Loading

Актор Аляксандр Ждановіч, які жыве ў Грузіі і вядомы ўсім як Маляваныч, гастралюючы па Польшчы і Літве, завітаў з дзіцячымі спектаклямі ў Беласток. Паводле яго, усюды ад беларусаў ён адчувае святло і цеплыню, але ў сталіцы Падляшша сустрэў больш чым дзе-небудзь дзяцей, якія размаўляюць па-беларуску.

Біблейскую гісторыю пра нараджэнне Ісуса Хрыста, якога намагаўся забіць цар Ірад, чый голас вельмі падобны да голасу цяперашняга правіцеля ў Мінску, прадстаўленую ў батлейцы, гульні, расповяд пра Пэпі-Доўгую-Панчоху з папяровымі фігуркамі, майстар-клас па вырабе самалёцікаў паказаў і расказаў беларускім дзецям Аляксандр Ждановіч у беластоцкім Цэнтры грамадскай актыўнасці. Дзеці былі настолькі ўражаны прадстаўленнем казачніка Маляваныча, што не хацелі адпускаць яго, не абняўшы і не зрабіўшы фота, дарослыя ж прасілі аб аўтографе. Няўжо ўсюды яго сустракае такі душэўны і радасны прыём ці такое адбылася толькі ў Беластоку?

— Я зараз вам геаграфію раскажу: Варшава, Беласток, Бяла-Падляска, Вільня, Лодзь, Вроцлаў і зноў Беласток. І вось я езджу і кожны раз прыязджаю ў Вільню і думаю, што ў Вільні самы цёплы прыём. Потым прыязджаю ў Лодзь – не, у Лодзі самы цёплы прыём. Потым прыязджаю ў Кракаў – не, у Кракаве. Па праўдзе, паўсюль. І гэта не проста форма, каб кагосьці не пакрыўдзіць. Нашы беларусы паўсюль, дзе б ні былі, я адчуваю ад іх такую цеплыню, святло. І ў Беластоку таксама. Можа, ведаеце што, мне падалося, што дзеткі тут у крыху большай ступені можа быць, чым у некаторых гарадах размаўляюць па-беларуску. З чым гэта звязана, не ведаю. Можа гэта мне падалося.

Можа быць у тым і паратунак нашых з’ехаўшых беларусаў, што ў іх ёсць сем’і, у іх ёсць дзеля чаго жыць і глядзець у будучыню з надзеяй і з нейкім сэнсам, выхоўваць дзяцей беларусамі. Я разумею, наколькі гэта складана, бо яны вельмі хутка становяцца палякамі, ужо хуценька размаўляюць па-польску. Усё ж трэба каб у сем’ях захоўвалася беларускасць.

— У спектаклі ёсць адназначны палітычны падтэкст. Чаму вы выбралі менавіта яго, нягледзячы на лета і зусім не час Нараджэння Хрыстовага?

— Гэта батлейка мяне выбрала. Калі прывязваць яе толькі да Калядаў, то яе пабачыць вельмі мала людзей. Таму, мне здаецца, што гэтую гісторыю, а яна звязана не толькі з Раством Хрыстовым, яе можна трактаваць больш шырока як барацьбу зла і дабра, што заўсёды актуальна. Дзеці па-свойму неяк гэта разумеюць, дарослыя – па-свойму. Мне хацелася б верыць, што калі яны глядзяць на такую вечную гісторыю барацьбы дабра і зла, дзе перамагае ў рэшце рэшт усё ж такі дабро, яны неяк свой боль таго, што адбываецца ў Беларусі, неяк лечаць, і ім робіцца не так траўматычна.

Comments are closed.