Loading

24 жніўня ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве пройдзе паказ дыяфільмаў на адкрытым паветры. Праграму паводле тэкстаў і малюнкаў сучасных беларускіх аўтараў рыхтуе праект Дыяфільм live, у якім удзельнічаюць беларускія акцёры і музыканты. На старым праектары – як калісьці ў дзяцінстве – яны паказваюць дыяфільмы, да якіх пішуць уласную музыку і ствараць нетрывіяльную жывую агучку.

Зрэшты, лепш адзін раз убачыць. І такая магчымасць у нас неўзабаве з’явіцца. На падзею запрашае адзін са стваральнікаў праекта, яго кампазітар Андрэй Еўдакімаў.

«У гэтым годзе ў нас атрымалася ажыццявіць ідэю стварэння беларускіх дыяфільмаў. Раней пасля паказаў хтосьці пытаўся ў нас, чаму мы не паказваем беларускія казкі. Мы заўсёды адказвалі, што пакуль не знайшлі стужак, якія б падыходзілі нам для працы.

У Беларусі была вытворчасць дыяфільмаў, але яна не была такой доўгай, існавала толькі з 1990 па 1996 гады, ды і часцей гэта былі адукацыйныя матэрыялы.

Таму мы захацелі стварыць свае ўласныя беларускія дыяфільмы. У выніку, у праграму Беларускія казкі на стужках увайшлі тэксты Андрэя Хадановіча, Івана Бурсава ў перакладзе Рыгора Барадуліна, Надзеі Ясмінскай, Андрэя Скурко. А беларускія мастачкі намалявалі для нас гэтыя казкі».

«Гэта падзея важная для нас, бо ў Мінску ў нашага праекту была традыцыя кожнае лета рабіць open air дыяфільмаў. Апошнія гады такой магчымасці, на жаль, не было, і толькі зараз абставіны склаліся так, што мы амаль поўным складам сабраліся разам. Таму гэта не толькі магчымасць паглядзець гісторыі на стужках на вялікім экране ды ў агучцы праекту дыяфільм лайв. Гэта працяг нашай уласнай традыцыі».

Comments are closed.