Loading

У чэрвені Міжнародная арганізацыя працы (МАП) на сваёй чарговай канферэнцыі разглядала сітуацыю з правамі працоўных у Беларусі. Асноўная ўвага была нададзена магчымасці рэалізацыі права на свабоду аб’яднання ў прафесійныя саюзы. У выніку ўдзельнікі канферэнцыі прыйшлі да высновы, што гэтае права ўлады Беларусі сістэмна парушаюць. Зараз у зняволенні знаходзяцца лідары асноўных незалежных прафсаюзаў. У выніку разгляду беларускай сітуацыі МАП прыняла рашэнне ўжыць артыкул 33 Статуту. Гэта адбылося другі раз за гісторыю арганізацыі. Першы раз гэты артыкул ужываўся да ваеннай хунты ў М’янме.

Днямі ініцыятыва Рабочы рух абвясціла пра збор звестак аб сітуацыі з правамі працоўных у Беларусі для падрыхтоўкі новай справаздачы для Міжнароднай арганізацыі працы. Прадстаўнік Рабочага руху Юры Рававы распавёў нам, чым выклікана неабходнасць падрыхтоўкі гэтай справаздачы і якія звесткі цікавяць прадстаўнікоў працоўных.

— Мы разумеем, што зараз у Беларусі дыскрымінацыя адбываецца трохі іншым шляхам. Калі ФПБ раней не ведалі, як завабіць людзей у прафсаюзы і бралі ўсіх, то зараз да гэтага прывязалі грашовыя выплаты і не бяруць людзей у прафсаюзы. І такім чынам дыскрымінуюць тых, хто не знаходзіцца ў гэтым праўладным прафсаюзе. А незалежных, на жаль, ужо не існуе. І мы хочам адлюстраваць, што гэта тычыцца не нейкіх там асобных прадпрыемстваў і арганізацыяў, а што гэта рэспубліканская практыка.

Акрамя таго, канешне, мы будзем адлюстроўваць тое, што затрымліваюць і рэпрэсуюць далей прафсаюзных дзеячоў нават, нягледзячы на тое, што прафсаюзаў не існуе. І гэта толькі пачатак, насамрэч. Гэта азначае, што Беларусь у Міжнароднай арганізацыі працы будзе зараз разглядацца штогод. І менавіта для гэтага мы зноў збіраем дадзеныя аб тым, як выглядае сітуацыя ў працоўных у Беларусі за апошні год.

Людзі, з якімі мы звязваемся і маем кантакты ўжо не першы год, канешне далі нам дадзеныя для кантэксту, але мы разумеем, што нам патрэбны больш шырокі – рэспубліканскі кантэкст. Менавіта таму мы звярнуліся да людзей з просьбаю распавесці аб тым, што адбываецца ў іх арганізацыях і якія, можа там, па-свойму ўнікальныя формы ціску на людзей па прымусу ўступлення ў прафсаюз, альбо, калі людзей не пускаюць. Гэтыя дадзеныя нам патрэбныя.

Менавіта дзве крыніцы – тыя, з кім мы трымалі кантакт да гэтага і хто сябе асацыюе з Рабочым рухам, і менавіта простыя працоўныя, якія нават знаходзяцца ў гэтых праўладных прафсаюзах. Бо, на жаль, сітуацыя такая, што без гэтага немагчыма працаваць у арганізацыях, у якіх ёсць уплыў рэжыму. А, на жаль, такіх арганізацыяў зашмат.

Нам можна паведаміць пра тое, што адбываецца, якія формы дыскрымінацыі ёсць на вашым прадпрыемстве ці арганізацыі, праз нашу гугл-форму. Наконт бяспекі: мы зрабілі ўсё па-максімуму, і тая спасылка паказвае беларускаму правайдару толькі тое, што чалавек адкрывае нейкі гугл-дакумент. (Правайдар) не бачыць, што ён туды піша і які дакладна гэта дакумент.

Мы не збіраем адрасоў, мэйлаў людзей, якія пішуць нам. Не зусім абавязкова нам паведамляць аб тым, хто вы, але пажадана, калі вы ўжо знаходзіцеся ў бяспецы і выехалі з краіны. Такім чынам няма нават такой магчымасці памылкова атрымаць свае адказы на гэтую форму на ваш мэйл, калі вы там забудзецеся адну птушачку. Усё зроблена такім чынам, каб чалавек, які нам паведамляе з Беларусі, быў цалкам у бяспецы.

Comments are closed.