Tag

Світанак свабоды-падкаст

Browsing

Амаль тыдзень працягваюцца разнастайныя мерапрыемствы ў Беластоку, прысвечаныя 105-ай гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Але кульмінацыяй святкаванняў, натуральна, стала 25 сакавіка, калі ў сталіцы польскага Падляшша, прайшлі ажно тры акцыі з нагоды Дня Волі: ускладанне кветак да месца, дзе быў закатаваны аўтар слоў гімна БНР Макар Краўцоў, мітынг на цэнтральнай плошчы горада і ўрачысты канцэрт. Распавядае наш беластоцкі карэспандэнт Уладзімір Лапцэвіч.

Беларуская дзяржаўнасць сягае сваімі каранямі да Полацкага княства, але як ідэя, за якую сталі змагацца, яна аформілася з паўстаннем Кастуся Каліноўскага, сцвярджае гісторык Уладзімір Арлоў. Абвесціўшы незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, беларусы зноў сталі дзяржаўным народам пад сваёй сучаснай назвай, падкрэслівае ён. У каментары радыё Ўнэт гісторык распавядае, што значыць 25 сакавіка 1918 года для нашага народа і як беларусы святкавалі гэтую дату.

Марафон падзей да Дня волі ў Вільні пачаўся яшчэ з серады: так 22 сакавіка ў віленскай Бібліятэцы Акадэміі Навук адкрылі выставу «Шляхам Свабоды», прысвечаную Міколе Статкевічу. На наступны дзень, ужо ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча прайшла прэзентацыя кнігі «Галасы Беларусі» – тры апошнія гады жыцця краіны вачыма арыштаваных, пабітых, забітых, мігрантаў і ўцекачоў ад вайны – кажа ўкладальнік Сяргей Дубавец.

17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці пры прэзідэнце РФ Марыі Львовай-Бяловай. Што азначае выдача такога ордэра і наколькі рэальна яго выканаць мы спыталі ў юрысткі-міжнародніцы, кандыдаткі юрыдычных навук Кацярыны Дзяйкала.

Сейм Літвы ў першым чытанні прыняў законапраект аб увядзенні абмежавальных захадаў у адказ на ваенную агрэсію Расіі ва Украіне. Паводле праекта прадугледжваецца, што Літва спыніць выдачу візаў беларусам і расіянам, як унутры Літвы, так і ў сваіх замежных прадстаўніцтвах. Праўда, магчымасць атрымання літоўскай візы застанецца для выпадкаў, калі такая выдача будзе адбывацца з хадайніцтва МЗС Літвы ў тым ліку паводле гуманітарных падставаў. Для грамадзян Беларусі разам з расіянамі змяняецца і парадак атрымання дазволу на жыхарства і літоўскага грамадзянства. На прыняццё ў першым чытанні гэтага законапраекта ўжо адрэагаваў Офіс Святланы Ціханоўскай. Вось што нам распавяла дарадца па прававых пытаннях Офісу Крысціна Рыхтэр.

Беларускія добраахвотнікі Паспалітага Рушэння працягваюць трэніроўкі па баявой тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўцы. На мінулым тыдні, у нядзелю, нам удалося пабываць на тэарэтычных занятках рэкрутаў Варшаўскай харугвы па баявой медыцыне.

Некалькі дзясяткаў фотаздымкаў з розных гадоў і з розных гарадоў Беларусі прадстаўлены ў беластоцкім хабе «Новая зямля» на выставе, прымеркаванай да 105-годдзя абвяшчэння незалежнасці БНР. На фотавернісажы кожны мог распавесці аб сваёй гісторыі святкавання 25 сакавіка.

24 сакавіка ва ўкраінскім Львове ўрачыста адкрыецца выстава «З Украінай у сэрцы», прысвечаная беларусам, якія загінулі, абараняючы свабоду і Украіны, і Беларусі. Пачатак імпрэзы а 12-й гадзіне ў «Доме ваяра» (г. Львоў, вул. Тараса Бабаніча «Хамера», 1а). Вось што пра задуму і фармат выставы распавёў яе арганізатар, кіраўнік Дабрачыннага фонду «Вільна Білорусь» Аляксей Францкевіч.

«Беларускі змагар за свабоду і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру»: на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта адбылася сустрэча, прысвечаная жыццю і дзейнасці Алеся Бяляцкага. У імпрэзе прыняла ўдзел яго жонка Наталля Пінчук. Да падзеі, якая адбывалася ў адной з самых вялікіх аўдыторый факультэта прыкладной лінгвістыкі, далучылася каля сотні слухачоў − навукоўцаў і прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці, палітыкаў, грамадзянскіх актывістаў, журналістаў і студэнтаў.