Loading

Беларускі хаб “Сустрэча”, які працуе ва Украіне, у мінулыя выходныя здзейсніў дабрачынны візіт у адзін з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу на Чарнігаўшчыне. Беларусы прывезлі салодкія падарункі і мора станоўчых эмоцый. Разам з валанцёрамі на Чарнігаўшчыну ездзіў і наш украінскі карэспандэнт Андрусь Гаёвы. 

фота: радыё Ўнэт

Цэлую раніцу нядзелі мы разам з валанцёрамі беларускага хабу “Сустрэча” закупаліся рознымі прысмакамі ў кіеўскіх крамах. А яшчэ заязджалі ў крамы канцылярскіх тавараў, бо гэтым разам асноўнай мэтай паездкі да дзетак — было падараваць ім шчырыя стасункі і пазітыўныя эмоцыі. З мэтаў бяспекі не будзем называць населены пункт, у якім размешчаны дзіцячы дом, – бацькі баяцца наўмысных абстрэлаў сяла з расійскай тэрыторыі. Скажам толькі, што на пачатку паўнамаштабнага ўварвання расійцаў ва Украіну гэтае сяло трапіла пад акупацыю. І зайшлі ў яго расійскія захопнікі менавіта з тэрыторыі Беларусі. А яшчэ – гэта далёка не першы і не адзіны дзіцячы дом, з якім апошнім часам пасябравалі беларускія валанцёры з хабу “Сустрэча”. 

фота: радыё Ўнэт

Кіраўніца „Сустрэчы” Аліна Жаркевіч: „Дзеці – гэта наша будучыня. І ўкраінскія дзеці павінны ведаць, што беларусы – гэта не толькі рэжым Лукашэнкі, што беларусы, якія прыходзілі сюды, якіх яны бачылі, – гэта не ўся Беларусь. Таму так вось адбылося, што мы сюды прыехалі. Першы раз прывезлі дапамогу, таму што яна патрэбная. І паглядзелі, што гэтым дзецям не хапае адносінаў. І ўсё – і мы прыехалі сюды да іх. Яны ж бачыце, якія мілыя, яны нас любяць, яны ведаюць, што Беларусь – яна іншая і беларусы – не ўсе забойцы. Вось так мы тут і апынуліся. 

Гэта наш пяты, пяты, напэўна, ужо! украінскі дзіцячы дом. Адчуванні цудоўныя. Гэтыя дзеці нічым не адрозніваюцца ад беларускіх. Толькі тым, што яны бачылі больш бяды, больш болю. 

Калі мы першы раз сюды прыехалі і калі яны даведаліся, што мы беларусы, яны сказалі аб тым, што мы ведаем беларусаў, праз іх мы сядзелі два тыдні ў падвале. І таму я ведаю, што зараз так не будзе. Гэтыя дзеці ніколі не скажуць, што беларусы – забойцы. І гэтыя дзеці ніколі не скажуць, што беларусы прыйшлі сюды забіваць. Яны бачаць, што беларусы прыйшлі сюды яшчэ і дапамагаць.  

фота: радыё Ўнэт

Маці-выхавацелька дзіцячага дома сямейнага тыпу Алена Іванаўна распавяла, што беларускія госці ў доме ўжо ў другі раз. Спярша яны патрапілі да гэтых дзетак проста з гуманітарнай дапамогай. 

Гэтыя госці, якія сёння да нас прыехалі, гэта ўжо другі раз яны прыехалі. Першы раз яны прыязджалі, прывозілі нам падарункі для дзяцей – вельмі шмат прысмакаў, цацак. Сёння прыехалі таксама не з пустымі рукамі, за што мы ім вельмі ўдзячныя. Яны першы раз прыехалі да нас, пазнаёміліся і сказалі, што абавязкова вернуцца. Вось мы і чакалі іх і яны сёння прыехалі да нас. 

Ведаеце, зараз такі нялёгкі час, дзецям вельмі не хапае ўвагі. Увагі, мабыць, з нашага боку, бацькоў. У школе ёсць увага, але не настолькі, колькі ім хочацца. І ім вельмі падабаецца маляваць. Вельмі! Асабліва ручкамі – гэта вельмі класна! 

Беларусы заўжды былі нашымі братамі…

фота: радыё Ўнэт

На жаль, на гэтай фразе спадарыню Алену захлынулі эмоцыі і яна не змагла працягнуць свой аповед у мікрафон. Пазней сказала, што тая калона расійцаў, якая ў канцы лютага 2022 года заехала ў іхняе сяло з Беларусі, не можа сцерціся з памяці. Больш за месяц яны, баючыся за жыцці сваіх маленькіх выхаванцаў, сядзелі ў падвале дома з наглуха завешанымі вокнамі, а ад няспынных выбухаў і пралётаў снарадаў проста па-над дахам дзеці былі ўвесь час у стрэсе. Менавіта таму для гэтых дзетак асабліва важныя станоўчыя эмоцыі.  

Адзін з выхаванцаў – Макар, падзяліўся з намі сваімі ўражаннямі ад стасункаў:

Малявалі рукамі, пэндзлікамі – танк, сэрцайка. Потым плесці будзем павука.  Да нас прыехалі беларусы. Другі раз ужо яны тут. Я думаў, што беларусы – гэта за рускіх. Я знаю, што беларусы за нас, за Украіну. Тады пераможа Украіна і беларусы. А Расія хай памірае!” 

фота: радыё Ўнэт

Ці не асноўная натхняльніца творчай часткі – Аляксандра, валанцёрка, якая спецыяльна дзеля гэтай паездкі прыехала ва Украіну з Нямеччыны, куды раней рэлакавалася са свайго роднага Гомеля.  

Дагэтуль неяк спрабавала дапамагаць Украіне. То бок, самае першае, што табе прыходзіць у галаву – гэта нейкія данаты. Але ты хутка разумееш, што табе хочацца больш разумець, як гэтыя данаты потым выкарыстоўваюцца. Табе хочацца ўсё бліжэй і бліжэй да гэтага быць. І наступны крок быў, што я пачала дапамагаць замаўляць нейкія рэчы, таксама ў хаб, якія потым напрамую перадаваліся вайскоўцам. І потым вельмі хацелася пабачыць, як яно насамрэч выглядае. І знайшла гэты хаб, напісала ім, мы дамовіліся і я прыехала вось сюды. „

А ўвечары і беларускія госці і ўся вялікая сям’я дзіцячага дому сямейнага тыпу лупіла цэлае вядро бульбы, якую прывезлі госці, потым усе разам дралі тую бульбу і гатавалі сапраўдныя беларускія дранікі.

Усё ж, як непасрэдны ўдзельнік падзеі магу засведчыць, што не толькі Макар, але нават і пяцігадовы Эміль з прозвішчам па сваіх біялагічных бацьках Нацык (ён так усім і прадстаўляецца) ды іншыя маленькія ўкраінцы, якія перажылі расійскую акупацыю, запомнілі, што беларусы – з імі. А Эміль нават прызнаўся нам у любові: 

– А хто сёння да вас прыехаў, ведаеш?

– Беларусы! 

– І што вы з імі рабілі? 

– Гулялі, малявалі. Чысцілі бульбу. Есці мы будзем! Усё, пакуль! Цалую. Люблю!

 

Паслухаць рэпартаж можна ў плэеры ніжэй:

 

 

Comments are closed.