Loading

17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці пры прэзідэнце РФ Марыі Львовай-Бяловай. Што азначае выдача такога ордэра і наколькі рэальна яго выканаць мы спыталі ў юрысткі-міжнародніцы, кандыдаткі юрыдычных навук Кацярыны Дзяйкала.

Фота: people.onliner.by

— Ордэр на арышт выдаецца па прадстаўленні пракурора, калі пракурор палічыць, што ў яго ўжо дастаткова доказаў для таго, каб дапусціць, таму што канчатковую віну, натуральна, сцвярджае суд, але менавіта цяпер стандарт даказвання «разумныя падставы меркаваць», дык вось, калі ў пракурора ўжо набіраецца дастаткова доказаў, што ёсць разумныя падставы меркаваць, што канкрэтна гэтыя людзі здзейснілі гэтыя канкрэтныя злачынствы, то тады пракурор запытвае выдачу ордэра на арышт гэтых асобаў. Ну вось і гэты ордэр выдадзены.

Гэта азначае, што чалавек знаходзіцца ў статусе падазраванага. Ёсць канкрэтныя злачынствы, у здзяйсненні якіх ён падазраецца. У гэтым выпадку для Пуціна і Львова-Бяловай гэта два склады ваенных злачынстваў – незаконная дэпартацыя або перамяшчэнне, а асобна дэпартацыя або перамяшчэнне насельніцтва акупуемай тэрыторыі акупуючай дзяржавай. Прычым, у Пуціна падвоенае абвінавачванне, яго вінавацяць акрамя таго, што ён сам асабіста гэта здзяйсняў пэўнымі дзеяннямі, але яшчэ і ён як паводле артыкула «адказнасць камандзіраў ды іншых начальнікаў» за неналежны кантроль над сваімі падначаленымі – то бок, над Львовай-Бяловай, адпаведна.

Пракурор называе тры асноўныя дзеянні, з сукупнасці якіх у яго з’явіліся дастатковыя падставы меркаваць, што гэтыя людзі здзейснілі гэтыя злачынствы. Па-першае, сам вываз дзяцей, па-другое, іх перадача ў сем’і для ўсынаўлення, і па-трэцяе, змена заканадаўства дэкрэтам прэзідэнта, каб паскорыць атрыманне гэтымі дзецьмі расійскага грамадзянства, палегчыўшы такім чынам іх усынаўленне расійскімі сем’ямі.

З гэтага пракурор робіць выснову, што гэта не вываз з нейкімі гуманітарнымі мэтамі, каб іх уратаваць ад вайны, як гэта прэзентуюць расійскія ўлады, а гэта незаконная дэпартацыя з мэтай наўмысна вывозіць дзяцей з іхняй краіны, гвалтоўна іх асіміляваць і пазбаўляць нацыянальнай ідэнтычнасці. Ну і пракурор адзначае, што дзеці такім чынам практычна выкарыстоўваюцца як ваенныя трафеі.

Важна сказаць, што гэты ордэр бестэрміновы. Увогуле паводле Статуту ордэр выдаецца да таго часу, пакуль суд не загадае іншае, але вось пракурор на наступны дзень пасля выдачы ордэра пацвердзіў, што гэты ордэр пажыццёва будзе дзейнічаць – пакуль яны не паўстануць перад судом, альбо будуць апраўданыя.

Асноўнае юрыдычнае наступства палягае ў тым, што краіны-чальцы Рымскага Статуту павінны выдаць такіх людзей, як толькі яны з’яўляюца на іх тэрыторыі. У цяперашні момант гэта 123 краіны свету. Перасоўванні такіх людзей, якія знаходзяцца пад ордэрам МКС, адсочваюцца, і, як толькі яны трапляюць на тэрыторыю краіны-ўдзельніцы Статуту, то адразу ж суд запытвае ў гэтай краіны прававой дапамогі, то бок, арышт і выдачу.

З гэтай Львовай-Бяловай, насамрэч, меней праблемаў, бо ў яе і імунітэту няма і яна ў прынцыпе не тая, каго будуць баяцца арыштаваць, але з ёй жа і менш імавернась, што яна некуды паедзе. А што тычыцца ўзроўню кіраўніка дзяржавы, то ў гісторыі МКС ды іншх міжнародных судоў і трыбуналаў не было выпадкаў, калі арыштоўвалі і выдавалі суду дзейнага кіраўніка дзяржавы. Але выпадкі выдачы і надання суду былога кіраўніка дзяржавы былі. І Пуцін шосты ў гэтым шэрагу.

Ёсць яшчэ праблема імунітэту. Перад Міжнародным крымінальным судом імунітэт кіраўніка дзяржавы не мае значнасці, але ў міждзяржаўных дачыненнях мае. І гэта такая калізія, якая таксама часта адыгрывае ролю. Гэта ўжо, як дзяржавы паміж сабой пагодзяцца. Але ў выніку, усё роўна, як паказвае практыка – вось гэтыя пяць папярэдніх выпадкаў, калі ордэр выдаваўся на дзейнага кіраўніка дзяржавы, усе яны паўсталі перад судом альбо памерлі, альбо і адно і другое.
Але ў гэтага ордэра і цяпер ёсць юрыдычныя наступствы. Крыніцы блізкія да атачэння Пуціна кажуць, што яны не ведаюць, як планаваць ягоную перадвыбарчую кампанію, таму што яны збіраліся пазіцыянаваць яго як такога чалавека, які аб’ядноўвае краіны трэцяга свету ў супрацьстаянні з Захадам, але для гэтага ён мусіць у іх ездзіць. І цяпер яны кажуць, што «мы не можам планаваць гэтыя візіты».

— Многія задаюць пытанне, што, маўляў, калі ордэр выдадзены толькі за незаконную дэпартацыю дзяцей, то Міжнародны крымінальны суд не вызнаў іншыя злачынствы, тое, што адбывалася ў той жа Бучы, само развязванне агрэсіўнай вайны і іншыя злачынствы, якія як бы навідавоку.

— Адносна агрэсіі: злачынства агрэсіі трапляе пад юрысдыкцыю Суда толькі з 2018 года. І, адносна сітуацыі менавіта на тэрыторыі Украіны – Украіна сама не ратыфікавала Статут МКС, але яна вызнала яго юрысдыкцыю адмысловай заявай яшчэ ў 2015 годзе датычна злачынстваў, здзейсненых на Данбасе і на Майдане. Таму менавіта датычна самога злачынства расійскай агрэсіі МКС не мае юрысдыкцыі. Менавіта таму ж і паўстала пытанне пра стварэнне асобнага трыбуналу для Пуціна і Лукашэнкі. Таму што такой як бы атрымаўся юрыдычны прабел.

Што тычыцца іншых ваенных злачынстваў – Буча ды іншае, яшчэ раз звярну ўвагу, што стандарт даказвання для выдачы ордэра – «разумная падстава меркаваць». І крымінальная індывідуальная адказнасць на міжнародным узроўні гэтак жа абапіраецца на агульныя прынцыпы крымінальнага права і прынцып вінаватасці найперш. У дадзеным выпадку – чаму дзеці пайшлі першыя, і, трэба сказаць, што гэта можа быць зусім не адзіны, найбольш імаверна, будзе не адзіны ордэр. Іх можа быць некалькі на розныя злачынствы.

Значыць, назбіралася дастатковых доказаў для таго, ка выдаць ордэр паводле стандарту даказвання пакуль толькі на гэта. Акрамя таго, дзеці ў прынцыпе з’яўляюцца адной з катэгорыяў цывільнага насельніцтва, якая асабліва абароненая Жэнеўскай канвенцыяй, яны – уразлівая група. І таму на іх абарону, на спыненне (дэпартацыяў) скіраваны гэты ордэр таксама. То бок, гэта як стрымліваючы чыннік для таго, каб далей так не рабілі, таму што працягваецца ж гэты вываз.

І, варта сказаць, што ў тым, што гэта аказалася даказаць найхутчэй, вялікі ўнёсак саміх расійскіх уладаў і іхніх прапагандыстаў. Таму што, кажучы пра нейкія гуманітарныя мэты вывазу гэтых дзяцей, увесь час яны падкрэслівалі простым тэкстам, што яны хочуць іх нейкім чынам дэўкраінізаваць, нейкім чынам спыніць іх антырасійскія настроі, казалі, што яны ўсе там накачаныя антырасійскай прапагандай і вось мы з гэтым будзем працаваць. То бок, яны самі вельмі моцна палегчылі працу Міжнароднаму крымінальнаму суду ў гэтым плане.

Цалкам размову з Кацярынай Дзяйкала слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.