Loading

23 жніўня ў Цвярской вобласці Расіі адбылася авіякатастрофа прыватнага самалёта, у якім паводле інфармацыі розных крыніц знаходзіўся кіраўнік прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер» Яўгеній Прыгожын, а таксама непасрэдны камандзір ПВК «Вагнер» Дзмітрый Уткін – той самы «Вагнер», пазыўны якога даў назву кампаніі. 24 жніўня расійскія крыніцы пацвердзілі, што целы Прыгожына і Уткіна ідэнтыфікаваныя сярод загінулых. А два месяцы таму, пасля няўдалага мецяжа вагнераўцаў і спробы паходу на Маскву са згоды Пуціна і нібы на запрашэнне Лукашэнкі частка вагнераўцаў, у тым ліку і сам Прыгожын, аселі ў Беларусі. Многія суседзі Беларусі ўспрынялі гэта як пагрозу іхняй бяспецы. Тым больш, што на адной з сустрэчаў з Пуціным сам Лукашэнка заявіў, што вагнераўцы хочуць, як ён сказаў, з’ездзіць на экскурсію ў Варшаву і Жэшуў. Пра тое, як смерць кіраўніка «Вагнера» змяняе расклад у нашым рэгіёне і як можа паўплываць на становішча Лукашэнкі, а таксама пра магчымыя далейшыя сцэнары падзеяў мы паразмаўлялі з палітычным аглядальнікам праекту «Позірк» Аляксандрам Класкоўкім.

— На мой погляд, гэтая пагроза («Вагнера») ад пачатку гіпербалізавалася, найперш, палітыкамі суседніх краін. Вядома, што вагнераўцы – гэта далёка не анёлы. Гэта небяспечныя людзі, у іх спецыфічны вельмі бэкграўнд: бязлітасныя і някепскія ваяры. Але ў гэтай сітуацыі, па-першае, іх было не так шмат, каб весці нейкія сур’ёзныя баявыя дзеянні, напрыклад, супраць Украіны, або краінаў НАТА. Іх раззброілі ў Расіі перад тым, як выпіхнуць у Беларусь.

Ну і ўрэшце, я сумняваюся, што і ў Прыгожына, і ў Лукашэнкі была нейкая моцная матывацыя ўлазіць у канфрантацыю з краінамі НАТА, ісці там на Варшаву ці на Жэшуў. Лукашэнка на гэты конт спачатку падгуляў рытарычна Пуціну, але потым забраў свае словы назад, як вядома, сказаў, што пажартаваў, калі навісла пагроза поўнага закрыцця мяжы.

Іншая рэч, што гэтая сітуацыя з Вагнерам стала такім момантам унутрыпалітычнай гульні ў Польшчы і ў Літве, найперш, на мой погляд. Таму што ў Польшчы ўжо ў кастрычніку выбары ў сейм, і там ідзе вострая барацьба, у Літве налета будуць і прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. І таму пэўным палітычным гульцам там выгадна засвяціцца ў кантэксце такога клопату пра бяспеку свайго электарату. Таму, я думаю, што гэты чыннік «Вагнера» выкарыстоўваўся і, напэўна, будзе яшчэ выкарыстоўвацца ва ўнутрыпалітычных мэтах.

Іншая рэч, што цяпер, па-першае, Лукашэнка можа скарыстацца сітуацыяй, каб трошкі зменшыць напружанасць у дачыненнях з суседзямі. Ён рытарычна пачаў ужо гэта рабіць: як вядома, нейкі час таму прагучалі ягоныя публічныя заявы, што вось, з палякамі трэба мірыцца, маўляў, «я прэм’еру Галоўчанку даў ужо такое даручэнне». Іншая рэч, што, напрыклад, Варшава патрабуе і вызвалення Анджэя Пачобута, і іншых палітвязняў, а гэта для Лукашэнкі вельмі моцны такі псіхалагічны бар’ер. Таму не факт, што ён надта ўжо будзе рассцілацца перад гэтымі «супастатамі» – усё ж-такі, ён у душы і палякаў, і літоўцаў, іх кіроўныя эліты, ва ўсякім разе, лічыць сваім ворагамі.

Таму не факт, што тут хутка зрушыцца гэтае пытанне. Аднак з іншага боку, я думаю, Лукашэнка будзе яшчэ больш актыўна церабіць і Пуціна, каб нешта рабіў з гэтым «Вагнерам» – альбо, як мінімум, грошы даваў на ягонае ўтрыманне, або, яшчэ лепей, забіраў да сябе.

І Лукашэнку, і Пуціну, з розных прычынаў, выгадна гэты «Вагнер» дэфрагментаваць. Таму што гэта – мяцежнікі. Пуцін ім не дараваў. Ён убачыў, што, калі гэта моцны ўдарны кулак, то можа з’явіцца на чале нейкі правадыр з палітычнымі амбіцыямі. А гэта недапушчальна з гледзішча Крамля. І таму, я думаю, што вагнераўцаў цяпер часткова пастараюцца перавесці на кантракт з Міністэрствам абароны, ці з Расгвардыяй, часткова адправяць да сваіх сем’яў. Пуцін яшчэ, як была сустрэча з камандзірамі «Вагнера» ў Крамлі, такую опцыю таксама абмаляваў, што «ідзіце, маўляў, хто хоча – вяртайцеся да цывільнага жыцця».

Ва ўсякім разе, я думаю, што іх распіхаюць там у Расіі па розных падраздзяленнях, перавядуць на кантракт і, хутчэй, што таксама кінуць на фронт, бо дадатковыя сілы там Крамлю патрэбныя. Ну і часткова, магчыма, іх накіруюць у Афрыку, але, зноў жа, ужо паводле кантракту з нейкімі іншымі вайсковымі ці ваенізаванымі фармаваннямі. Таму там – у Афрыцы, Крэмль таксама актыўна дзейнічае, і, наколькі мне вядома паводле нейкіх сімптомаў, адціскае вагнераўскія праекты там. Іншыя прыватныя вайсковыя кампаніі, падначаленыя Крамлю, актыўна дзейнічаюць. І, паводле аднае з версіяў, Прыгожын якраз быў у Афрыцы ў Малі за пару дзён да сваёй гібелі. І там ён змагаўся за тое, каб супрацьстаяць расійскаму Галоўнаму разведвальнаму ўпраўленню, то бок, крамлёўскім сілавікам, і не даць адціснуць свае бізнес-праекты ў Афрыцы.
Таму, я думаю, што вось такі лёс чакае ванераўцаў: іх фрагментуюць пакрысе.

Цалкам размову з палітычным аглядальнікам праекту «Позірк» Аляксандрам Клааскоўскім слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.