Loading

У Кіеве адбылася закрытая сустрэча прадстаўнікоў усіх беларускіх падраздзяленняў, якія ваююць у складзе Узброеных Сілаў Украіны, а таксама беларускіх парамілітарных і валанцёрскіх арганізацыяў. Асноўная мэта сустрэчы – акрэсліць існуючыя праблемы і шляхі іх вырашэння і наладзіць далейшую супрацу. Пра тое як праходзіла сустрэча распавёў адзін з яе ініцыятараў, прадстаўнік Асацыяцыі беларускіх дабраахвотнікаў Андрэй Кушняроў.

— Гэта была канферэнцыя беларускіх мілітарных і парамілітарных арганізацыяў. Плюс – прысутнічалі валанцёрскія арганізацыі. Гэта была першая такая падзея за ўсе паўтара года паўнамаштабнай вайны, на якую сабраліся ваяры з усіх беларускіх дабраахвотніцкіх падраздзяленняў, якія зараз існуюць ва Украіне. У нас былі людзі з Беларускага дабраахвотніцкага корпуса, з беларускай 79-й роты ОДШБ, з батальёну «Волат», з батальёну «Ліцвін», з атраду «Атам». Ад 79-кі былі афіцыйныя прадстаўнікі, ад «Атаму» таксама. Ад астатніх былі проста ваяры адтуль. То бок, ёсць розніца – людзі проста прыйшлі, іх не ўпаўнаважвалі быць прадстаўнікамі, але яны нібы змагаюцца ў шэрагах.

У нас не было прадстаўнікоў штабоў нейкіх, гэта былі менавіта шэраговыя ваяры, якія змагаюцца на перадавой. І ўпершыню за ўсю гісторыю беларускага дабраахвотніцкага руху мы некалькі дзён сядзелі за адным сталом, ніхто ні з кім не пасварыўся. У нас была вельмі плённая дыскусія пра бягучыя праблемы ўсяго дабраахвотніцкага руху і пра тое, якімі спосабамі мы можам іх вырашаць.

У нас ёсць фінальная рэзалюцыя. Але, праз тое, што гэта першая сустрэча, то тут у нас больш заяваў пра намеры, пра тое, што неабходна правесці другую падобную сустрэчу. Прыйшлі да таго, што трэба арганізаваць агульны каардынацыйны цэнтр прадстаўнікоў беларускіх дабраахвотніцкіх падраздзяленняў, а таксама парамілітарных і валанцёрскіх арганізацыяў.

Акрамя гэтага мы дамовіліся наладзіць сацыяльную падтрымку байцоў і іх сем’яў. Гэта для нас зараз даволі важна, асабліва для мяне, як прадстаўніка Асацыяцыі беларускіх дабраахвотнікаў. Гэта наша сфера дзейнасці ў тым ліку. Дарэчы, у нас былі і прадстаўнікі фонду «Вільна Білорусь», і грамадзянскага аб’яднанна «Пагоня» ды іншыя валанцёры. Таму гэтае пытанне абмяркоўвалася ў нас амаль цэлы дзень. Мы таксама адведалі параненых тут у нас у лякарні.

Таксама мы дамовіліся, што, усё ж, неабходна правесці дабрачынны марафон для збору сродкаў, якія трэба накіраваць на дапамогу сем’ям загінулых беларускіх дабраахвотнікаў. Гэта патрэбная ініцыятыва.

Таксама ў нас была дамоўленасць пра тое, што неабходна наладзіць камуікацыю не толькі паміж самімі ваенізаванымі падраздзяленямі, але і паміж парамілітарнымі арганізацыямі на тэрыторыі Еўрасаюза і Украіны. Прадстаўнікі ад іх таксама прысутнічалі. Гэта «Паспалітае рушэнне», «Ліцвіны» з Літвы, вайскова-спартовы клуб «Бабон».

Мы размаўлялі пра тое, што трэба наладзіць супрацоўніцтва ў сферы забеспячэння дабраахвотнікаў матэрыяльна-тэхнічнымі сродкамі. У гэтым таксама ёсць праблема. Хаця, яна ёсць і ва ўкраінцаў, але над гэтым усе актыўна працуюць, пачынаючы ад Зяленскага. І ў нас у рамках вайны тыя самыя праблемы, што і ў рэшты УСУ.

Таксама мы палічылі патрэбным наладзіць працэс рэгулярнага інфармавання беларускай дыяспары пра дзейнасць усіх беларускіх дабраахвотніцкіх фармаванняў. Ёсць пэўная незразумеласць, што адбываецца канкрэтна ў гэтай сферы сярод беларусаў. Пра існаванне многіх беларускіх падраздзяленняў у нас проста не ведаюць людзі за межамі Украіны. Бо нават вялікія падраздзяленні засяроджаныя на вайне, а не на медыйнасці. У нас вельмі мала хто можа дазволіць сабе нармальную медыяслужбу паасобку. А ўсе разам мы – даволі вялікая колькасць людзей, якою мы зможам нармальна супрацоўнічаць са СМІ. Вось прыкладна такія ў нас вынікі. Гэта з таго, што мы вырашылі казаць адкрыта.

Цалкам размову з Андрэем Кушняровым слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.