Loading

У гадавіну пачатку паўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў  прасторы “Робім Разам” у Варшаве адкрылася выстава, дзе можна пабачыць фотаздымкі беларускіх добраахвотнікаў і валанцёраў, якія змагаюцца на фронце і дапамагаюць у тыле. Таксама ў экспазіцыі–сучасны вайсковы рыштунак і рэплікі ўзбраення.

фота: радыё Ўнэт

Удзел у мерапрыемстве ўзялі ваяры, якія зараз змагаюцца з расійскімі захопнікамі ва Украіне, валанцёры з Беларусі і Украіны. Кіраўніца ўкраінскага дабрачыннага фонду “Міратворац Украіны” Валянціна Паланчэўска працуе з беларусамі з 2020 году, а зараз  дапамагае і беларускім ваярам.

“Мы ўвогуле дапамагаем усім вайскоўцам, якія прыязджаюць да нас змагацца за нашу Незалежнасць. Мы з беларусамі ўжо даўно супрацоўнічаем. Калі пачыналася ў іх рэвалюцыя, мы актыўна дапамагалі ўсім, каму патрэбна было выехаць з Беларусі. Дапамагалі, хто чым можа – прадуктамі, рассяленнем. А калі распачалася вайна, для нас ужо няма розніцы, гэта наш батальён ці не наш батальён. Людзі аддаюць свае жыцці за нашую Незалежнасць і, калі нас запрасілі сюды, мы з задавальненнем прыехалі, распавесці як змагацца. У нас ужо ёсць досвед, тым больш, што мы ўжо дзесяць год змагаемся за сваю свабоду”.

фота: радыё Ўнэт

Спадарыня Валянціна сама была ў складзе Узброеных Сіл Украіны і сама добра ведае, як складана байцам на лініі судакранання. Цяжар гэты непараўнальны з тым, што адчуваюць людзі за лініяй фронту, ў тыле баявых дзеянняў. Менавіта таму, па яе словах, у валанцёраў няма аніякай стомленасці, толькі жаданне ісці наперад і дапамагаць войску да поўнай перамогі ў гэтай вайне.

“Калі вельмі цяжка і здаецца, што ўжо сілаў няма – вось гэта той пераломны момант, калі барацьба павінна быць працягнута і гэта значыць, што мы ідзем правільным шляхам. Стомленыя толькі тыя, хто недатычны да гэтай вайны. А ў нас такога няма, каб мы стаміліся і нам цяжка. Вось у гэты самы момант, калі вы адчуваеце, што надакучыла, не можаце – уставайце, рабіце, а калі ўжо не можаце – кладзіцесяў бок перамогі”.

фота: Радыё Ўнэт

Валанцёры заклікаюць працягваць дапамогу войскам, але раяць пытаць саміх вайскоўцаў, што ім  патрэбна, альбо наўпрост данаціць абаронцам на фронце, бо яны лепш за ўсіх ведаюць, што набыць для кожнага байца альбо для падраздзялення.

Comments are closed.