«Беларускі змагар за свабоду і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру»: на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта адбылася сустрэча, прысвечаная жыццю і дзейнасці Алеся Бяляцкага. У імпрэзе прыняла ўдзел яго жонка Наталля Пінчук. Да падзеі, якая адбывалася ў адной з самых вялікіх аўдыторый факультэта прыкладной лінгвістыкі, далучылася каля сотні слухачоў − навукоўцаў і прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці, палітыкаў, грамадзянскіх актывістаў, журналістаў і студэнтаў.
У 2021 годзе рэжым Лукашэнкі асудзіў беларускага праваабарноцу Алеся Бяляцкага на 10 гадоў пазбаўлення волі. Кіраўнік і заснавальнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» быў удастоены Нобелеўскай узнагароды, калі ўжо знаходзіўся за кратамі. Прэмію ў Осла атрымлівала яго жонка Наталля Пінчук. У Варшаве яна знаходзіцца ў межах тыдняў салідарнасці з Алесем Бяляцкім.
− Спадарыня Наталля, спачатку Вы дзялілі з Алесем Бяляцкім яго лёс праваабаронцы, потым − лёс палітвязня, цяпер − лёс уладальніка Нобелеўскай прэміі. Калі гэта місія, калі гэта абавязак, то што галоўнае на гэтым шляху?
− Пытанне вельмі складанае. Місія даецца нам зверху. А мой абавязак − гэта важнасць змагання за тое, каб у нас не было зняволеных, каб не было перапоўненых камер, каб гэта ўсё было як мага хутчэй у мінулым.
− Магчыма, ёсць нейкія словы, якія вы заўсёды казалі адно аднаму? Як трымаецеся ў цяжкія хвіліны?
− «Не бойся». Гэтая фраза гучала ў нас лейтматывам нават па нязначных момантах.
− Мы знаходзімся ва ўніверсітэце, дзе шмат маладых людзей. Што б Вы маглі ім параіць?
− Галоўнае па жыцці − гэта цікаўнасць да ўсяго і імкненне сябе развіваць ды ўдасканальваць. І каб гэта імкненне прыносіла не толькі задавальненне, а і карысць іншым. Тады ўсё будзе мець сэнс.
Ідэя сустрэчы з Наталляй Пінчук ва ўніверсітэцкім асяродку налажала загадчыку кафедры беларусістыкі Радаславу Калеце. Прафесар адзначыў, што спатканне было скіраванае не толькі на тое, каб распавесці пра Алеся Бяляцкага ў кантэксце сённяшнай палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Хацелася звярнуць увагу і на іншы бок жыцця праваабаронцы.
− Мы хацелі паказаць дзейнасць Алеся Бяляцкага ў галіне літаратуры. Распавесці польскай аўдыторыі, навукоўцам, акадэмічнаму асяроддзю, што Алесь Бяляцкі з’яўляецца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў, быў аспірантам Інстытута літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук, але адмовіўся ад абароны ад сваёй дысертацыі і выдаў яе як манаграфію «Літаратура і нацыя». З гэтай нагоды мы запрасілі спецыялістаў, якія распавядалі пра яго творы, — падводзіў вынікі сустрэчы Радаслаў Калета.
Канферэнцыя з удзелам Наталлі Пінчук доўжылася амаль 3 гадзіны. Імпрэзу адкрыў рэктар Варшаўскага ўніверсітэта прафесар Алаізій Новак. Ён звярнуўся да беларускіх студэнтаў і запэўніў, што Універсітэт заўсёды будзе для іх адкрыты і беларусы могуць лічыць яго сваім.
Распавядалі пра Алеся Бяляцкага і сваё сяброўства з ім Яўген Вапа і Вінцук Вячорка. Журналіст Радыё Свабода Валер Каліноўскі, які з’яўляецца аўтарам кніг пра Бяляцкага, падзяліўся малавядомымі фактамі з жыцця праваабаронцы. Паказалі ў Варшаўскім універсітэце і запіс выступу, які Алесь Бяляцкі зрабіў яшчэ на волі ў 2021 годзе.
Галоўная госця спаткання − жонка нобелеўскага лаўрэата Наталля Пінчук − у сваёй вельмі кранальнай прамове, якая суправаджалася польскім перакладам, распавяла пра жахлівыя выракі, прыгадала сустрэчу з мужам перад паездкай у Осла і кранула самыя балючыя сёння для беларусага грамадства пытанні. «Алесь з іншымі палітвязнямі і Беларусь у цэлым абавязкова будзем вольнымі. Але дзеля гэтага трэба прайсці гэты ахвярны час», − завяршыла сваё выступленне спадарыня Наталля, пасля чаго адказала на пытанні.
Яны датычылі і асабістага жыцця, і здароўя Алеся Бяляцкага, у якога цяпер вельмі моцна пагоршыўся зрок. Пыталіся і пра тое, як і чым можна падтрымаць праваабаронцу.
− Лісты да Алеся не даходзяць, ліставанне з ім немагчымае. Але пісаць можна іншым, − раіла спадарыня Наталля. А вось паспрабаваць адправіць пасылку можна. Нават з Польшчы.
− Нацыя адбываецца з герояў. Для нас, для мяне асабіста Алесь Бяляцкі з’ўляецца менавіта тым нацыянальным героем, дзякуючы якому адбываецца новае адраджэнне Беларусі, − звярнуўся да Наталлі Пінчук са словамі падзякі кіраўнік НАУ Павел Латушка, які таксама прысутнічаў на сустрэчы.
Дыскусійнай часткай спаткання стала размова пра сучасную польскую перспектыву беларускіх падзей. Разважалі дырэктар Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта прафесар Ян Маліцкі, рэдактар «Палітычнай крытыкі» Славамір Серакоўскі, амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі і кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2006 года Аляксандр Мілінкевіч.
− Ён малодшы за мяне, але і ў малодшых часамі таксама варта вучыцца. Я вучыўся яго разважлівасці, мудрасці, адданасці, сіле духу. Ён грамадскі дзеяч ва ўсім, чым займаўся. Адраджаў мову, гісторыю, будаваў структуры грамадзянскай супольнасці. «Вясна» − гэта ж не толькі Менск. Цэлая сетка. Я ні разу за сваё жыццё не чуў, што Бяляцкі недабараніў, недпрацаваў, штосьці скраў. Я не чуў. Алесь Бяляцкі − грамадскі лідар абсалютнага аўтарытэту. Гэта чалавек, за якім пойдзе абсалютная большасць, − распавёў пасля дыскусіі Аляксандр Мілінкевіч.
Сустрэча ў Варшаўскім універсітэце завяршылася прамовай ксяндза Вячаслава Барка. Ён распавёў пра заангажаванне Алеся Бяляцкага ў веру і хрысціянства, а потым памаліўся за ўсіх, хто загінуў у Беларусі падчас пратэстаў і тых, хто знаходзіцца сёння ў турме.
Рэпартаж цалкам слухайце ў плэеры ніжэй:
Comments are closed.