца – і гэта адрознівае Германію ад Вялікабрытаніі, Францыі альбо Злучаных Штатаў – гэта пытанне ядзернай зброі. Узгаданыя краіны маюць уласную ядзерную зброю і таму яны могуць глядзець досыць спакойна на расійскі ядзерны шантаж, ім ёсць чым адказаць. У Германіі такой магчымасці няма. 

Акрамя таго, гэта яшчэ і краіна, у якой сур’ёзна распаўсюджаныя пацыфісцкія і антываенныя настроі. І ўспрыманне, што краіна можа быць уцягнутая ў вайну, большасць людзей абсалютна шакуе. І таму гэтая перасцярога, якую, напрыклад, выказвае канцлер Шольц, сапраўды ў грамадстве прысутнічае. У Шольца ў гэтым пытанні адносна лёгкая пазіцыя, паколькі большасць жыхароў краіны на яго баку. 

Тыя апытанні, якія праводзяцца, паказваюць: дапамога – так, эканамічная, палітычная гуманітарная – так, дапамога зброяй – таксама. Але, калі гаворка даходзіць да гэтых ракет TAURUS, іх далёкасць 500 кіламетраў і магчымасць наносіць удары па тэрыторыі Расійскай Федэрацы і тое, што Шольц, прынамсі, агучыў, што абслугоўваць павінны таксама вайскоўцы Бундэсвера, а гэта значыць, што яны нібыта павінны быць накіраваныя ва Украіну, гэтыя аргументы на грамадства дзейнічаюць. Яно ў гэтым сэнсе расколатае. І палітыкум расколаты таксама.

Як успрынялі апошнія звесткі з Расіі, што яна праслухоўвала перамовы якраз наконт надання ракет TAURUS Украіне, у вышэйшых колах Нямеччыны? 

Для іміджу Германіі, асабліва для нямецкіх спецслужбаў, гэта выглядае досыць дрэнна. Таму што гэта самы буйны скандал, але не першы. 

Што тычыцца палітыкаў, асабліва сацыял-дэмакратычнай партыі – партыі Шольца, міністра абароны Барыса Пісторыўса – там ёсць імкненне памеры гэтага скандалу, калі не прынізіць, то, прынамсі, не выпячваць. Бо для сацыял-дэмакратаў гэта катастрафічны скандал, які б’е па папулярнасці Бундэсверу, б’е па папулярнасці міністра Пісторыўса і таксама б’е па рэпутацыі Шольца. 

Тым больш, што тое, пра што там кажуць генералы – гэта фактычна падрывае ўвесь арументацыйны каркас Шольца. Што казаў Шольц? “Мы не можам гэта паставіць,  бо яны там будуць на такую адлегласць (страляць), могуць Масквы дасягнуць”, што досыць сумнеўна. Але гэты момант там прысутнічае. 

А вось другі момант насамрэч важны, ён адыгрывае яшчэ большую ролю ў аргументацыі Шольца. Там генералы кажуць, што гэта ўсё магчыма арганізаваць без фізічнай прысутнасці немцаў. А тут Шольц працягвае сцвярджаць, што там павінны прысутнічаць немцы, а раз там павінны прысутнічаць немцы – гэта чырвоная рыса, якую пераходзіць не трэба. Ну ўзнікае пытанне, якое будуць прасоўваць хрысціянскія дэмакраты – апазіцыйная партыя: ну дык а хто тут кажа праўду – Шольц, альбо, усё ж-такі генералы, спецыялісты? 

Ну і тут ёсць разрыў сярод кіруючай кааліцыі. Бо лібералы і “зялёныя” выступаюць за тое, каб адправіць гэтыя ракеты, сацыял-дэмакраты супраць. Зараз выглядае на тое, што сацыял-дэмакраты будуць спрабаваць гэты скандал, так бы мовіць, “замяць”. Але ён фактычна стаў галоўнай тэмай. Гэта дэмакратычнае грамадства, апазіцыя не дазволіць проста “замяць” гэтую тэму. 

Цікава будзе паглядзець, як гэты запіс паўплывае на настроі ў грамадстве. Апошнія апытанні паказвалі, што большасць выступала супраць таго, каб былі пастаўленыя TAURUS. Зараз быў гэты скандал і гэтая расійская рыторыка – досыць выразная, радыкальная, антынямецкая. Пакуль такіх апытанняў не было.

Нягледзячы на ўсю асцярожнасць, якую праяўляе Шольц, Нямеччыну расійскае МЗС абвінаваціла, што яе “дэнацыфікацыя” адбылася не цалкам. Ці ёсць ужо рэакцыя на гэтыя заявы? 

Гэта ж не першы раз такія заявы ідуць з боку Марыі Захаравай і яе кіраўніка Сяргея Лаўрова. Проста зараз гэта ўжо не такі банальны выпадак. Усё ж, гэта звязана з гэтым скандалам вакол ракет. Звычайна на гэта не рэагуюць. 

Дарэчы, міністр Пісторыўс падкрэсліў: “А што вы ад іх чакаеце? Яны вядуць супраць нас прапагандысцкую вайну. Гэта частка гібрыднай вайны. Таму не трэба сур’ёзн ўспрымаць гэтыя заявы”. Што тычыцца гэтай аргументацыі, то яна ж не новая, гэта ўсё з Савецкага Саюзу: калі ў цябе няма нейкіх агументаў супраць Заходняй Германіі – узгадвай нацыстаў. І гэта тыя антынямецкія наратывы, звязаныя з нацыстамі, якія добра зразумелыя пэўнай частцы расійкага грамадства, на якую таксама можна добра паўплываць. 

А ў Германіі прызвычаіліся да таго, што, калі ёсць нейкія спрэчкі з Германіяй, адразу пачынаецца гэтая нацысцкая тэма. Пра гэта, канешне, пішуць, гавораць. Асабліва, дарэчы, не столькі Захарава, колькі Мядзведзеў. Усё ж, гэта больш моцная і знаёмая фігура. Яго заява пра тое, што трэба дарабіць тое, што не дарабілі ў 1945-м. Гэта выклікае абурэнне і ў палітыкума і ў простых людзей, не звязаных з палітыкай, якіх проста абвінавачваюць у тым, што яны з’яўляюцца нацыстамі, альбо паслядоўнікамі нацыстаў. Але ў гэтым няма нейкай сенсацыі, тут нічога прынцыпова новага не адбылося.    

Comments are closed.