Loading

Сейм Літвы ў першым чытанні прыняў законапраект аб увядзенні абмежавальных захадаў у адказ на ваенную агрэсію Расіі ва Украіне. Паводле праекта прадугледжваецца, што Літва спыніць выдачу візаў беларусам і расіянам, як унутры Літвы, так і ў сваіх замежных прадстаўніцтвах. Праўда, магчымасць атрымання літоўскай візы застанецца для выпадкаў, калі такая выдача будзе адбывацца з хадайніцтва МЗС Літвы ў тым ліку паводле гуманітарных падставаў. Для грамадзян Беларусі разам з расіянамі змяняецца і парадак атрымання дазволу на жыхарства і літоўскага грамадзянства. На прыняццё ў першым чытанні гэтага законапраекта ўжо адрэагаваў Офіс Святланы Ціханоўскай. Вось што нам распавяла дарадца па прававых пытаннях Офісу Крысціна Рыхтэр.

Я, насамрэч, маю надзею на тое, што ўсё ж-такі атрымаецца ўнесці падчас другога чытання змены ў гэты законапраект і зменшыць наступствы ў дачыненні да беларусаў. Мы зараз намагаемся паўплываць на гэты працэс камунікацыямі з уладамі Літвы.

Канешне, калі раптам законапраект будзе прыняты ў тым выглядзе, у якім ён ёсць зараз, то гэта будзе сведчыць, што будуць пэўныя абмежаванні на атрыманне візаў. Але, насамрэч, яны ўжо зараз ёсць праз тое, што ў Літве ўведзенае надзвычайнае становішча праз міграцыйны крызіс на мяжы Літва-Беларусь. Гэтыя абмежаванні тычыліся таксама выдачы працоўных візаў і візаў на падставе адукацыі. Таму менавіта для тых людзей, якія будуць атрымліваць візы паводле гуманітарных падставаў, для іх увогуле нічога не зменіцца. То бок, у цяперашняй рэдакцыі законапраекта ёсць выключэнне для тых беларусаў, якія падаюцца па гуманітарных прычынах.

Таксама там ёсць умовы наконт атрымання віда на жыхарства. І, згодна з той рэдакцыяй, якая зараз ёсць, літоўскія віды на жыхарства змогуць атрымліваць тыя беларусы, у якіх ужо ёсць літоўская віза ці ёсць ужо літоўскі від на жыхарства. То бок, гэтыя абмежаванні, калі яны будуць прынятыя, яны будуць больш дзейнічаць, напрыклад, для беларусаў, у якіх зараз ёсць візы іншых краінаў. Прынамсі, так здараецца, калі чалавек выязджае з Беларусі, напрыклад, на падставе гішпанскай візы. І гэта, канешне, зараз будзе складанасцю – атрыманне літоўскага віду на жыхарства, калі такая справа адбудзецца. Яшчэ раз падкрэслю, калі ў такім выглядзе канчаткова законапраект будзе прыняты.

І таксама зараз там ёсць абмежаванне наконт падачаў заявы на ўступленне ў грамадзянства Літвы. І тут варта акрэсліць, што ўвогуле тыя людзі, якія зараз могуць прэтэндаваць на падачу гэтых заяваў, яны ўжо 10 год павінны жыць на тэрыторыі Літвы. То бок, увогуле гэта з 2012 года. Гэта той тэрмін, які быў нават да анексіі Крыма, вайны на Данбасе і, канешне, да пачатку ваенных дзеянняў на тэрыторыі Украіны ў мінулым годзе.

Таму атрымліваецца такая сітуацыя, пры якой людзі, якія паглыбляюцца, інтэгруюцца ў грамадства, у літоўскую культуру, увогуле, якія добра ставяцца да Літвы і нават ведаюць літоўскую мову, таму што заўсёды падставай атрымання грамадзянства з’яўляецца сталы побыт на тэрыторыі краіны, і людзі павінны ведаць мову, то атрымліваецца такая сітуацыя, што гэтыя абмежаванні абгрунтаваныя з боку Літвы зараз нацыянальнай бяспекай. Але яны закранаюць не прадстаўнікоў рэжыму і тых асобаў, якія іх падтрымліваюць ці падтрымліваюць ваенную агрэсію на тэрыторыю Украіны, а закранаюць людзей, якія добра ставяцца да Літоўскай Рэспублікі, увогуле, не падтрымліваюць рэжым (Лукашэнкі), не падтрымліваюць вайну ва Украіне – то бок, да простага народу.

Як я ўжо сказала, гуманітарныя падставы ніхто не будзе адмяняць, і гэта ўвогуле выключэнне з абмежаванняў. Але таксама варта звярнуць увагу, напрыклад, на тое, што ў Літву рэлакавалася шмат камерцыйных арганізацыяў. Яны стварылі зараз офісы, перацягнулі ў Літву шмат супрацоўнікаў. І, канешне, для гэтай катэгорыі беларусаў, падаецца, што зараз гэты законапрект можа быць пэўным абмежаваннем.

Цалкам размову з Крысцінай Рыхтэр слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.