Tag

Світанак свабоды-падкаст

Browsing

Расійская прапаганда падае як міжканфесійны скандал, як ганенне на праваслаўную царкву тое, што ва Украіне ўлады разарвалі дамову арэнды памяшканняў нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка «Кіева-Пячэрская лаўра» з мясцовай філіяй Расійскай праваслаўнай царквы, якая, адчуваючы праблемы праз сваю назву, звязаную з Масквой, на фоне вайны змяніла гэтую назву, адкінуўшы ад яе ўдакладненне «Маскоўскага патрыярхату» і пакінула толькі назву «Украінская праваслаўная царква». Праз скасаванне дамовы арэнды прадстаўнікі УПЦ мусілі пакінуць памяшканні Кіева-Пячэрскай лаўры да 29 сакавіка. Але яны гэтага не зрабілі. 31 сакавіка, калі ў Лаўру паспрабавала трапіць адпаведная дзяржаўная камісія для ацэнкі і прыёмкі маёмасці, служкі УПЦ і шэраг прыхаджан пачалі чыніць перашкоды і не прапусцілі камісію на тэрыторыю нацыянальнага запаведніка. Паступова да Лаўры пачалі сцягвацца праўкраінскія людзі. Ужо які дзень запар на ўваходзе ў Лаўру доўжыцца супрацьстаянне прыхільнікаў афеляванай з Расіяй царквы і тых, хто супраць яе знаходжання ў старажытным святым месцы і ўвогуле ва Украіне. Апошнія скандуюць вокліч «Гэць маскоўскага папа!». Мы паразмаўлялі пра сітуацыю і тое, як яна выглядае для вонкавага назіральніка – як з Усходу, так і з Захаду, з украінскім палітолагам, дырэктарам Інстытута Сусветнай палітыкі Яўгенам Магдам.

У мястэчку Зэльва на Гарадзеншчыне знішчылі помнік Ларысе Геніюш – выбітнай беларускай паэтцы, якая, нягледзячы на рэпрэсіі, сталінскія лагеры, якія ёй давялося прайсці, так і не прыняла грамадзянства СССР. Хто знішчыў помнік і дзе ён зараз знаходзіцца – даведацца пакуль не ўдаецца. Пра тое, як гэты помнік у Зэльве з’явіўся і што вядома пра ягонае знікненне распавёў гарадзенскі краязнаўца, публіцыст і праваабаронца Уладзімір Хільмановіч.

30 сакавіка 1918 года сучасная беларуская мова ўпершыню стала адзінай дзяржаўнай. Такое рашэнне прыняў у той дзень Народны Сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі. Пра тое, чаму так адбылося і аб чым гэта сведчыла, радыё Ўнэт распавёў гісторык, кіраўнік варшаўскай суполкі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Яўген Дудкін.

Часопіс без цэнзуры і самацэнзуры – такім пазіцыянуе выданне «Мінкульт» яго выдавец, пісьменнік Сяргей Календа, які завітаў з Вільні ў Беласток спецыяльна на прэзентацыю. У сваю чаргу пісьменнік Алесь Аркуш называе часопіс легендарным.

Зрабіць Беларусь зноў ядзернай зонай, пры гэтым не зрабіўшы ядзернай дзяржавай – гэта агучаныя нядаўна Пуціным планы размяшчэння ў Беларусі расійскага тактычнага ядзернага ўзбраення і адна з асноўных тэм, якая вярнула нашу краіну ў зону ўвагі сусветных палітычных гульцоў. Колішні кіраўнік дэлегацыі Рэспублікі Беларусь на перамовах аб ядзерным раззбраенні, якія адбываліся ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя пасля абвяшчэння былымі савецкімі рэспублікамі незалежнасці, а цяпер каардынатар грамадзянскай ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў апублікаваў сваю заяву, у якой заклікае свет актывізаваць супрацьдзеянне намерам расійскага і беларускага дыктатараў. Мы абмеркавалі сітуацыю і ягоную заяву са спадаром Андрэем Саннікавым.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў пра тое, што ў Беларусі будзе размешчаная расійскай тактычная ядзерная зброя. Пры гэтым Пуцін сцвярджае, што гэта не будзе парушэннем дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі, паколькі кантралявацца гэтая зброя будзе Расіяй і гэтыя дзеянні такія самыя як размяшчэнне Злучанымі Штатамі Амерыкі сваёй ядзернай зброі на тэрыторыі такіх неядзерных дзяржаваў, як Нямеччына, Італія альбо Турэччына. Ці сапраўды такія намеры Расіі не парушаюць міжнародныя дамовы, навошта гэта Лукашэнку і якія могуць быць міжнародныя наступствы для Беларусі абмеркавалі з палітычным аглядальнікам Валерам Карбалевічам.

Дзвюм датам – 105 гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі і году правядзення ў Беластоку курсаў «Мова нанова» былі прысвечаны нядаўнія, дванаццатыя па ліку заняткі ў межах гэтага адукацыйнага праекта ў беластоцкім хабе «Новая зямля».

У касцёле св. Аляксандра ў Варшаве працягваюцца канцэрты беларускіх музыкантаў. Гэты праект аб’ядноўвае нашых выканаўцаў і кампазітараў, якія цяпер жывуць і працуюць у замежжы. Творчая ініцыятыва паўстала дзякуючы дапамозе ксяндза Вячаслава Барка.

Ва Украіне цэнтрам мерапрыемстваў, прымеркаваных да 105-х угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі стаў Львоў. На жаль, Украіна працягвае цяжкае, але мужнае змаганне за сваю волю і незалежнасць з вялічэзнаю расійскаю навалаю. І ў гэтым змаганні немалы і ўнёсак беларусаў, якія таксама змагаюцца на фронце. 37 беларусаў, на жаль, аддалі ў гэтым змаганні за волю свае жыцці. Менавіта ім прысвечаная фотавыстава з назваю «З Украінай у сэрцы», якая адкрылася 24 лютага ў Доме Ваяра ў Львове.

Акцыя з нагоды другой гадавіны зняволення беларускага журналіста, актывіста польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі Анджэя Пачобута прайшла 27 сакавіка ў Беластоку каля помніка святару Ежы Папялушку. Прысутныя на ёй прадстаўнікі польскіх арганізацый, беларускай дыяспары выказалі сваю салідарнасць з Пачобутам, а таксама з усімі палітычнымі зняволеннымі рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.