24 сакавіка ва ўкраінскім Львове ўрачыста адкрыецца выстава «З Украінай у сэрцы», прысвечаная беларусам, якія загінулі, абараняючы свабоду і Украіны, і Беларусі. Пачатак імпрэзы а 12-й гадзіне ў «Доме ваяра» (г. Львоў, вул. Тараса Бабаніча «Хамера», 1а). Вось што пра задуму і фармат выставы распавёў яе арганізатар, кіраўнік Дабрачыннага фонду «Вільна Білорусь» Аляксей Францкевіч.
Выстава «З Украінай у сэрцы» прысвечана беларускім героям, якія аддалі сваё жыццё ва Украіне супраць Расійскай імперыі, пачынаючы з 2014 года з Майдану. На фотавыставе будуць выстаўленыя партрэты загінулых герояў з гісторыямі іх жыцця. Будуць аўдыяматэрыялы, дзе яны распавядуць, чаму яны прыехалі ва Украіну і чаму яны тут ваявалі.
На выставу запрошаныя прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі, прадстаўнікі дыпламатычных устаноў. Будуць жонкі, маці, пабрацімы загінулых. Таксама прадстаўнікі шматлікіх грамадскіх арганізацыяў у Львове.
Карыстаючыся магчымасцю, хацеў бы запрасіць прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл таксама ўзяць удзел у гэтым мерапрыемстве. Таму што сёння гэта важна, бо гэтае мерапрыемства прысвечана 105-й гадавіне ўтварэння БНР – Дню Волі 25 сакавіка.
Запрашаю прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета, Офіса Святланы Ціханоўскай. Таму што я бачыў у інтэрнэце – ёсць інфармацыя, што яны зрабілі ўзнагароды сваякам загінулых. Таму, калі ў вас з’явіцца такая магчымасць, прыязджайце – вы зможаце ўзнагародзіць жонак, маці загінулых. Таму што хтосьці з іх абавязкова будзе на гэтым мерапрыемстве.
Гэтая выстава далей будзе выстаўленая ў еўрапейскіх сталіцах, у еўрапейскіх дзяржавах. І гэта пачатак існавання ва Украіне Музея Вольнай Беларусі, які будзе прысвечаны беларускім героям – беларусам, якія аддалі сваё жыццё за еўрапейскі выбар, за еўрапейскія каштоўнасці, за нашу будучыню, будучыню нашых дзяцей. 24 сакавіка прыедуць сваякі загінулых, яны прывязуць асабістыя рэчы загінулых і гэта ў будучыні будуць экспанаты дадзенага музея.
24 сакавіка ў нас адбудзецца гэтая выстава, а 25 сакавіка ў Дзень Волі а 12-й гадзіне мы будзем ускладаць кветкі каля помніка Шыдлоўскаму, дзе пахаваныя паўстанцы Каліноўскага.
Таксама хачу запрасіць беларусаў, якія зараз знаходзяцца ва Украіне, беларусаў, у якіх ёсць магчымасць прыехаць з Еўропы, будзем радыя вас бачыць!
Лічу, што гэтае мерапрыемства вельмі важнае. Таму што патрэбна ўвекапомніць памяць пра загінуўшых герояў. А мэта гэтай выставы, па-першае, гэта распавесці, што вайна ва Украіне пачалася не ў 22-м годзе, а ў 14-м, што з 14-га года беларусы таксама бяруць удзел у гэтай вайне супраць Расійскай імперыі, і тое, што беларусы аддаюць сваё жыццё не толькі за вольную Беларусь, за будучыню Украіны, але за будучыню ўсёй Еўропы, за будучыню ўсяго свету.
Comments are closed.