Loading

Беларускія добраахвотнікі Паспалітага Рушэння працягваюць трэніроўкі па баявой тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўцы. На мінулым тыдні, у нядзелю, нам удалося пабываць на тэарэтычных занятках рэкрутаў Варшаўскай харугвы па баявой медыцыне.

Варта адзначыць, што заняткі ва ўсіх ужо існуючых харугвах праходзяць на пастаяннай аснове па некалькі разоў на тыдзень. Калі ж казаць канкрэтна пра Варшаўскую харугву, то яе рэкруты ўжо праводзілі заняткі і практычныя палявыя выхады па тактыцы вядзення бою і арыентаванні.

Заняткі на мінулым тыдні, як ужо было згадана, былі прысвечаны баявой медыцыне. Усе гэтыя заняткі праводзяцца цалкам сіламі байцоў харугвы і за іх уласны рахунак, таму любыя спробы рэжыму Лукашэнкі абвінаваціць польскія ўлады ў падтрымцы беларускіх добраахвотнікаў ці яшчэ кагосьці – з’яўляюцца толькі фантазіямі прапагандыстаў. Тым не менш, некаторыя байцы ўжо паспелі прайсці курс па баявой медыцыне, арганізаваны польскім войскам. Яшчэ раз варта падкрэсліць – гаворка не ідзе аб нейкай афіцыйнай падтрымцы з боку ўладаў ці міністэрства абароны. Такія курсы арганізоўваюцца ваеннымі для грамадзянскіх асоб, якія жадаюць навучыцца асновам першай дапамогі пацярпеламу ў баі. Натуральна, такія заняткі не бясплатныя, аднак, беларускія добраахвотнікі Паспалітага Рушэння матываваныя настолькі, што не шкадуюць уласных грошай на навучанне ваеннаму рамяству. Цяпер, тыя хто ўжо прайшлі такія курсы, дзеляцца набытымі ведамі з новапрыбылымі рэкрутамі. Такім чынам, беларускія добраахвотнікі, якія могуць стаць асновай новага беларускага войска, ужо зараз праходзяць падрыхтоўку па стандартах НАТА і набываюць самыя сучасныя веды, заснаваныя на досведзе мноства ўзброеных канфліктаў, у якіх удзельнічалі войскі краін-сябраў НАТА.
Гэты занятак доўжыўся некалькі гадзін. За гэты час байцы разабралі найбольш частыя віды раненняў, якія сустракаюцца ў сучасных баявых дзеяннях.

Таксама, байцы азнаёміліся са складам персанальных аптэчак НАТАўскага стандарту, быў разабраны кожны элемент, растлумачана для чаго ён патрэбен, і як правільна яго прымяніць. Дадзеная інфармацыя даводзіцца для таго, каб кожны баец самастойна сабраў сабе сваю ўласную аптэчку.

Адпрацоўвалася таксама тэорыя аказання дапамогі. Тут варта адзначыць, што, канешне, гэта не азначае поўнай медыцынскай дапамогі, бо яе можа аказаць толькі кваліфікаваны ўрач. На занятках нават падкрэслівалася, што ніякіх рэанімацыйных дзеянняў у баі не аказваецца. Гаворка ішла ў першую чаргу аб стабілізацыі стану байца і, трэба сказаць, што той набор сродкаў і навыкаў, якія патрабуюць стандарты НАТА, вельмі эфектыўныя, а самае галоўнае, ім можна даволі хутка навучыць людзей, якія не маюць профільнай медыцынскай адукацыі. Байцы атрымалі веды па ўсіх пратаколах агляду і аказання першай дапамогі па стандартах НАТА. Далей павінны быць практычныя заняткі з адпрацоўкай усіх атрыманых тэарэтычных ведаў. Гэта таксама абавязковы элемент падрыхтоўкі, бо ўвесь гэты курс зʼяўляецца базавым для ўсіх байцоў. Як мы ўжо расказвалі ў адным з папярэдніх рэпартажаў, зараз у харугвах прапрацоўваецца сістэма пасад, рангаў, аднак дадзеная падрыхтоўка зʼяўляецца базавай для ўсіх, незалежна ад таго, якую пасаду будзе займаць баец далей. Менавіта таму ўжо зараз ідзе падрыхтоўка іспыту, які таксама пройдуць усе рэкруты для атрымання статусу байца харугвы. Дарэчы, пакуль што лідарам у гэтым пытанні зʼяўляецца харугва Беластоцкая, у якой ужо нават прайшлі першыя этапы экзаменаў на права нашэння шаўрона харугвы.

Такім чынам, падводзячы вынік, можна канстатаваць, што калі раней ідэя харугваў не да канца была зразумелая і выклікала мноства пытанняў, то пасля аддзялення ў самастойны рух, тэмпы падрыхтоўкі падраздзяленняў прыкметна паскорыліся і ўжо ў хуткім часе харугвы пачнуць уяўляць з сябе даволі нядрэнна падрыхтаваныя, зладжаныя падраздзяленні, гатовыя да выканання пэўных задач. Наперадзе працяг заняткаў па тактыцы, баявой падрыхтоўцы, агнявой падрыхтоўцы з прафесійнымі інструктарамі і гэтак далей. І тут, вядома ж, напрошваецца відавочнае параўнанне з абвешчанымі ў Беларусі праверкамі гатоўнасці падраздзяленняў так званай тэрытарыяльнай абароны. На дадзены момант можна сказаць, што ўвогуле незразумела чым займаюцца ўсе гэтыя людзі падчас абвешчаных Лукашэнкам праверак, хутчэй гэта проста паказальныя выступленні для беларускай прапаганды, разлічаныя на непадрыхтаваную публіку. Відавочна, што Лукашэнка не дазволіць навучаць людзей у Беларусі якім-небудзь баявым навыкам, зброі яны таксама не атрымаюць, пра рыштунак і казаць не варта, бо ў Беларусі нават кадравых вайскоўцаў не могуць экіпіраваць па апошніх стандартах. Так што пакуль не зразумела, ад каго гэтая тэраабарона зможа абараніць Лукашэнку і ці захоча яна гэта рабіць.

Гэта не апошні наш рэпартаж аб падрыхтоўцы ў харугвах, так што будзем сачыць за гэтым далей і знаёміць вас з навінамі ад нашых добраахвотнікаў. А для тых, хто хоча дапамагчы добраахвотнікам, яны распачалі збор сродкаў на падрыхтоўку, з усімі падрабязнасцямі можна азнаёміцца ў тэлеграм канале Паспалітага Рушэння.

Comments are closed.