Пакуль у Літве сітуацыя для беларусаў пагаршаецца, у Польшчы адзначаецца вельмі добрая статыстыка па легалізацыі беларусаў. 99% рашэнняў па розных відах легалізацыі – пазітыўныя. Аб гэтым падчас размовы з журналістамі распавяла кіраўніца аддзелу юрыдычнай дапамогі Цэнтра Беларускай Салідарнасці ў Варшаве Вольга Дабравольская. Па яе словах, у Польшчы па-ранейшаму выдаюць вельмі мала статусаў уцекачоў. За ўвесь час было дадзена амаль 6000 статусаў дадатковай абароны і ўсяго 414 статусаў уцекачоў.
«Што да станоўчых рашэнняў, то іх па-ранейшаму 99%. За ўвесь час негатыўных рашэнняў было ўсяго 56. На дадзены момант мы іх абскарджваем. Цяпер адно з рашэнняў ужо вярнулася на другасны разгляд у іншую інстанцыю. Гэта значыць, што орган сам адмовіўся ад сваіх слоў, што грамадзянін Беларусі небяспечны для тэрыторыі Польшчы».
Спецыялісты ЦБС таксама адзначаюць, што колькасць Беларусаў у Польшчы працягвае хутка расці. Па словах Вольгі Дабравольскай, калі абапірацца на афіцыйныя дадзеныя польскіх уладаў, можна казаць, што за апошнія паўгады колькасць беларусаў у гэтай краіне вырасла ўдвая.
«Дзесьці паўгады таму мы казалі пра тое, што ў Польшчы ў прынцыпе знаходзяцца каля 150 тысяч беларусаў. На дадзены момант толькі вось візаў Polish Business Harbour было выдадзена 113 тысяч. Мы размаўлялі з прадстаўнікамі Міністэрства і яны ўжо гавораць пра такія лічбы, як 300 тысяч і вышэй. Гэтыя рапарты, яны тут абазначаюць колькі людзей знаходзяцца на падставе віз, колькі перасекла мяжу, у каго міжнародная абарона, хто атрымаў які від на жыхарства. Але чамусьці няма, вось, дакладнай лічбы, і я яе ўвесь час спрабую сабраць, ужо тры гады. Атрымліваецца, што недзе больш за 300.000 на дадзены момант».
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.