Tag

Світанак свабоды-падкаст

Browsing

Падчас візіту прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі ва Украіну асаблівая ўвага была нададзена сустрэчам з дэпутатамі Вярхоўнай Рады. Ва ўкраінскім парламенце ўжо некалькі год працуе дэпутацкая група «За дэмакратычную Беларусь». Прычым менавіта ў Вярхоўнай Радзе Украіны такая група з’явілася адной з першых. Пра тое, як наладжваецца супраца з украінскімі парламентарыямі, а таксама як увогуле прасоўваецца міжпарламенцкае супрацоўніцтва дэпутатаў, якія зацікаўленыя ў змене сітуацыі ў Беларусі, мы паразмаўлялі з дарадцам Офісу Святланы Ціханоўскай ў канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкай супрацы Анатолем Лябедзькам.

Беларусам, якія за апошнія гады апынуліся ў замежжы, варта браць прыклад з папярэдніх хваляў беларускай эміграцыі. Дыяспара ХХ стагоддзя не разлічвала на замежную дапамогу ці гранты, а дзейнічала, абапіраючыся на ўласныя сілы. Такая думка прагучала ў Беластоку ад гісторыка Алеся Кіркевіча, які выступіў з лекцыяй «Беларуская эміграцыя: гісторыя і сучаснасць» у беластоцкім хабе «Новая зямля».

Цягам мінулага тыдня ва Украіне з візітам знаходзілася дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сіл. Украіну наведалі прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі і дарадца Офісу Святланы Ціханоўскай у міжпарламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька. Таксама з гэтага візіту распачаў сваю працу ва Украіне кіраўнік прадстаўніцтва беларускіх дэмсілаў Генадзь Манько. У канцы тыдня адбылася сустрэча з беларусамі, якія жывуць ва Украіне.

Пакуль у Літве сітуацыя для беларусаў пагаршаецца, у Польшчы адзначаецца вельмі добрая статыстыка па легалізацыі беларусаў. 99% рашэнняў па розных відах легалізацыі – пазітыўныя. Аб гэтым падчас размовы з журналістамі распавяла кіраўніца аддзелу юрыдычнай дапамогі Цэнтра Беларускай Салідарнасці ў Варшаве Вольга Дабравольская. Па яе словах, у Польшчы па-ранейшаму выдаюць вельмі мала статусаў уцекачоў. За ўвесь час было дадзена амаль 6000 статусаў дадатковай абароны і ўсяго 414 статусаў уцекачоў. 

Няма добрых навін аб палітзняволеным журналісце і дзеячы польскай меншасці Анджэе Пачобуце, які асуджаны на восем гадоў калоніі па сфальшаванай справе. Таксама ў ня лепшых варунках знаходзіцца ўся польскай меншасці ў Беларусі. Пра ўсё гэта распавядалі на чарговай штомесячнай акцыі салідарнасці ў Беластоку. Аб мерапрыемстве – у рэпартажы нашага беластоцкага карэспандэнта Уладзіміра Лапцэвіча.

Буча – горад-герой, які стаў сімвалам нялюдства расійскіх акупантаў, якія ажыццявілі паўнамаштабнае ўварванне ва Украіну ў лютым 2022 года. І зайшлі захопнікі ў горад і ягоныя наваколлі менавіта з Беларусі, тэрыторыю якой самаабвешчаны рэжым Лукашэнкі, які гвалтам утрымлівае ўладу, надаў для ажыццяўлення агрэсіі. І вось зараз Дабрачынны фонд «Вільна Білорусь» арганізаваў менавіта ў Бучы выставу «З Украінай у сэрцы». Урачыстае адкрыццё якой адбылося ў мінулую сераду, калі ва Украіне адзначаўся Дзень дзяржаўнага сцяга, напярэдадні Дня незалежнасці.

23 жніўня ў Цвярской вобласці Расіі адбылася авіякатастрофа прыватнага самалёта, у якім паводле інфармацыі розных крыніц знаходзіўся кіраўнік прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер» Яўгеній Прыгожын, а таксама непасрэдны камандзір ПВК «Вагнер» Дзмітрый Уткін – той самы «Вагнер», пазыўны якога даў назву кампаніі. 24 жніўня расійскія крыніцы пацвердзілі, што целы Прыгожына і Уткіна ідэнтыфікаваныя сярод загінулых. А два месяцы таму, пасля няўдалага мецяжа вагнераўцаў і спробы паходу на Маскву са згоды Пуціна і нібы на запрашэнне Лукашэнкі частка вагнераўцаў, у тым ліку і сам Прыгожын, аселі ў Беларусі. Многія суседзі Беларусі ўспрынялі гэта як пагрозу іхняй бяспецы. Тым больш, што на адной з сустрэчаў з Пуціным сам Лукашэнка заявіў, што вагнераўцы хочуць, як ён сказаў, з’ездзіць на экскурсію ў Варшаву і Жэшуў. Пра тое, як смерць кіраўніка «Вагнера» змяняе расклад у нашым рэгіёне і як можа паўплываць на становішча Лукашэнкі, а таксама пра магчымыя далейшыя сцэнары падзеяў мы паразмаўлялі з палітычным аглядальнікам праекту «Позірк» Аляксандрам Класкоўкім.

Адну з самых шматколькасных беларускіх партыяў, якія былі ў апазіцыі фактычнай уладзе Беларусі, так званы Вярхоўны суд 15 жніўня ліквідаваў сваім рашэннем, прынятым на пазоў Міністэрства юстыцыі. Фармальнай падставай ліквідацыі партыі ўладаахоўныя органы назвалі тое, што партыя нібыта не прайшла чарговую, прыдуманую лукашэнкаўскімі чыноўнікамі, перарэгістрацыю. Што насамрэч уяўляла сабой гэтай перарэгістрацыя і як у партыі адрэагавалі на рашэнне пра ліквідацыю мы абмеркавалі з часовым выканаўцам абавязкаў яе старшыні Уладзімірам Шанцавым.

Праз паўгады, 25 лютага, рэжым Лукашэнкі плануе правесці выбары ў парламент, і адначасова на гэты ж перыяд прапанаваныя выбары ў Каардынацыйную раду. То бок пытанне выбараў для беларусаў, дзе б яны ні знаходзіліся, стаіць востра. Канешне, гэтыя запланаваныя выбары сур’ёзна адрозніваюцца: тыя праводзіць Лукашэнка, гэтыя – дэмакратычныя сілы, прынамсі некаторая іх частка, але ёсць і падабенства. Як Лукашэнка фактычна забараніў беларусам замежжа галасаваць, так і некаторыя прадстаўнікі дэмсілаў выступаюць за тое, каб выбары ў Каардынацыйную раду праходзілі толькі сярод беларусаў замежжа.

У Кіеве адбылася закрытая сустрэча прадстаўнікоў усіх беларускіх падраздзяленняў, якія ваююць у складзе Узброеных Сілаў Украіны, а таксама беларускіх парамілітарных і валанцёрскіх арганізацыяў. Асноўная мэта сустрэчы – акрэсліць існуючыя праблемы і шляхі іх вырашэння і наладзіць далейшую супрацу. Пра тое як праходзіла сустрэча распавёў адзін з яе ініцыятараў, прадстаўнік Асацыяцыі беларускіх дабраахвотнікаў Андрэй Кушняроў.