Дзвюм датам – 105 гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі і году правядзення ў Беластоку курсаў «Мова нанова» былі прысвечаны нядаўнія, дванаццатыя па ліку заняткі ў межах гэтага адукацыйнага праекта ў беластоцкім хабе «Новая зямля».
Тэмай святочных заняткаў, якія адбыліся 27 сакавіка, стала Беларуская Народная Рэспубліка, а дакладней, тры Устаўныя граматы, выданыя яе Радай. Паказваючы ўдзельнікам курсу выявы гэтых дакументаў, адна з вядучых, журналістка Марыя Грыц адзначала, што напісанне грамат адлюстроўвае тое, як пісалі ў часы, калі той беларускі правапіс яшчэ не быў да канца ўнармаваны. Таксама ў іх прысутнічае шмат русізмаў, украінізмаў і запазычанняў з іншых моў.
Журналістка і спявачка Кацярына Ваданосава напачатку проста наведвала курсы, калі яны яшчэ праводзіліся ў рэдакцыі выдання «Мост». Цяпер яна таксама вядзе іх.
«Сутнасць курсаў «Мова нанова» ў тым, каб людзі нязмушана, свабодна прыходзілі і вучыліся размаўляць па-беларуску. Бо зараз людзям, ды і мне таксама, бракуе, у першую чаргу, размовы, беларускай размовы. Мы можам колькі заўгодна замаўляць беларускую літаратуру, кніжкі, іх чытаць, але калі мы не будзем размаўляць паміж сабою, калі мы не будзем гутарыць, гаварыць, то наша мова застанецца ў пасіве. І нам трэба зрабіць так, каб людзі не саромеліся гаварыць па-беларуску. У гэтым і заключаецца сутнасць «Мовы нанова».
Мне вельмі пашанцавала, у мяне ёсць цудоўныя каляжанкі, і яны ў асноўным займаюцца лексічнай часткай. Таму што я хоць і выкладала ў школе беларускую мову і беларускую літаратуры, але па адукацыі я гісторык і не магу сказаць, што правілы, правапіс, тое, што ў першым складзе перад націскам «е», «ё» пераходзяць у «я», усе гэты рэчы мне вельмі блізкія, не. Мне гэта не вельмі блізка, я больш спецыялізуюся на беларускай літаратуры ці нейкіх тэмах, якія тычацца гісторыі Беларусі. Таму мы так не галосна часам размяркоўваем паміж сабой, што мае каляжанкі Юлія ці Марыя бяруць лексічную частку, а я бяру на сябе другую частку, якая тычыцца, можа быць, расстраляных паэтаў ці творчасці паўстанцаў 1863-1864 гадоў. Мы гэта ўсё разбіраем і на падставе ўсіх гэтых рэчаў, якія я, каюся, адбіраю па ўласнай волі і жаданні, мы робім нейкія заданні, кожны раз розныя», – распавяла Кацярына Ваданосава.
Святочныя заняткі «Мова нанова» пасля невялікага азнаямлення з правапісам ва ўстаўных граматах і гульняў з гледачамі, былі больш падобны на канцэрт. З песнямі выступілі Кацярына Ваданосава і Ігар Палынскі. Удзельнікі курсаў, якіх была поўная заля хаба, распавялі, што ім падабаецца ў «Мове нанова».
Поўны рэпартаж слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.