Марафон падзей да Дня волі ў Вільні пачаўся яшчэ з серады: так 22 сакавіка ў віленскай Бібліятэцы Акадэміі Навук адкрылі выставу «Шляхам Свабоды», прысвечаную Міколе Статкевічу. На наступны дзень, ужо ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча прайшла прэзентацыя кнігі «Галасы Беларусі» – тры апошнія гады жыцця краіны вачыма арыштаваных, пабітых, забітых, мігрантаў і ўцекачоў ад вайны – кажа ўкладальнік Сяргей Дубавец.
«Гэта сведчанні і споведзі соцень беларусаў пра тое, што ім давялося перажыць. Першы том пачынаўся з пандэміі, з рэвалюцыі, у другім томе з’явілася эміграцыя, усё гэта ішло на фоне масавага тэрору ў Беларусі, а ў апошнім томе дадалася вайна ва Украіне і ўдзел Беларусі ў гэтай вайне. Такім чынам атрымалася трохгоддзе беларускага жыцця, якое абсалютна памяняла ўвесь наш свет. Гэта дае нам глебу для разважанняў, што з гэтым рабіць далей».
Дарэчы, на гэтай прэзентацыі адбылася і першая афіцыйная прэм’ерай новай песні Лявона Вольскага «Калыханка» на вершы Аляксандра Лукашука. Гэта невыпадкова, бо словы гэтай песні з’яўляюцца прадмовай да выдання «Галасы Беларусі». У пятніцу Лявон Вольскі з вялікім канцэртам працягне святочныя мерапрыемствы Дня Волі, у Вільні прагучаць і прэм’еры і добра знаёмыя хіты.
Асноўныя ж мерапрыемствы да Дня волі пройдуць 25 сакавіка і пачнуцца з самага ранку: а палове на дзевятую ля будынка Сейма адбудзецца цырымонія ўзняцця бел-чырвона-белага сцяга. Гэтае мерапрыемства можна назваць пратакольным ці самым афіцыйным у праграме, чакаецца, што ў ім прымуць удзел літоўскія палітыкі і дыпламаты. Часовая павераная ў справах амбасады Літвы ў Беларусі Аста Андрыяўскене павіншавала беларусаў з надыходзячым святам.
«Вы ведаеце, што Літва – гэта краіна свабоды. Мы шануем і абараняем нашу свабоду і заўсёды дапамагаем усім, хто змагаецца за сваю свабоду. Таму свята нашых сяброў – Дзень Волі – гэта і наша свята. Я жадаю ўсім беларусам доўгачаканых пераменаў і прыгожай вясны».
Мерапрыемствы беларускай дыяспары ў Вільні распачнуцца з могілак Росы ад помніка Францішку Аляхновічу. Гэтае месца для беларусаў сімвалічнае – бо на аднаўленне помніка грошы збіралі як кажуць усім светам. Дарэчы і завершацца святочныя мерапрыемствы ля яшчэ аднаго «народнага» мемарыялу ў Коўне – помніка Клаўдзію Дуж-Душэўскаму, выбітнаму беларускаму архітэктару, журналісту і грамадскаму дзеячу, аўтару эскіза бел-чырвона-белага сцяга. Сродкі на гэты помнік таксама сабралі беларусы. Перш чым накіравацца ў Коўна, беларусы праедуць аўтапрабегам па літоўскай сталіцы, прымуць удзел у мітынгу на Лукішскай плошчы. У праграме ёсць і патрыятычны сплаў на байдарках – расказаў яго арганізатар Алег Мяцеліца.
«Сплаў Незалежнасці, так яго мы назвалі. Наша ідэя ў чым, што ў гэты дзень мы павінны быць не толькі на зямлі, аўтапрабег будзе, а таксама на вадзе, вось яшчэ трэба ў небе, можа хто арганізуе. Маршрут мы пачынаем з моста Шыла, праплываем па самым цэнтры і прыплываем мы на ЛітЭкспа. Дзесяць кіламетраў будзем плыць са сцягамі бел-чырвона-белымі. Запісацца можна тут».
«Сплаў Незалежнасці» выклікаў вялікую цікавасць сярод беларусаў, месцаў на ўсіх не хапіла і арганізатары вырашылі зрабіць яшчэ адзін дадатковы заплыў, а 14 гадзіне.
Для тых, хто ў Дзень Волі застанецца ў Вільні, і не паедзе да Коўна, таксама будзе чым заняцца. Пасля мітынгу на Лукішскай плошчы можна накіравацца ў старт-ап хаб Імагуру, там а 15 гадзiнe навучаць вырабляць шарнірных герояў, пакажуць відэа-вэрсію спектакля «Шабаны», пачастуюць арыгінальнымі беларускімі бургерамі. А 19 гадзіне плануецца акцыя ля беларускай амбасады.
Дзень волі не абмяжуецца толькі 25 сакавіка, мерапрыемствы працягнуцца ў Вільні і на наступны дзень: беларускую праграму падрыхтаваў музей імя Івана Луцкевіча, кажа яго дырэктар Людвіка Кардзіс.
«Запрашаем усіх 26 сакавіка да сябе, таму што 25 будзе шмат імпрэзаў, але святаў шмат не бывае. Мы чакаем усіх жадаючых а 14 гадзіне ля Вострай Брамы на шпацыр па мясцінах дзеячоў БНР. А 16 запрашаем на гарбатку, потым будзе лекцыя сп. Сяргея Харэўскага пра БНР, і завершыцца свята беларускім караоке».
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.