Loading

14 жніўня Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь сваім рашэннем ліквідаваў найстарэйшую палітычную партыю Беларусі – Партыю Беларускага народнага фронту. Гэта зроблена на пазоў Міністэрства юстыцыі, якое, паводле заканадаўчых новаўвядзенняў пасляпратэстных часоў, пачало праводзіць чарговую перарэгістрацыю палітычных партыяў. Партыя БНФ ад гэтай працэдуры адмовілася. Нагадваем, што старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў паводле палітычных абвінавачванняў з 12 красавіка 2021 года знаходзіцца ў зняволенні. Праваабарончай супольнасцю краіны ён вызнаны палітычным зняволеным. Пра тое, чаму Партыя БНФ вырашыла не ўдзельнічаць у перарэгістрацыі, як яна паставілася да рашэння пра ліквідацыю і што мяркуе рабіць далей, мы паразмаўлялі з часовым выканаўцам абавязкаў, намеснікам старшыні Партыі БНФ Вадзімам Саранчуковым.

— Трэба сказаць, што рашэнне аб скасаванні рэгістрацыі не было нечаканым. Ад самага пачатку, калі пачаўся працэс, ініцыяваны дзяржавай, па перарэгістрацыі партыяў, тыя нормы, якія ўводзіліся падчас гэтага працэсу, фактычна забаранялі дзейнасць палітычных партыяў.

Я не кажу нават пра фармальныя прыкметы, кшталту офісаў і спісавага складу, што, безумоўна, недапушчальна, але таксама і розныя іншыя нормы. Кшталту таго, што партыі ў сваёй дзейнасці павінны кіравацца рашэннямі і нормамі, якія прынятыя Усебеларускім народным сходам. Фактычна, у Беларусі забараняецца дзейнасць любых палітычных арганізацыяў, якія ставяць на мэту трансляцыю і данясенне думак грамадзян. Таму наша палітычнае рашэнне было супрацьстаяць гэтаму, працівіцца, і, адпаведна, падаваць дакументы на такую перарэгістрацыю мы не згодныя.

На самой справе гэта глупства – змагацца з ідэямі, з ідэалогіяй праз нейкія забароны. Тыя працэсы, якія пачыналіся з нашай дапамогай яшчэ 30 гадоў таму, яны незваротныя. Яны сталі мэйнстрымам для большасці грамадзянаў, і 2020 год гэта лішні раз пацвердзіў. Тыя ідэалы, і праграмныя, і ідэйныя – як то незалежнасць Беларусі, еўрапейскі выбар, свабода і дэмакратыя, яны сталі асноўнымі для большасці беларускіх грамадзянаў.

То бок, скасаванне юрыдычнага статусу не прыводзіць да ліквідацыі людзей. А ўлезці людзям у галаву і забараніць ім думаць – гэта немагчыма. Таму я гляджу ў будучыню хутчэй з аптымізмам, і абсалютна перакананы, што такога кшталту фармальныя рашэнні ні ў дачыненні да нашай партыі, ні ў дачыненні да іншых партыяў, якія былі ці яшчэ будуць ліквідаваныя, ні ў дачыненні да незалежнай журналістыкі, ні праваабаронцаў, ні грамадскіх аб’яднанняў – забараніць ідэі праз такія гвалтоўныя метады немагчыма.

Нельга казаць, што зараз нешта катастрафічнае здарылася. Так, мы зараз ад імя партыі не можам вылучаць кандыдатаў у электаральныя кампаніі ці афіцыйна займацца назіраннем. Але, зноў жа, паўтаруся – гэта формы, методыка, але перашкодзіць людзям верыць у свае ідэалы – гэта немагчыма.

Людзі ж нікуды не дзяюцца. Хай у нас будуць нейкія іншыя арганізацыйныя формы. Называцца афіцыйна на тэрыторыі Беларусі ад імя Партыі БНФ будзе нельга, бо гэта аўтаматычна трапляе пад забарону, як дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Але ёсць шмат якія іншыя формы дзейнасці і працы. Таму перакананы, што нічога не спынена і нічога яшчэ не скончана.

Тым партыйцам, якія зараз у Беларусі я параіў бы не забывацца на ўласную бяспеку, прытрымлівацца лічбавай гігіены, падтрымліваць сувязі са сваімі аднадумцамі і не губляць веру ў будучыню.

Цалкам размову з Вадзімам Саранчуковым слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.