Loading

У канцы мінулага тыдня стала вядома пра абнаўленні ў так званым рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сярод іншага ў яго, паводле рашэння генеральнай пракуратуры, трапілі і два вершы класіка беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, якія былі ўключаныя ў выданне выбраных твораў паэта і драматурга выдавецтва «Беларускі кнігазбор. Гэта вершы «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда», напісаныя падчас паўстання Кастуся Каліноўскага, яны заклікаюць да барацьбы супраць расійскай імперыі. Прызнанне экстрэмісцкімі вершаў класіка, напісаных больш за 150 гадоў таму, пракаментаваў літаратуразнаўца Васіль Дранько-Майсюк.

— Вінцэнт Дунін-Марцнкевіч  — вельмі цікавы пісьменнік. Цікавы тым, што ён заўсёды быў у апазіцыі да Расійскай імперыі, ён падтрымліваў каліноўцаў – яшчэ тых каліноўцаў, якія змагаліся супраць Расіі і хацелі, каб Беларусь была незалежная. Ягоныя дочкі за гэта пацярпелі. Ён сам быў пад хатнім арыштам.

Ён хацеў зрабіць беларускі нацыянальны тэатр. Ягоныя п’есы забараняліся тагачаснымі ўладамі. І вось зараз усё вяртаецца да свайго лагічнага працягу. Зараз Дунін-Марцінкевіч таксама робіцца пад забаронай. Зараз ягоныя, пакуль што, вершы, хаця, цікава, чаму не «Пінская шляхта», таксама становяцца ўжо і не патрэбнымі, і небяспечнымі для перамаўлення на тэрыторыі Беларусі.

Хто ж такі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч? Гэта быў чалавек, які мог быць проста звычайным чыноўнікам, ён і пачынаў як чыноўнік. Але затым у сэрцы гэтага таўставатага, праставатага і, здаецца, не такога гераічнага юнака нараджаюцца цікавыя імпульсы – імпульсы ствараць драматургію. І не толькі па-польску, ці па-расійску, ці яшчэ на якой мове, а менавіта па-беларуску. У 1840-х гадах, тады, калі ўжо Ян Баршчэўскі пачынае здзіўляць усіх сваёй фантастычнай Беларуссю ў творы пра шляхціца Завальню, калі ўжо і Тарас Шаўчэнка – зорка, па ўсёй Еўропе, і паказвае, што ўкраінцы могуць на сваёй мове прамаўляць, тады і наш герой Дунін-Марцінкевіч вельмі захацеў быць адметным. Ён захацеў паказаць, што і беларусы маюць свой голас, і беларусы маюць сваю мову, і беларусы маюць сваю волю.

І таму ў яго п’есах, таму ў яго вершах не проста нейкія слабахарактарныя героі, якія нічога не могуць. У яго моцныя героі. У яго імпэтныя героі. Героі, якія кажуць, што тут – менавіта на Беларусі, тут – на нашай тэрыторыі, можна спраўдзіцца. І тут трэба быць, а не ўцякаць кудысьці далей.
Вось пра што ён прамаўляў, вось пра што ён пісаў і які тэатр ён хацеў, каб у нас быў. І таму такія ж і вершы ў яго. І тыя два творы, якія цяпер названыя экстрэмісцкімі, і іншыя яго рэчы.

Цяпер, я думаю, праз тое, што мы цяпер маем, увага да Дуніна-Марцінкевіча ўзрасце ў дзесяць разоў. Пра яго будуць чытацца лекцыі, пра яго будуць стварацца перформансы, пра яго можа будзе створаны які-небудзь спектакль. А нашыя рэжысёры, якія зараз не ў Беларусі, могуць зноў вярнуцца да яго дзівоснай цудоўнай драматургіі. І могуць нават яго вершы, а многія яго вершы – сюжэтныя, пакласці менавіта на мову тэатра. І такім чынам Дунін-Марцінкевіч заіграе новымі фарбамі. Такім чынам Дунін-Марцінкевіч стане зараз яшчэ больш папулярным, яшчэ больш любімым, яшчэ больш файным. І не толькі ён, але і іншыя цудоўныя пісьменнікі ХІХ стагоддзя.

Comments are closed.