Loading

Ва Украіне цэнтрам мерапрыемстваў, прымеркаваных да 105-х угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі стаў Львоў. На жаль, Украіна працягвае цяжкае, але мужнае змаганне за сваю волю і незалежнасць з вялічэзнаю расійскаю навалаю. І ў гэтым змаганні немалы і ўнёсак беларусаў, якія таксама змагаюцца на фронце. 37 беларусаў, на жаль, аддалі ў гэтым змаганні за волю свае жыцці. Менавіта ім прысвечаная фотавыстава з назваю «З Украінай у сэрцы», якая адкрылася 24 лютага ў Доме Ваяра ў Львове.

Паўнамаштабная вайна, якая доўжыцца ва Украіне ўжо больш за год, не дае магчымасці зараз ладзіць ва Украіне нейкія святкаванні. Ды і, па-шчырасці, нагодаў для святкаванняў, па вялікім рахунку, пакуль не надта бачна. Менавіта таму ва Украіне для адзначэння 25 сакавіка быў абраны фармат фотавыставы пра беларусаў, якія аддалі свае жыцці ў жорсткай вайне за свабоду, варта казаць, усёй Еўропы.

У Львоўскім Доме ваяра, які дарэчы, з’яўляецца дзяржаўнай установай Львоўскай абласной рады, выстаўленыя партрэты ды фотаздымкі з мірнага жыцця ў Беларусі і з момантаў баёў і адпачынкаў між імі 15 беларусаў, якія загінулі ва Украіне, пачынаючы ад 2014 года. Экспазіцыя пачынаецца стэндам пра Героя Украіны Міхася Жызнеўскага. Тут і тыя, хто аддаў жыццё падчас актыўнай фазы вайны ў 2014-15 гадах, і тых, каго мы страцілі з пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022-га году.

Гаворыць арганізатар выставы, кіраўнік Дабрачыннага фонду «Вільна Білорусь» Аляксей Францкевіч:

«Фотавыстава «З Украінай у сэрцы» прысвечаная беларускім героям, якія аддалі сваё жыццё ў барацьбе супраць расійскіх агрэсараў. Я спадзяюся, што іх імёны ў будучыні будуць асацыяваць не толькі са свабодай і незалежнасцю Украіны, але і са свабодай і незалежнасцю Беларусі. Вельмі важна, каб сёння ўкраінцы ведалі, што ёсць беларусы, а ёсць лукашысты. Беларусы – гэта тыя, хто сёння тут робіць усё, каб перамагчы расійскую імперыю, каб потым зрабіць Беларусь вольнай, незалежнай краінай.

Таксама вельмі важна ўвекавечыць памяць герояў. Таму мы прынялі рашэнне, і на базе гэтай фотавыставы ва Украіне з’явіцца музей «Вольная Беларусь», дзе будуць прадстаўленыя экспанаты, інфармацыя аб усіх беларускіх героях, якія, пачынаючы з 2014 года, аддалі сваё жыццё за нашу будучыню, за будучыню нашых дзяцей».

Пачалася цырымонія адкрыцця з урачыстай імшы, якую зладзілі прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы Украіны, Украінскай грэка-каталіцкай і Украінскай рыма-каталіцкай цэркваў. Асноўнае казанне падчас малебну сказаў арцыбіскуп Драгобыцкі і Самбарскі Праваслаўнай Царквы Украіны ўладыка Якаў.

«Суседзі-недругі прыйшлі ў нашую зямлю. Прыйшлі, каб паланіць, захапіць Украіну. А мы бачым – ёсць добрыя суседзі, ёсць кепскія суседзі. Добрыя суседзі – тыя, якія адчуваюць, спачуваюць бядзе свайго сабрата. Брат, сват далёка можа быць, а сусед заўжды побач. І бачым мы з поўначы суседзяў, якія сёння – вы адкрылі гэтую выставу аб абароне беларусаў. Менавіта вы, спачувальным сваім сэрцам свайго беларускага народу падаяце руку Украіне. Тая рука, якая падаецца, яна шчодрая і шчырая, яна Богам дабраславёная. А тая рука, якая па тойбочны свет, якая цягнецца да Расіі, яна па локаць у крыві.

Мы – народ мірны, які любіць сваю краіну, любім суседзяў, любім, як бачыце, усіх – і ваяроў Беларусі, якія ёсць ва Украіне сёння, ваююць і бароняць, кладуць сваё жыццё за долю і волю Украіны. Яны маюць больш за тую любоў, хто б душу паклаў за свайго сабрата.

Вось і гонар, пашана, слава, перш за ўсё ваярам, якія тут сядзяць, якія на перадавой аддаюць сваё жыццё ў акопах, якія загінулі за долю і волю Украіны. Таму сёння менавіта найкаштоўнейшая гэтая даніна паміж мінулым і будучым – гэта абараняцца краінам Беларусі і Украіны. Мы прымаем на сябе гэта ўдар ад крыважэрных недругаў-суседзяў.

За цэласнасць Украіны мы вам удзячныя, дарагія сябры, браты-беларусы, якія падаяце сваю шчодрую руку, якія таксама бароніцеся і спачуваеце нам – Украіне. Слава Ісусу Хрысту! Слава Украіне і Беларусі разам! Народам Слава! Хай вас Бог дабраславіць і ўмацуе! Тым, хто жыцці свае аддалі за долю і волю Украіны і Беларусі вечная ім памяць».

Уладыка Якаў

Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады. Дэпутат Львоўскай абласной Рады Юрый Радэлыцькі выказаў словы падзякі ўсім, хто дапамагае абараніць Украіну і хто падтрымлівае яе:

«Хачу падзякаваць, што вы бароніце незалежнасць Украіны. Хачу падзякаваць тым людзям – бачу легендарны «Брэст», «Ганс»… Яшчэ нават зараз узгадваю, мы зараз знаходзімся ў Доме ваяра на вуліцы Тараса «Хамэра». Як раз было пахаванне Тараса «Хамэра» і прыйшла звестка, што на фронце загінуў «Ганс». Гэта такая мая асабістая падзяка вам, што вы бароніце незалежнасць.

У мяне жонка беларуска, і я ўсё цудоўна разумею, а адрозніваю, што такое лукашэнкаўцы, а што такое сапраўдны беларускі народ. І я веру, што пасля нашай перамогі нашыя дзяржавы будуць вольныя і мы зробім у межах незалежных дзяржаваў гэты Чарнаморска-Балтыйскі Саюз, пра які мы так гаворым і будзем з вамі разам».

З аднаго з самых вядомых на ўвесь свет пасля незлічоных злачынстваў супраць чалавецтва, здзейсненых там расійцамі, гарадоў – з Бучы, што пад Кіевам, на выставу прыехаў дэпутат Бучанскай гарадской рады Васыль Алэксюк. Ён паведаміў, што орган мясцовага самакіравання Бучы прыняў рашэнне аб назве цяперашняй вуліцы Акружная, імём беларуса Іллі Хрэнава з пазыўным «Ліцвін», які загінуў на гэтай вуліцы ў першыя дні вайны абараняючы Бучу:

«На прапанову, якую падтрымалі аднагалосна, у горадзе Буча з’явіцца вуліца Іллі Мікалаевіча Хрэнава «Ліцвіна». Менавіта ў тым месцы, дзе ён загінуў, гэта на рагу вуліц ранейшай Акружной, яна будзе названая на гонар загінулага героя, дзе будзе ўсталяваны 33-метровы флагшток, украінскі сцяг, таксама ў канцы месца, я думаю, што гэта будзе 30-е, або 1-е красавіка, будзе адкрыццё ўсталяванага мемарыялу».

Васыль Алэксюк (злева) і Аляксей Францкевіч (справа)

Таксама спадар Васыль прывёз у Львоў узнагароду Іллі «Ліцвіну», якую ён папрасіў перадаць сям’і загінулага героя:

«Выконваючы даручэнне Бучанскай грамады, выконваючы даручэнне Бучанскага гарадскога галавы я хачу перадаць сям’і загінулага героя Беларусі, загінулага героя Украіны Хрэнава Іллі Мікалаевіча з пазыўным «Ліцвін» узнагароду «Абаронцы Бацькаўшчыны» ад удзячнай Бучанскай грамады».

Былі на адкрыцці выставы і сваякі загінулых беларусаў. Мы паразмаўлялі з жонкай Паўла Суслава з пазыўным Волат Вольгай Суславай. Яна распавяла пра тое, як яны з Паўлам пазнаёміліся і як іхняе сямейнае шчасце абарвалі расійскія акупанты:

«Мы пазнаёміліся ў 2017 годзе, калі Павел разам з пабрацімам, таксама беларусам, прыйшлі служыць у наш батальён у адну з брыгад у складзе Узброеных Сіл Украіны, і, уласна, там і пазнаёміліся. Але нашыя стасункі пачаліся не так ужо проста адразу, дзесьці трохі мы яшчэ з ім пасябравалі, а потым зразумелі, што сябраваць нам не трэба, бо мы неяк створаныя адно для аднаго, але не для сяброўства. 

Ну і, уласна, мы служылі разам. Потым я ў 2020 годзе звольнілася, а мой суджэнец застаўся ў шыхце. Потым у яго скончыўся кантракт, праз год ён перавёўся ў іншую брыгаду. Потым у 2021 годзе ён атрымаў два вельмі цяжкія параненні і, на жаль,  быў камісаваны з шэрагаў Узброеных Сіл Украіны. Для яго гэта было вельмі моцным ударам, таму што такія, як ён – гэта ваяры. Яны нараджаюцца ваярамі і іхняя місія – быць ваяром. Ну і так, у прынцыпе, атрымліваецца – ваяры жывуць на полі бою, і ідуць таксама з поля бою. А потым… 22-гі год. З пабрацімам-беларусам яны стварылі дабраахвотнае фармаванне. Я была дома, на жаль, не магла далучыцца да гэтай барацьбы, таму што выхоўваю нашу маленькую дачушку. Ну і ўсё… Неяк можна было жыць да 15 траўня, таго моманту, калі ён пайшоў…».

Прадстаўнікі Палка імя Кастуся Каліноўскага – Дзяніс Урбановіч і Аляксей Вайцяховіч таксама прысутнічалі на імпрэзе. Спадар Аляксей падчас свайго выступу быў моцна ўсхваляваны ўбачанымі партрэтамі сваіх камандзіраў і прамаўляў з цяжкасцю. А ўжо па заканчэнні афіцыйнай часткі ён сказаў нам пра тое, што найбольш яго хвалюе:

«Першае – гэта, канешне, боль за страты пабрацімаў, за страты камандзіраў. Таму што гэта былі людзі з вялікай літары. Гэта быў самы сок беларукай нацыі, гэта лепшыя яе сыны. І вельмі шкада, што яе лепшыя сыны гінуць. 

Але, з гэтым нічога не паробіш, і, на жаль, як бы мы не плакалі, што б мы не казалі пра нашых загінулых, іх ужо гэта не верне. А вось з нашымі палоннымі… Пра іх трэба размаўляць і трэба намагацца зрабіць усё, каб іх выцягнуць. Бо хлопцы знаходзяцца ў нечалавечых умовах. І я думаю, што калі яны нават дагэтуль жывыя, то, я думаю, што доўга яны трымацца так не змогуць. Мы бачылі, якімі выходзілі з маскоўскага палону абаронцы Марыупаля, і цяжка ўявіць у якіх умовах утрымліваюцца нашы хлопцы і ці жывыя яны дагэтуль. 

На жаль, расейцы не даюць ніякай інфармацыі па нашых хлопцах, яны іх не дадаюць у спісы на абмены і ў прынцыпе нічога не кажуць пра іхні стан. То бок, мы на дадзены момант можам толькі гадаць і спрабаваць выцягнуць з іх хаця б нейкую інфармацыю, і, калі яны загінулі, хаця б спрабаваць забраць іхнія целы. Азоўцы, якія таксама былі ў палоне і бачылі нашых беларускіх хлопцаў, расказвалі, што да іх там асаблівае стаўленне, з іх там здзекваюцца, іх там катуюць, амаль што не кормяць, і цяжка ўявіць наколькі доўга ў такіх умовах можа пратрымацца чалавек». 

Аляксей Вайцяховіч

На адкрыцці выставы было нямала дзейных вайскоўцаў, якія змаглі адлучыцца з пазіцыяў. Адна з іх – беларуская дабраахвотніца 2-а Замежнага легіёну Узброеных Сіл Украіны з пазыўным «Даша»:

«Толькі з пачуццем нянавісці да маскалёў. Таму што яны забралі мой дом, спрабуюць забраць дом маіх блізкіх. 2020 год. Мы выйшлі на мірныя пратэсты. Прыехаў расійскі «ОМОН», пабілі нас, пакрыўдзілі нас, выгналі нас з дому шляхам рэпрэсіяў ды іншага. Прыйшлі да нашых суседзяў спрабуюць навесці тут больш чым у нас, канешне, але ўсё ж… Забраць іх дамы, забраць іх жыцці. Чаму я павінна, седзячы ў Беларусі, спакойна сябе адчуваць і далей там жыць? Не, не павінна! Я прыняла для сябе рашэнне паехаць, як толькі пачалася вайна, і я зусім пра гэта не шкадую.

Я асабіста займаю пасаду гранатамётніка. У абавязкі ўваходзіць абслугоўванне зброі, такой як МК-19 альбо АГСа, што дадуць, навядзенне артылерыі, ну і сама страляніна, як такая. Я брала ўдзел у дабрабаце, гэта не быў 2-га замежны легіён. Напрамкі – гэта Данецкая вобласць. Усё лета я там прапрацавала. Я была ў цалкам украінскім падраздзяленні. Прынялі мяне як сваю, абсалютна ніякіх пытанняў. Так, ёсць жартачкі, але гэта жартачкі.

Усё цудоўна, асабліва тыя хлопцы, якія ваююць у 14-га года, ужо не раз сустракаліся з нашымі беларусамі, і з валанцёрамі, якія з 14-га валанцёрылі, і з людзьмі, якія з 14-га ваявалі. Усе адно аднаго ведаюць. Усе вельмі цудоўна ставяцца. У асноўным ёсць як бы такія непаразуменні з боку цывільных. Але, калі ты пачынаеш ім распавядаць пра ўсё, што адбывалася і з 14-га года, як беларусы бралі ўдзел, і, што ўвогуле ёсць такія структуры, як замежны легіён – яны змяняюць сваё стаўленне да беларусаў».

Арганізатар выставы Аляксей Францкевіч лічыць, што падзея атрымалася значнай і выказвае свае падзякі тым, хто далучыўся да яе:

«Вельмі добра, што сюжэт пра гэтую выставу быў пастаўлены ва ўсеўкраінскі марафон, і пра гэту падзею даведаліся мільёны простых украінцаў. Дзякуй журналістам, якія прыйшлі.

Вельмі мы ўдзячныя гарадскім уладам, якія дазволілі нам правядзенне гэтага мерапрыемства. Таксама вялікі дзякуй прадстаўнікам рэлігійных канфесіяў, якія пагадзіліся прыйсці і правялі малебен. Асобная падзяка родным і блізкім загінулых герояў за тое, што яны знайшлі час прыехаць з іншых гарадоў на гэтую выставу.

Гэтая выстава зараз будзе тыдзень у Доме ваяра, і мясцовыя жыхары самі прапанавалі, каб арганізаваць магчымасць прыводзіць туды вучняў, студэнтаў, каб яны таксама пабачылі, каб яны таксама даведаліся аб ролі беларусаў, аб беларускіх героях, якія ваююць зараз і аддаюць свае жыцці. Мы вельмі ўдзячныя Дому ваяра, які прадаставіў нам сваю пляцоўку. Вельмі знамянальна тое, што ў гэтым будынку вісіць вялізарная карціна, дзе намаляваныя нашы беларускія ваяры, якія ўсталёўвалі ў Пясках бел-чырвона-белы сцяг. Таксама вялікі дзякуй усім тым, хто прымаў удзел у арганізацыі гэтай выставы».

Урачыстасці ў Львове працягнуліся 25 сакавіка. Прадстаўнікі беларускай супольнасці, у тым ліку і беларуская ваяры, якія прыехалі ў Львоў, усклалі кветкі да помніка і пахавання паўстанцаў, якія змагаліся за нашу і вашу свабоду падчас паўстання Кастуся Каліноўскага.

Цалкам рэпартаж з адкрыцця выставы «З Украінай у сэрцы» слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.