Loading

Падчас візіту прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі ва Украіну асаблівая ўвага была нададзена сустрэчам з дэпутатамі Вярхоўнай Рады. Ва ўкраінскім парламенце ўжо некалькі год працуе дэпутацкая група «За дэмакратычную Беларусь». Прычым менавіта ў Вярхоўнай Радзе Украіны такая група з’явілася адной з першых. Пра тое, як наладжваецца супраца з украінскімі парламентарыямі, а таксама як увогуле прасоўваецца міжпарламенцкае супрацоўніцтва дэпутатаў, якія зацікаўленыя ў змене сітуацыі ў Беларусі, мы паразмаўлялі з дарадцам Офісу Святланы Ціханоўскай ў канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкай супрацы Анатолем Лябедзькам.

— Парламенцкая група «За дэмакратычную Беларусь» ва ўкраінскім парламенце стварылася ці не адной з першых. Наколькі за гэты час развілася супраца з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, ці змяняўся склад гэтай групы і наколькі паўплывала вайна на гэтую супрацу?

— Група была створана ў 2020 годзе. Так, ужо ёсць «крэдытная гісторыя», ужо ёсць палітычны капітал. І якраз па змяненні складу групы мы можам казаць аб падвышэнні цікавасці да дэмакратычнай Беларусі. Напачатку яна была створана ў асноўным з прадстаўнікоў апазіцыйных фракцыяў. І гэта азначала, што Банкавая аддала пытанне дэмакратычнай Беларусі на водкуп апазіцыі.

Але ўвосень мінулага года ў групу «За дэмакратычную Беларусь» прыходзіць адразу восем прадстаўнікоў з фракцыі «Слуга народу». Больш таго, калі мы паглядзім на якасны склад, то сярод іх былі тры кіраўнікі дэлегацыяў Вярхоўнай Рады ў трох міжнародных парламенцкіх арганізацыях: Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, Парламенцкай асамблеі АБСЕ і Парламенцкай асамблеі НАТА. Гэта вельмі высокі статус людзей.

Плюс – з’яўляецца інстытут сустаршынства. Да Аляксея Ганчарэнкі, які быў стваральнікам групы і быў старшынём, дадаўся яшчэ адзін старшыня. Іх стала двое. І гэты другі старшыня (Вадзім Галайчук), як нескладана здагадацца, ад «Слугі народу». Гэта ў палітычным сэнсе азначала, што Банкавая падвысіла ўзровень цікавасці да дэмакратычнай Беларусі, і ад апазіцыі гэта перайшло да Вярхоўнай Рады, дзе ўжо большасць у «Слугі народу».

Таму так – за гэты час адбывалася ўзбуйненне групы і ўзмацненне за кошт таго, што яна стала групай усіх асноўных фракцыяў з актыўным удзелам «Слугі народу».

— А наколькі яны ўспрымаюць вашыя прапановы для рэалізацыі іх ужо ў заканадаўчых ініцыятывах?

— Што датычыць кантактаў, камунікацыі – яны на добрым узроўні. Гэта, як я кажу, гарачы, «чырвоны» тэлефон. Калі мне патрэбна, то я наўпрост звязваюся з Вадзімам і з Аляксеем, і яны, калі вольныя, адразу рэагуюць. Тут няма ніякіх пытанняў і праблемаў.

Што датычыць перспектываў вырашэння той ці іншай праблемы, то тут, канешне ж, не ўсё так проста. Бо група «За дэмакратычную Беларусь» – гэта больш за 20 дэпутатаў, а колькі іх усіх? Больш за 400.

Разам з тым вельмі важна, што ёсць такая група. У нас ёсць інструмент уплыву, хай і маленькі. Але ў любым выпадку наяўнасць такой групы дае магчымасць прасоўваць беларускі парадак дня. Усё астатняе залежыць тут ад многіх складнікаў. Калі ёсць такая група «За дэмакратычную Беларусь», то мы не паўстанем перад сітуацыяй, калі пагрукаемся там у дзверы гэтых дэпутатаў і скажам: «Мы па беларускай праблеме» і мы ўбачым выпучаныя вочы «А чаго вы прыйшлі да мяне?» Усё зразумела: прыйшлі таму, што вы ў групе «За дэмакратычную Беларусь», вы ўзялі на сябе пэўныя абавязкі, што вы, як мінімум, цікавіцеся беларускай праблематыкай і спрыяеце яе вырашэнню.

Таму, наяўнасць вось гэтай групы – гэта вельмі важны механізм, інструмент. Больш таго, зараз мы маем такія групы ўжо ў 21 нацыянальным парламенце. Мы 1 сакавіка стварылі Альянс групаў «За дэмакратычную Беларусь». Гэта азначае, што ‘яўляецца яшчэ дадатковая матывацыя, у тым ліку ўкраінскіх дэпутатаў, быць часткай гэтай супольнасці. Там і амерыканцы, там і канадцы, там і група з Сакартвэла, і з Малдовы. І ўкраінская група – адна з найбольш актыўных.

— То бок, ёсць яшчэ нейкія гарызантальныя сувязі паміж гэтымі групамі ўнутры гэтага альянсу?

— Безумоўна! 8 лістапада ў Берліне мы будзем збіраць кіраўнікоў і прадстаўнікоў групаў і якраз абменьвацца досведам. Таму што акрамя таго, што ёсць агульныя мэты і задачы – вярнуць Беларусь да дэмакратыі, спрыяць вырашэнню беларускай праблемы праз парламенцкі складнік, ёсць і нейкія спецыфічныя пытанні, якія можа вырашаць тая ці іншая група.

Ну, напрыклад, вось апошняя група, якая створана – гэта італьянскі парламент. І для мяне было проста нечаканасцю, што туды больш за 60 дэпутатаў увайшло. І там ёсць свая спецыфіка. Аказваецца, беларускі рэжым не падтрымлівае чарнобыльскія праграмы, якія звязаныя з аздараўленнем дзяцей у Італіі. Італія – гэта адна з краінаў, якая ўсе гэтыя дзесяцігоддзі працавала па гэтым файле. Ну, калі такая палітыка ідзе з Менску, то мы ім прапанавалі – пакуль яшчэ няма фідбэка, бо канікулы, але мы будзем прапаноўваць італьянскім парламентарыям, каб вось гэтую інфраструктуру выкарыстоўваць для аздараўлення дзяцей палітвязняў. Гэта, як прыклад, што ёсць нейкія спецыфічныя праекты з канкрэтнымі групамі.

Comments are closed.