Loading

Праз паўгады, 25 лютага, рэжым Лукашэнкі плануе правесці выбары ў парламент, і адначасова на гэты ж перыяд прапанаваныя выбары ў Каардынацыйную раду. То бок пытанне выбараў для беларусаў, дзе б яны ні знаходзіліся, стаіць востра. Канешне, гэтыя запланаваныя выбары сур’ёзна адрозніваюцца: тыя праводзіць Лукашэнка, гэтыя – дэмакратычныя сілы, прынамсі некаторая іх частка, але ёсць і падабенства. Як Лукашэнка фактычна забараніў беларусам замежжа галасаваць, так і некаторыя прадстаўнікі дэмсілаў выступаюць за тое, каб выбары ў Каардынацыйную раду праходзілі толькі сярод беларусаў замежжа.

Палітычны эксперт Дзмітрый Балкунец лічыць, што такая пастаноўка пытання вельмі небяспечная, бо яна ўносіць раскол у беларускае грамадства. Дарэчы, у спадара Дзмітрыя некалькі дзён таму выйшла відэа з падрабязным разборам працэдуры электроннага галасавання. Па яго словах, тэхнічныя магчымасці для правядзення выбараў як сярод беларусаў у эміграцыі, так і сярод беларусаў унутры Беларусі, ёсць. Больш за тое, гэта ўсё будзе бяспечна, а сам працэс ужо быў адпрацаваны ў шэрагу краін.

— Спадар Дзмітрый, вось у вас на ютуб канале выйшла гэтае відэа пра электроннае галасаванне. Вы там падрабязна прайшліся па асноўных пытаннях звязаных з такімі выбарамі. Скажыце, у чым актуальнасць узняцця дадзенага пытання для беларусаў менавіта зараз?

— Гэтая тэма была публічна агучаная год таму, у жніўні 2022 года. Мы прапрацавалі гэтае пытанне з камандай Форума Дэмакратычных Сіл. У абмеркаванні гэтай тэмы прымала ўдзел каля 50 чалавек з розных краін свету і аналізуючы розныя мадэлі таго, якім чынам фарміруецца ўрад у выгнанні і якім чынам можна ўплываць на розныя працэсы, мы ўбачылі, што з больш чым 70 прыкладаў дзейнасці ўрадаў у выгнанні, абсалютна ўсе яны былі абраныя. Нават у эміграцыі яны абіраліся і нідзе практычна не было гісторый неабраных урадаў. Таму мы пачалі аналізаваць магчымасці правядзення анлайн-галасавання, выкарыстання сучасных тэхналогій. Бо калі, напрыклад, абранне Сейма Польшчы напрыканцы сямідзесятых гадоў на эміграцыі праходзіла, відавочна, у папяровым выглядзе ў Лондане, былі выбарчыя ўчасткі, то тэхналогіі зараз памяняліся. Мы, прааналізаваўшы каля дзесяці розных платформ, знайшлі адну з гэтых платформ. Завецца Voatz, яна знаходзіцца ў ЗША і яна ўжо правяла 126 выбарчых кампаній. Тады мы прыйшлі да высновы, што гэта, мабыць, адна з нямногіх магчымасцяў, калі не адзіная магчымасць, правесці электроннае выбары для таго, каб усе грамадзяне Беларусі незалежна ад месца пражывання змаглі ў іх удзельнічаць. Такім чынам можна было б сфарміраваць абраны субʼект, які б прадстаўляў грамадзян Беларусі. І тады не было б пытанняў, хто каго прадстаўляе, і гэта была б гісторыя якраз кансалідацыі ўсіх дэмакратычных сіл і ўвогуле ўсіх грамадзян Беларусі, якія хацелі б нейкіх зменаў. Вось таму тое, што зараз гэтае відэа выйшла, гэта ні да якой даты не прымеркавана. Гэта проста працяг гэтай гісторыі. Відавочна, што тыя пытанні, якія зараз гучаць у беларусаў: каго прадстаўляе Каардынацыйная Рада, каго прадстаўляе Пераходны Кабінет – гэта пытанні, якія грамадзяне задаюць. Яны якраз звязаныя з не абранасцю структур. І вось ужо асобныя прадстаўнікі ў асобе Паўла Латушкі і Святланы Ціханоўскай заявілі, што плануюць у лютым наступнага года правесці выбары ў Каардынацыйную Раду. Пры гэтым яны, на мой погляд, цалкам адлюстроўваюць Аляксандра Лукашэнку. Лукашэнка забараніў грамадзянам галасаваць за межамі краіны. А Павел Латушка мяркуе, што грамадзяне, якія знаходзяцца ўнутры Беларусі, таксама не могуць галасаваць. Таму яны адзін аднаго дапаўняюць. Я лічу, што гэтая мадэль зʼяўляецца няправільнай, таму што гэта адсякае беларусаў ад вырашэння пытанняў і, падкрэсліваю, адзіная сёння магчымасць уплываць на працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі – гэта даць грамадзянам права голасу. Вярнуць ім права голасу. А анлайн галасаванне – усяго толькі тэхнічная магчымасць для гэтага.

— Зараз сітуацыя выглядае так, быццам страчваецца кантакт з беларусамі, якія засталіся ў краіне. Як прыцягнуць іх увагу да альтэрнатыўных выбараў у такіх варунках, калі яны альбо самі страчваюць інтарэс, альбо лукашэнкаўскія ўлады іх фактычна прымушаюць гэта рабіць?

— Вельмі правільнае пытанне, таму што якраз адсутнасць палітыкі і адсутнасць цікавасці з боку грамадзян да палітыкаў прыводзіць да таго, што рэйтынгі падаюць. Яны падаюць, бо з людзьмі ніхто не раіцца і структуры, якія між сабой высвятляюць нейкія дробныя адносіны, яны не цікавыя людзям. Калі мы вернемся ў беларускую апазіцыйную рэальнасць, напрыклад, у 2007 год, прачытаем пра тыя кангрэсы і форумы, якія праводзіліся ў той час, ці яшчэ раней, у 2001 год і нават у 1997 год, мы бачым усё тыя ж прозвішчы ў прэзідыуме. Гэтыя людзі засталіся і нічога не памянялася. І тыя ж скандалы. Грамадзянам Беларусі гэта не цікава. Гэтыя людзі, якія сёння там у прэзідыуме засядаюць, называючы сябе лідарамі апазіцыі, ніхто з іх не ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах. Наогул ніколі ні разу не вылучаўся. У 2020 годзе яны паспрабавалі ў праймерыз паўдзельнічаць. Некаторыя з іх настолькі былі нецікавыя публіцы, што ў раённых цэнтрах збіралі па 5-10 чалавек. Таму тут пытанне не пра лідарства. Пытанне аб тым, што трэба вярнуць людзям магчымасць удзельнічаць у палітыцы, каб грамадзяне Беларусі разумелі, за каго яны галасуюць, каго яны вылучаюць, якія праграмы ў гэтых людзей. За 3 гады Святлана Ціханоўская ніводнай праграмы не прадставіла, рэформаў, нічога не прадставіла, нічога няма. А таму гэта пытанне, падкрэсліваю, стварэння нейкага абранага субʼекта. Тады ўзнікне цікавасць да палітыкі, калі палітыкі змогуць нешта вырашаць. Ціханоўская знаходзіцца ў Літве, яна ніводнае пытанне ў Літве сёння вырашыць не ў стане. А якая можа быць цікавасць да фігуры, калі яна наогул ніводнае пытанне вырашыць не можа? Ні адно, нуль. Таму калі б яна была палітычным субʼектам, за які была б магчымасць зачапіцца і вырашаць нейкія пытанні: пытанні правоў беларусаў за мяжой, візавыя пытанні, пытанні абароны бізнесу, ну і шмат іншых пытанняў, якія непакояць нават эміграцыю, – гэта, канешне, выклікала б цікавасць. Ну а фотаздымкі калекцыянаваць… Гэта, падкрэсліваю, калі вернемся ў дзевяностыя, у двухтысячныя гады, шмат хто з палітыкаў сустракаўся і не адзін раз з прэзідэнтамі ЗША. Неаднаразова з многімі іншымі лідарамі. Гэта ні да чаго не прыводзіла. Бо людзі Беларусі не ўдзельнічаюць у гэтым працэсе. Я хачу такую гісторыю ўзгадаць, у снежні 2022 года я гэтае пытанне абмяркоўваў з Аляксандрам Дабравольскім у Румыніі на канферэнцыі і пазней мы з ім пра гэта дамаўляліся ў студзені 2023 года. Нават у жывым эфіры на Белсаце. І ён тады ў эфіры сказаў, што ўжо дамовіліся, што не трэба рабіць дзве выбарчыя кампаніі. Адну кампанію ў КР, другую вось якую мы прапанавалі мадэль. Значыць, усё будзе дамоўлена. Нічога не дамоўлена. Дабравольскі знік з гэтымі пытаннямі. Ён толькі, відаць, у эфіры пра гэта ўспамінае. Што да пазіцыі Паўла Латушкі, то я з ім пра гэта ў кастрычніку мінулага году гаварыў. Я з ім абмяркоўваў неабходнасць правядзення выбараў у Каардынацыйную Раду ці ў нейкую іншую інстанцыю, і, у тым ліку, на падставе гэтага павінна фармавацца кааліцыя ўрада. Павел Латушка мне тады сказаў, што нельга ніякія выбары праводзіць, бо ў іх будзе ўдзельнічаць менш за 50% выбаршчыкаў. Гэта значыць менш за 3,5 мільёна насельніцтва і таму выбары праводзіць нельга. І тут ужо вось напярэдадні, два тыдні таму, Павел Латушка робіць заяву, што ён прапануе правесці выбары на эміграцыі. Калі тамака будзе ўдзельнічаць 500 чалавек, то гэта будзе добра. Ну, мабыць нешта ў чалавека змянілася.

— Ну гэта Дабравольскі і Латушка, а да самой Святланы Ціханоўскай ці да звязаных з ёй структураў наўпрост звярталіся з прапановамі па выбарах?

— Звярталіся да яе з гэтай прапановай. Больш за тое, звярталіся да яе прадстаўнікоў, у тым ліку да прадстаўніка Уладзіміра Аркадзьевіча Астапенкі, які знаходзіцца з Брусэлі, з просьбай пасадзейнічаць у правядзенні форума, на якім абмеркавалі б пытанні. У тым ліку фармаванне парламентарызму і правядзенні выбараў у субʼектны орган. Але нам было адмоўлена ў выдзяленні памяшкання ў Бруселі з боку Астапенкі. Я лічу, што гэта вось, відаць, пазіцыя Святланы Ціханоўскай. І я бачу, што зараз Ціханоўская практычна з Латушкам у адну гісторыю гуляюць. Яны прапануюць правесці выбары толькі на эміграцыі. Я падкрэсліваю, што гэта не пытанне кансалідацыі беларусаў. Бо жыхарам Рэчыцы і Оршы ці іншых, нават Мінска, гарадоў у Беларусі не цікава, па вялікім рахунку, што там робіць эміграцыя. Для таго, каб памяняць сітуацыю ў краіне, трэба паказаць грамадзянам Беларусі настроі ўнутры грамадства.

Пры гэтым, спадар Дзмітрый падкрэслівае, што выбары мусяць праводзіць кампаніі, якія маюць адпаведныя сертыфікаты, досвед і прызнанне іншымі краінамі. Таксама, па словах Дзмітрыя Балкунца, кампанія, якая мусіць праводзіць выбары не можа быць звязаная з існуючымі палітычнымі структурамі. Падсумоўваючы, ён адзначыў, што існуючая зараз платформа «Голас» не падыходзіць для правядзення такіх выбараў, а можа ўдзельнічаць толькі ў якасці назіральніка.

Поўную версію размовы слухайце ў прэеры ніжэй.

Comments are closed.