Loading

Адну з самых шматколькасных беларускіх партыяў, якія былі ў апазіцыі фактычнай уладзе Беларусі, так званы Вярхоўны суд 15 жніўня ліквідаваў сваім рашэннем, прынятым на пазоў Міністэрства юстыцыі. Фармальнай падставай ліквідацыі партыі ўладаахоўныя органы назвалі тое, што партыя нібыта не прайшла чарговую, прыдуманую лукашэнкаўскімі чыноўнікамі, перарэгістрацыю. Што насамрэч уяўляла сабой гэтай перарэгістрацыя і як у партыі адрэагавалі на рашэнне пра ліквідацыю мы абмеркавалі з часовым выканаўцам абавязкаў яе старшыні Уладзімірам Шанцавым.

— Ці спрабавала АГП прайсці гэтую перарэгістрацыю?

— Мы нават не спрабавалі гэтага рабіць. Мы раіліся з палітрадай Аб’яднанай грамадзянскай партыі і прыйшлі да высновы, што не варта гэтага рабіць. Неяк даўно распачалася раз’юшаная прапагандысцкая кампанія ў афіцыйных СМІ аб тым, што нібыта народу патрэбныя іншыя партыі, што гэта за партыя, у якой 1000 чалавек і гэтак далей і да таго падобнае.

І з гэтай нагоды выказваліся людзі, якія зусім далёкія ад партыяў і ніколі партыйным будаўніцтвам не займаліся. Яны нават правялі, калі я не памыляюся, 21 лістапада нейкі круглы стол, на якім абмеркавалі ўсе гэтыя праблемы, звязаныя з існаваннем палітычных партыяў. Але рэч у тым, што на тым круглым стале былі людзі не спрычыненыя, беспартыйныя, а, наколькі я ведаю, з зарэгістраваных апазіцыйных палітычных партыяў туды нікога не запрашалі.

Таму мы 21 студзеня вырашылі правесці свой круглы стол і запрасіць на гэты круглы стол прадстаўнікоў улады. Былі накіраваныя запрашэнні Давыдзьку, ён «дэпутат Палаты прадстаўнікоў», з «Савета рэспублікі» таксама было запрашэнне выслана чалавеку, які загадвае працэсам партыйным у гэтым органе, а таксама намесніку міністра юстыцыі спадару Кату таксама было адпраўлена запрашэнне, ён непасрэдна, як запісана на сайце, адказвае на партыі ў Міністэрстве юстыцыі. Каб яны прыйшлі да нас на круглы стол, каб нас не крыўдзілі такой няўвагай сваёй. Каб прыйшлі і мы абмеркавалі ўсе пытанні, звязаныя з партыйным будаўніцтвам і зменамі ў заканадаўстве, якія намячаліся.

Аднак, ніхто не прыйшоў. Мала таго, што яны не прыйшлі. Ніхто з іх нават не адказаў на запрашэнні. Маглі хаця б напісаць, што я не прыйду і гэтак далей. Ніхто не наважыўся нават адказаць. У тым ліку і намеснік міністра юстыцыі – нават не адказаў. Чым парушыў свае ж укладанні і дакументы пра тое, што трэба, усё ж, адказваць на лісты.

Мы без іх правялі гэты круглы стол, абмеркавалі і ўвогуле прыйшлі да згоды паміж зарэгістраванымі апазіцыйнымі партыямі, што мы на перыяд да выхаду новага закону і надалей будзем выступаць адзіным фронтам, каб супрацьстаяць гэтай дзяржаўнай машыне, у тым ліку і прапагандысцкай.

На жаль, у нас не атрымалася ўзгадніць цалкам адну лінію. Вось АГП і БНФ, я ведаю, увогуле вырашылі не падаваць дакументы на перарэгістрацыю. Таму што рашэнне аб перарэгістрацыі прымаў як бы незаконны парламент, які ніхто не абіраў, які прызначалі. А падпісваў гэты закон увогуле ўзурпатар, якога ніхто не абіраў і які называе сябе прэзідэнтам.

Таму мы проста вырашылі, што не будзем у гэтай справе ўдзельнічаць. Мы працуем паводле старога закону. Яны хочуць нешта зрабіць – яны ж усё роўна зробяць. Таму мы вырашылі ісці гэтым шляхам: дакументы ніякія на перарэгістрацыю мы не падавалі, на іхнія лісты надалей не рэагавалі.

Яны прапанавалі нам самаліквідавацца. А якое трасцы? Партыя стваралася паважанымі, вядомымі ў краіне людзьмі. І гэтыя людзі не хацелі, каб партыя ліквідоўвалася. І ўвогуле, у нас у партыі не было такога настрою, што мы мусім самаліквідавацца. У нас з’езд прайшоў 6 лістапада мінулага года. І ні ў каго не было гэтай думкі, што мы мусім самаліквідавацца.

Падыйшла, відаць, наша чарга. Паведамілі, што будзе суд, і Вярхоўны суд 15 чысла прыняў рашэнне пра нашу ліквідацыю. Але ў прынцыпе, вядома ж, я хачу сказаць, што гэта нічога не змяняе. Мы да гэтай справы рыхтаваліся, мы рыхтаваліся да таго, што трэба будзе працаваць у новых умовах. І мы намецілі што і як мы будзем рабіць.

Гэта тычыцца, найперш, арганізацыйных структураў. У нас у арганізацыйных структурах у кожнай вобласці склаліся свае напрамкі працы і гэтыя людзі працягваюць сваю дзейнасць. Але, на жаль, я апынуўся за мяжой, мяне проста выціснулі з краіны. Я проста не захацеў сядаць у турму проста так і з’ехаў.

І зараз мы займаемся стварэннем структураў Аб’яднанай грамадзянскай партыі за мяжой – у Літве, у Польшчы, ва Украіне. Я ўжо наведаў сам асабіста Украіну, Польшчу. Без мяне ўжо ездзяць людзі нашыя і ва Украіну, і ў Польшчу. І мы праводзім такую ж працу і ў Вільні. Таму, як было напісана ў заяве пасля нашай ліквідацыі: Аб’яднаная грамадзянская партыя была, ёсць і будзе! У часовых людзей сітуацыя горш. Яны часовыя людзі, яны былі, іх хутка забудуць. Усё будзе нармалёва!

Цалкам гутарку з Уладзімірам Шанцавы слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.