Амаль тыдзень працягваюцца разнастайныя мерапрыемствы ў Беластоку, прысвечаныя 105-ай гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Але кульмінацыяй святкаванняў, натуральна, стала 25 сакавіка, калі ў сталіцы польскага Падляшша, прайшлі ажно тры акцыі з нагоды Дня Волі: ускладанне кветак да месца, дзе быў закатаваны аўтар слоў гімна БНР Макар Краўцоў, мітынг на цэнтральнай плошчы горада і ўрачысты канцэрт. Распавядае наш беластоцкі карэспандэнт Уладзімір Лапцэвіч.
Дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі на працягу ўжо некалькіх дзесяцігоддзяў не застаецца па-за ўвагай беларусаў, якія пражываюць у Беластоку. Мясцовыя ўлады са свайго боку даволі прыхільна ставяцца, асабліва ў апошнія гады, да найважнейшага свецкага беларускага свята. Так, летась, калі ў Беласток прыязджалі Святлана Ціханоўская і Павел Латушка, польскія палітыкі таксама выступалі на мітынгу з нагоды Дня Волі.
Сёлета арганізацыяй святочных мерапрыемстваў займаліся Беларускі саюз у Рэчы Паспалітай, прадстаўнікі беларускай дыяспары і Беларускае гістарычнае таварыства. Найперш яны ўшанавалі памяць Макара Краўцова, аўтара слоў гімна БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які быў закатаваны бальшавікамі ў беластоцкай турме ў 1939 годзе. Бел-чырвона-белыя кветкі і вянок да будынку турмы ўсклалі прадстаўніца дыяспары Наталля Сцепанцова і старшыня Беларускага гістарычнага таварыства Алег Латышонак.
Асноўным і гучным мерапрыемствам на Дзень Волі ў Беластоку стаў мітынг на цэнтральнай плошчы горада – Рынку Касцюшкі каля помніка Юзэфу Пілсудскаму. На яго сабраліся некалькі сотняў чалавек, трымаўшыя патрыятычныя плакаты, бел-чырвона-белыя сцягі, практычна ў кожнага на грудзі была прышпілена бел-чырвона-белая стужка. У адрозненні ад леташняга мітынгу, сёлета на акцыі не выступалі польскія палітыкі і прадстаўнікі мясцовай улады, але сярод беларускіх сцягоў луналі польскія і ўкраінскія. Таксама з прывітальным словам выступіў і прадстаўнік украінскай грамады ў Беластоку.
Галоўны рэдактар Радыё Рацыі, старшыня Беларускага саюзу ў Рэчы Паспалітай Яўген Вапа ў каментары нашаму радыё распавёў пра святкаванне Дня Волі ў Беластоку і Польшчы ў цэлым.
З боку беларускай дыяспары заяўку на правядзенне мітынгу да ўлад горада падпісаў Ян Абадоўскі, які ўжо з канца 90-х гадоў мінулага стагоддзя пражывае ў Беластоку.
Пасля мітынгу многія яго ўдзельнікі прыйшлі ў будынак Усходнееўрапейскай акадэміі прыкладных навук, дзе адбыўся канцэрт з нагоды Дня Волі. Перад яго пачаткам прысутныя праслухалі пасланне старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы. Таксама былі ўзнагароджаныя асобы і арганізацыі за выдатную нацыянальную працу ў 2022 годзе. Сярод адзначаных – фонд «Тутака», журналістка і пісьменніца Ганна Кандрацюк-Свярубская, ліцэй у Гайнаўцы, актывістка дыяспары Кацярына Дзерман.
Музычную частку мерапрыемства адкрыў бард і оперны спявак Алег Кабзар, які ўжо амаль 25 гадоў як пераехаў з Беларусі на Падляшша.
У другой частцы канцэрта гледачы змаглі паслухаць сямейны гурт «Бартосікі» на чале са знакамітым выканаўцам Зміцерам Бартосікам. Што ж тычыцца канцэрта ў Беластоку, то тут свае вакальныя здольнасці збольшага праяўлялі дзеці Зміцера Бартосіка – Юстына Карпіловіч і Геральд Бартосік.
25 сакавіка грамадскія мерапрыемствы ў гонар 105 гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР супольным спяваннем гімну «Магутны Божа». Наперадзе – заняткі «Мова нанова» з назваю «Дзень Волі – Дзень мовы» і выступленне фрык-тэатра Ex Tempore.
Поўны рэпартаж слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.