Буча – горад-герой, які стаў сімвалам нялюдства расійскіх акупантаў, якія ажыццявілі паўнамаштабнае ўварванне ва Украіну ў лютым 2022 года. І зайшлі захопнікі ў горад і ягоныя наваколлі менавіта з Беларусі, тэрыторыю якой самаабвешчаны рэжым Лукашэнкі, які гвалтам утрымлівае ўладу, надаў для ажыццяўлення агрэсіі. І вось зараз Дабрачынны фонд «Вільна Білорусь» арганізаваў менавіта ў Бучы выставу «З Украінай у сэрцы». Урачыстае адкрыццё якой адбылося ў мінулую сераду, калі ва Украіне адзначаўся Дзень дзяржаўнага сцяга, напярэдадні Дня незалежнасці.
Адкрылася выстава ў памяшканні Бучанскай раённай дзяржаўнай адміністрацыі. Адкрываючы выставу, кіраўнік Дабрачыннага фонду «Вільна Білорусь» Аляксей Францкевіч адзначыў, што яна ўжо дэманстравалася жыхарам Львова, Кіева, Дняпра, Запарожжа, Адэсы, а таксама ў Вільні і Варшаве. І пасля такога падарожжа дасталася Бучы, з якой фонд «Вільна Білорусь» звязвае даўняя супраца – сюды фонд шматкроць дастаўляў гуманітарную дапамогу, тут ужо створаны музей «Вільна Білорусь», прысвечаны беларускім героям, якія аддаюць ва Украіне свае жыцці за свабоду і Украіны, і Беларусі. І за дапамогу ў яго арганізацыі Аляксей Францкевіч шчыра падзякаваў уладам горада.
А тых, хто прыйшоў на ўрачыстае адкрыццё выставы, прывітаў кіраўнік Бучанскай раённай вайсковай адміністрацыі Даныла Маўлянаў. Пазней у інтэрв’ю нашаму радыё кіраўнік вайсковай адміністрацыі Бучанскага раёну адзначыў, што, нягледзячы на тое, што афіцыйны рэжым Беларусі здрадзіў украінцам, стаўленне жыхароў Бучанскага раёна да беларусаў не змянілася, і яны дакладна адрозніваюць беларусаў і лукашыстаў.
— Мы павінны з разуменнем ставіцца да сітуацыі. Ёсць вельмі шмат хлопцаў, беларусаў, якія ваююць зараз, якія ўжо паклалі жыцці за нашу краіну. І мы павінны быць ім удзячныя за гэта. Бо вельмі шмат людзей – беларусаў, і ёсць такія, на жаль, і ўкраінцы, якія не разумеюць, што адбываецца, і што гэта вайна на выжыванне нацыі. Гэта вайна не сітуацыйная ці нейкая яшчэ, гэта вайна за выжыванне Украіны як нацыі.
Таму мы мусім быць удзячныя беларусам, называць іх імёнамі нашыя вуліцы, нашыя паркі. Бо яны кладуць свае жыцці за нашу свабоду. І нашы людзі гэта разумеюць.
Яны падзяляюць. Яны дапамагаюць хлопцам, якія абараняюць нашу Украіну, яны гатовыя ўсё аддаць. І падзяляюць на тых лукашэнкаўскіх людзей, якія служаць рэжыму Пуціна. Нашы людзі з разуменнем да гэтага ставяцца.
Вайсковы капелан Анатолій Кушнірчук правёў падчас цырымоніі адкрыцця выставы сумесную малітву і прамовіў важныя словы.
Былі на адкрыцці выставы і прадстаўнікі грамадскай арганізацыі «Бучанська варта» – тае самай, якая з мясцовых жыхароў, узброеных літаральна за першыя гадзіны паўнамаштабнага ўварвання, арганізавала супраціў калонам акупантаў і затрымала іх прасоўванне да сталіцы – Кіева. Кіраўнік «Бучанської варты» Валадымыр Шчарбінін сказаў нам, што хоча, каб людзі ведалі праўду пра тое, што адбывалася ў Бучы ў першыя гадзіны і дні вялікай вайны.
— Мая арганізацыя ўстала, хлопцы ў Казарычах усталі – падарвалі там дамбу, каб разлілася вада. Танкі развярнуліся і пайшлі сюды. Пра тое, што будзе высаджвацца дэсант у Гастомелі, я дакладаў кіраўніцтву і паліцыі. У нас была нарада 22 чысла. Але яны не паслухалі мяне. Калі з ночы 24 чысла пачаў высаджвацца дэсант, у нас зброі не было. Я зброю атрымаў толькі 25 чысла, і мы адразу ўступілі ў бой з расійскімі дэсантнікамі, ліквідавалі карэгавальнікаў, ліквідавалі пару дэсантнікаў. Але потым уцяклі, бо на нас пачаў паляваць верталёт. Мы арганізаваліся, да нас далучыліся вайскоўцы. Шмат людзей было. Былі прадстаўнікі ГУРу, якія спрабавалі нешта рабіць, але потым пабачылі, якая сіла там сабралася, селі на машыны і ўцяклі. Уцяклі шмат людзей. Нам нічога не заставалася, як уступіць у бой з дэсантнай групай.
— Ці быў ва ўсім гэтым расійскім наступе нейкі беларускі след?
— Не! Не было. Потым я атрымаў інфармацыю, што былі беларусы ў складзе гэтай групы дэсантнікаў, якая ўварвалася ў нашу дзяржаву. Мне нават прынеслі копіі дакументаў загінулых там беларусаў. Але ў мяне гэтая інфармацыя не мела пацверджання, таму я яе не агучваю. Хаця, такая інфармацыя была. Я яе спраўджваю заўжды.
— У выніку таго, што адбылося, ведаючы, што Беларусь, як дзяржава, як рэжым Лукашэнкі, фактычна здрадзіла Украіне, як бучанцы і жыхары іншых населеных пунктаў раёну ставяцца да беларусаў увогуле?
— Мы ставімся – гэта родны народ! Мы ставімся да іх, як да братоў. Тое, што там уладу трымае дыктатар, як пляша пад дудку рашыстаў і пад Пуціным ляжыць, яму трэба ўтрымацца ва ўладзе, і яму нічога не застаецца, як толькі навесці там дыктатарскі рэжым. Увесь народ там супраць яго. Хаця, можа і ёсць лабісты гэтага Лукашэнкі. Але шмат маіх сваякоў жывуць у Беларусі, мой брат жыве ў Менску. Я камунікую з беларусамі. А стаўленне нармальнае. Хлопцы ваююць на нашым баку. Я шмат сустракаўся з хлопцамі. І мы атрымаем перамогу. Мы змагаемся за сваю зямлю і нам нічога больш не застаецца, як толькі ваяваць. Я зыходжу ў гэтага пытання.
Жонка аднаго з загінулых беларусаў – Вадзіма Шатрова з пазыўным «Папік» Таццяна ўпершыню наведала беларускую імпрэзу, прысвечаную нашым героям. Яна распавяла нам свае думкі пра выставу і пра свайго суджэнца.
— Гэта вельмі важна, каб людзі ведалі, што беларусы – гэта таксама людзі, якія нас абараняюць, і вялікая ім удзячнасць за гэта.
— Вы былі ў шлюбе з беларусам. Які ў яго быў светапогляд? Чаму ён ва Украіне, чаму ён пайшоў ваяваць?
— Ва Украіне ён ужо вельмі даўно. А ваяваць ён пайшоў, каб абараняць дзяцей – і сваіх дзяцей, і дзяцей Украіны.
Нам вельмі не хапае гэтага жыўчыка. Гэта было проста шыла ў адным месцы. Ён ніколі не сядзеў. Гэта проста быў жыўчык. І яму трэба было ваяваць. Ён не мог заставацца дома. Пачалася паўнамаштабка, і ён адразу сказаў: я дома сядзець не буду, трэба ісці і абараняць.
Ад імя Асацыяцыі беларускіх дабраахвотнікаў на адкрыцці выставы выступіў яе прадстаўнік Андрэй Кушняроў.
Яшчэ адзін беларускі ваяр Аляксандр Наўковіч з пазыўным «Лахвіч», адзначыў, што больш важнай зброяй, чым аўтаматы і Хаймарсы, з’яўляюцца нашыя мовы:
— Я адчуў боль, жаль і шмат негатыву. Таму што я ўзгадаў той час. Я бачыў па тэлеграм-каналах, у інтэрнэце, што тут адбывалася. На ўласныя вочы я пабачыў – 31 сакавіка акупацыя Бучы і Ірпеня скончылася, а 1 красавіка мы сюды заехалі. І я сустракаў тых людзей, якія перажылі акупацыю. У іх вачах было пытанне: як жыць далей?
Мне вельмі сумна, што людзі да гэтага часу, шмат хто, не пацвердзіў у сабе, што Расія – гэта вораг, што мова – гэта зброя. Размаўляць можна на любой мове. Але мы ведаем, што расійская мова – гэта акупацыйная мова. У той жа Беларусі не дзве дзяржаўныя мовы, а павінна быць адна. І мы прыйдзем да таго, што мова павінна быць адна.
Сённяшні дзень мяне вельмі расхістаў. Але барацьба працягваецца. Вельмі доўгі шлях мы ўжо прайшлі, а колькі яшчэ – мы не ведаем. Таму трэба трымацца да поўнай перамогі. Перамога будзе толькі тады, калі не будзе краіны-непаразумення, як РФ, альбо (іхняй) нацыі таксама – калі яна існуе, ёсць пагроза, што вайна будзе працягвацца. Мяне не задавальняе перамога па межах 1991 года. Мяне задавальняе толькі перамога тады, калі не будзе Расіі ні ў якім яе выглядзе.
Пасля сканчэння цырымоніі адкрыцця выставы ўдзельнікі наведалі музей змагання Бучы, у якім маецца і беларуская экспазіцыя з аднаіменнай назвай «Вільна Білорусь», а таксама мемарыял змагання Бучы з расійскімі захопнікамі з вялікім нацыянальным сцягам Украіны. Гэта сімвалічна, бо мерапрыемства адбывалася ў святочны Дзень дзяржаўнага сцяга, а якраз каля цяперашняга мемарыялу ў першыя дні паўнамаштабнага ўварвання расійцаў загінуў, абараняючы Бучу, беларус Ілля Хрэнаў з пазыўным Літвін. Сёння ягоным імём названая вуліца ў Бучы, якая якраз пачынаецца ад мемарыяльнага месца. Удзельнікі адкрыцця выставы ўсклалі кветкі да мемарыяльнага знака, прысвечанага 33 дням акупацыі і супраціву, якія летась трымалася Буча.
Comments are closed.