Loading

Цягам мінулага тыдня ва Украіне з візітам знаходзілася дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сіл. Украіну наведалі прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі і дарадца Офісу Святланы Ціханоўскай у міжпарламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька. Таксама з гэтага візіту распачаў сваю працу ва Украіне кіраўнік прадстаўніцтва беларускіх дэмсілаў Генадзь Манько. У канцы тыдня адбылася сустрэча з беларусамі, якія жывуць ва Украіне.

Частка ахвочых патрапіць на сустрэчу прыйшлі ў месца яе правядзення ў Львове, тыя ж, хто не патрапіў у Львоў, далучыліся праз відэасувязь з Кіева. Адэсы і Чарнігава. На пачатку сустрэчы чальцы дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сілаў акрэслілі агульныя напрамкі, якія абмяркоўваліся падчас сустрэч ва Украіне і дасягнутыя вынікі.

У прыватнасці, Валер Кавалеўскі адзначыў, што гэтым разам змяніўся фармат сустрэчаў у парламенце.

«Тое, што мы сюды прыехалі, гэта не нейкая асаблівая паездка, з аднаго боку. Таму што гэта частка нашай пастаяннай працы па наладжванню адносінаў з Украінай. Гэта наш абсалютны знешнепалітычны прыярытэт, які тычыцца не толькі пытанняў знешняй палітыкі, але і таго, што адбываецца ў Беларусі. Гэта ўсё вельмі-вельмі цесна пераплеценае. Разам з тым, сама паездка таксама аказалася ў пэўным сэнсе асаблівай. Таму што гэта была такая першая сустрэча з парламентарыямі Украіны ў трохбаковым фармаце: былі беларусы, былі ўкраінцы, але таксама былі і прадстаўнікі еўрапейскіх парламентаў. Чым гэта каштоўна? Тым, што ў нас напрацаваны такі багаты досвед супрацы з еўрапейскімі краінамі. І з парламентамі, і з выканаўчай уладай. І мы спадзяемся, што гэты наш досвед таксама падмацуе ўпэўненасць украінскай улады ў тым, што з беларускімі дэмакратычнымі сіламі можна працаваць, што гэта бяспечна, што мы – надзейныя партнёры, што мы ведаем, што мы робім, куды мы хочам прыйсці ўсе разам.

І другі вельмі важны момант – тое, што фактычна аднаўляем мы сваю пастаянную прысутнасць ва Украіне. Місія дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве распачынае сваю працу. Генадзь Манько яе ўзначальвае. І гэта такі практычны крок, які быў абсалютна неабходным для таго, каб рабіць гэтую працу сур’ёзна і пастаянна».

У сваю чаргу Генадзь Манько распавёў тым, хто сабраўся пра сябе і тое, чым ён збіраецца займацца ва Украіне.

«Я быў прызначаны 6 жніўня ў Варшаве ў выніку канферэнцыі кіраўніком місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве. Задача стаіць шырокая. Вельмі важная. Глабальная. Таму што ацэньваем украінскі напрамак вельмі важным. Ёсць цэлы шэраг праблемаў, якія трэба вырашаць.

Я раней, з пачатку вайны мінулага года – з красавіка, займаўся збольшага дабраахвотнікамі. Спрабаваў там зразумець іхнія патрэбы, мець інфармацыю, камунікаваць з імі. Склаліся даволі нармалёвыя стасункі збольшага з Палком Каліноўскага. Хаця, сустракаўся з рознымі падраздзяленнямі. Знаёмы з людзьмі практычна з усіх падраздзяленняў.

Асноўны напрамак, вядома ж, гэта выбудаваць дачыненні з украінскай уладай. Зразумець, што мы можам, як мы можам. Мінулы год быў вельмі складаным, вельмі прахалодны ў дачыненнях. Неяк усе насцярожана ставіліся. Я думаю тыя, якія тут жывуць, усё гэта ведаеце. Краіна-суагрэсар – мы ўсё гэта пачулі-пабачылі. Мы разумеем, што вайна – гэта асаблівы момант.

На сённяшні дзень варункі змяніліся і нам паступаюць такія сігналы з украінскага «космасу», што сітуацыя зменьваецца ў станоўчы бок. Ёсць кантакты, ёсць праца. Яна вялася і летась – мы сустракаліся і з дэпутацкімі групамі, экспертнымі супольнасцямі. Але я ў закрытым фармаце быў. На сённяшні дзень шчыльна працуем, сустракаемся. Вось я заехаў толькі, гэта пачатак, першы тыдзень у нас практычна ўсе дні былі загружаныя зранку да вечара сустрэчамі. Мы прайшлі і дыпмісіі розных краінаў, якія знаходзяцца тут, і экспертныя супольнасці – розныя арганізацыі, якія спрабуюць кантактаваць, разумець і працаваць на ўзаемным кантакце Беларусь-Украіна.

Сустракаліся з дарадцам (Прэзідэнта Украіны) Міхайлам Падаляком. Я лічу, прайшла добрая гутарка, у якой шмат якія вострыя вуглы з мінулага непаразумення з ягонага боку былі прамоўленыя. Але нам на сённяшні дзень прадстаўнікі ўлады на розных узроўнях, і прадстаўнікі супольнасцяў дэманструюць гатоўнасць да працы».

Анатоль Лябедзька акцэнтаваў сваю ўвагу на дамоўленасці з дэпутатамі Вярхоўнай Рады пра маючыя адбыцца слуханні Каміэта ў міжнародных справах, прысвечаныя беларускім праблемам:

«У нас была асобная сустрэча з прадстаўнікамі групы «За дэмакратычную Беларусь», з дэпутатамі. І мы дамовіліся, што ўвосень можам планаваць і праводзіць слуханні па беларускай праблематыцы Камітэта ў міжнародных справах. Мы пачалі дыскусію, размову, што раней таксама былі сустрэчы з дэпутатамі, абмяркоўваліся праблемы, але яны не вырашаюцца.

Я проста хачу звярнуць вашу ўвагу, што Камітэт у міжнародных справах – гэта іншая якасць сітуацыі. Гэта – так скажам, бюракратызацыя, але яна з каэфіцыентам карыснага дзеяння. Гэта азначае, што вядзецца пратакол, ёсць парадак дня, паводле гэтага парадку запрашаюцца і прадстаўнік выканаўчай улады – як мінімум ці начальнікі ўпраўленняў ці намеснікі міністраў. І рашэнні, якія прымаюцца, яны фіксуюцца. Гэта ёсць, як план дзеянняў, юрыдычна замацаваны.

Таму ў нас ёсць магчымасць з тымі праблемамі, якія вы ведаеце, якія вы прагаворваеце, праз гэты механізм паспрабаваць правесці і замацаваць як юрыдычнае прававое рашэнне, якое яны абавязаныя будуць рэалізоўваць.

Па-другое, засталося ў сіле, і яшчэ раз Вадзім Галайчук, сустаршыня групы «За дэмакратычную Беларусь», пацвердзіў падчас нашых сустрэчаў і камунікацыяў, што яны, як два сустаршыні групы гатовыя сустракацца з беларусамі, якія прыйдуць, пажадана – гэта я ўжо дадаю ад сябе – з прапісанай праблематыкай і са спікерамі, якія вылучаныя для таго, каб данесці гэта да іх.

Што мы можам тут атрымаць вельмі практычнае? Яны, калі вы іх пераканаеце, што гэта важна, што гэта актуальна, то, што датычыць заканадаўчага ўзроўня – гэта іх кампетэнцыя – унесці змены ў закон. Тое, што адносіцца да кампетэнцыі ўрада, яны пакласці на свой афіцыйны бланк і паставіць паставіць там два подпісы – Галайчук і Ганчарэнка, і накіраваць ва ўрад. Калі гэта пішуць беларусы – ну, пры ўсёй павазе да нас з вамі, ідзе вайна і гэта могуць быць такія ваенныя адносіны: ну напісалі і напісалі. Калі гэта прыходзіць на афіцыйным бланку, за подпісамі дэпутатаў – проста паводле закону аб статусе народнага дэпутата, урад абавязаны рэагаваць. Гэта, усё ж-такі, іншыя адносіны».

Пасля ўдзельнікі сустрэчы маглі задаць прадстаўнікам дэмакратычных сілаў свае пытанні. У прыватнасці, людзі цікавіліся, ці існуе ва ўкраінскай улады нейкая стратэгія дзеянняў адносна Беларусі і беларусаў, якія жывуць ва Украіне. Валеру Кавалеўскаму ўдзельнікі не маглі не задаць пытанне пра так званы Пашпарт новай Беларусі, праблемамі прызнання якога зараз якраз займаецца Кавалеўскі. Беларусаў Украіны цікавіла ці будзе гэты дакумент дзейнічаць ва Украіне.

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні – слухайце ў поўнай версіі рэпартажу з сустрэчы прадстаўнікоў беларускіх дэмсілаў з беларусамі Украіны ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.