Loading

Беларуска-ўкраінскі хаб «Сустрэча» арганізуе беларускую гуманітарную місію ў Херсонскую вобласць і запрашае далучыцца ўсіх неабыякавых беларусаў. Пра тое, што, як і калі мяркуецца рабіць на Херсоншчыне радыё Ўнэт распавяла прадстаўніца хабу «Сустрэча» Алена Жаркевіч.

— Мы туды паедзем з гуманітарнаю мэтаю для таго, каб дапамагчы ўкраінцам справіцца менавіта з экалагічнай праблемай, якая адбылася. Таму што пасля падрыву гэтай грэблі (Кахоўскай ГЭС) там былі забруджаныя калодзежы, было забруджанае ўсё, што там ёсць, пацярпела шмат дамоў, яно ўсё ў цвілі. Таму, канешне, самі яны ўсё гэта зрабіць не могуць, бо гэта і людскія рэсурсы, і фінансавыя, і вайна, усё-такі.

Таму мы ўзгаднілі з Херсонскай адміністрацыяй. Яны акрэсляць нам раён – сказаць які пакуль што не магу, і мы туды паедзем для таго, каб дапамагаць вырашаць гэтыя праблемы.

Я ведаю, што там зараз працуюць валантэры – на будаўніцтве дамоў, разбіраюць завалы. Але ж вось калодзежы яшчэ ніхто не паехаў чысціць. Сама Херсонская адміністрацыя нешта рабіла. Яны там прывозілі ваду, таму што яе няма. Яны прапанавалі нам біць свідравіны. Але мы разумеем, што ёсць сёлы, у якіх яшчэ няма электраэнергіі. І таму свідравінай будзе не вельмі зручна зараз карыстацца.

Мы размаўлялі з Сяргеем Дылеўскім – гэта Рабочы рух. І яны сказалі, што ў іх ёсць спецыялісты, якія змогуць прыехаць і гэта ўсё зрабіць. Потым размаўлялі з нашымі айцішнікамі, якія абяцалі нам дапамагчы фінансава – купіць помпы для таго, каб адпампоўваць ваду. Тут мы размаўлялі яшчэ з альпіністамі. Там трэба будзе абсталяванне для таго, каб спусціцца і ўсё павычышчаць – то яны таксама сказалі, што дапамогуць.

Валанцёры нашыя, канешне, бо там прыйдзецца з імі быць, гатаваць ежу. Мы размаўлялі нават з прадстаўнікамі палка (імя Кастуся Каліноўскага), з (батальёнам) «Волатам», што таксама змогуць паехаць, калі не будзе ў іх задачы. Бо трэба будуць машыны, каб гэта ўсё рабіць.

Гэтая місія, яна зможа яшчэ і аб’яднаць беларусаў паміж сабой. І наш страйкам, і нашых валанцёраў, і нашых ваяроў. Таксама мы прапанавалі дэмакратычным сілам да нас далучыцца. Але пакуль што нешта яны маўчаць, нічога не кажуць.

Людзей пакуль што далучылася няшмат. Мы разумеем, што там жа ёсць будынкі – адміністрацыйныя, дзіцячыя садочкі, лякарні, у якіх таксама трэба дапамога. Там трэба ўсё вычысціць ад цвілі. І гэта звычайныя людзі могуць рабіць. Мы б, канешне, іх таксама далучылі да нас.

Мы паспрабуем паехаць пачысціць першыя калодзежы. Гэта нам трэба, каб было тры брыгады на 5 чалавек. Мы паглядзім, як у нас гэта ўсё атрымаецца, які будзе вынік. А потым будзем глядзець – калі зможам, то мы будзем рабіць гэта столькі, колькі будзе ў нас сіл. Пакуль на першы час мы на месяц запланавалі.

Мне так падаецца, што з сярэдзіны верасня мы зможам туды паехаць. Таму што гэта ж беларусы не тыя, якія знаходзяцца тут – ва Украіне. Гэта беларусы, якія ў Польшчы, у Літве. То гэта ўсё трэба будзе ўзгадняць са Службай бяспекі Украіны, з памежпераходамі, каб нас прапусцілі. Мы плануем да сярэдзіны верасня ўсё гэта зрабіць – сабраць і падаць спісы.

У нас ёсць старонка ў Фэйсбуку, ёсць старонка ў Інстаграме, тэлеграм-канал ёсць. Нумары тэлефонаў там усе ёсць. І ёсць яшчэ гугл-форма, якую таксама можна запоўніць, і потым мы звяжамся самі з тымі, хто яе запоўніць.

Comments are closed.