Loading

Расійская прапаганда падае як міжканфесійны скандал, як ганенне на праваслаўную царкву тое, што ва Украіне ўлады разарвалі дамову арэнды памяшканняў нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка «Кіева-Пячэрская лаўра» з мясцовай філіяй Расійскай праваслаўнай царквы, якая, адчуваючы праблемы праз сваю назву, звязаную з Масквой, на фоне вайны змяніла гэтую назву, адкінуўшы ад яе ўдакладненне «Маскоўскага патрыярхату» і пакінула толькі назву «Украінская праваслаўная царква». Праз скасаванне дамовы арэнды прадстаўнікі УПЦ мусілі пакінуць памяшканні Кіева-Пячэрскай лаўры да 29 сакавіка. Але яны гэтага не зрабілі. 31 сакавіка, калі ў Лаўру паспрабавала трапіць адпаведная дзяржаўная камісія для ацэнкі і прыёмкі маёмасці, служкі УПЦ і шэраг прыхаджан пачалі чыніць перашкоды і не прапусцілі камісію на тэрыторыю нацыянальнага запаведніка. Паступова да Лаўры пачалі сцягвацца праўкраінскія людзі. Ужо які дзень запар на ўваходзе ў Лаўру доўжыцца супрацьстаянне прыхільнікаў афеляванай з Расіяй царквы і тых, хто супраць яе знаходжання ў старажытным святым месцы і ўвогуле ва Украіне. Апошнія скандуюць вокліч «Гэць маскоўскага папа!». Мы паразмаўлялі пра сітуацыю і тое, як яна выглядае для вонкавага назіральніка – як з Усходу, так і з Захаду, з украінскім палітолагам, дырэктарам Інстытута Сусветнай палітыкі Яўгенам Магдам.

— Усё пачалося ў 2019 годзе, калі паўстала Праваслаўная царква Украіны, прызнаная Сусветным патрыярхатам, аўтакефальная, то бок, самастойная, царква, якая не падначалена Маскве. Трэба ўзгадаць, што Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату – не проста адна з праваслаўных цэркваў. Тут сітуацыя ва Украіне даволі цікавая, таму што, сапраўды, фактычна дзве царквы і ў іх між сабою вельмі складаныя адносіны.

Насамрэч, існаваў і нават, наколькі я памятаю, вызнаны канстытуцыйным, законапраект, які прадугледжвае, што трэба называць Украінскую праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату Расійскай праваслаўнай царквой ва Украіне. Так бы мовіць, для таго, каб вернікі не блыталіся.

У перыяд з 2019 па 2023 год украінская ўлада была больш лаяльнай да ўкраінскай філіі Расійскай праваслаўнай царквы. Гэтаму ёсць шэраг прычынаў, пра гэта можна доўга гаварыць, але ёсць колькі фактаў. Каля 10 святароў гэтай царквы былі затрыманыя як шпіёны ці карэктавальнікі агню, некаторыя з іх асуджаныя, а адзін ці два ўжо нават абмененыя ў Расію. Гэта за 13 месяцаў пасля шырокамаштабнага ўварвання.

Гэта не дае падставаў вызнаць усю Расійскую праваслаўную царкву ва Украіне злачыннаю, але ўзнімаць пытанне пра магчымую забарону можна. Паводле аналогіі – у нас забароненыя камуністычная і шэраг прарасійскіх партыяў. Таму тут, мне падаецца, гэта дастаткова лагічна.

Што тычыцца Лаўры. Па-першае, Лаўра ў цэлым – гэта запаведнік. І спачатку Расійская праваслаўная царква, а потым УПЦ Маскоўскага патрыярхату арэндавала яе ў дзяржавы. Дзяржава вырашыла разарваць гэтую арэнду. Я не бачу ў гэтым нічога крамольнага, нічога дзіўнага.

Тут яшчэ заўважная фігура кіраўніка ад Расійскай праваслаўнай царквы – спадара Лебедзя. Ён – Пятро Лебедзь, але ў царкоўным найменні ён мітрапаліт Павел. Недзе з 10 гадоў таму ён быў дэпутатам Кіеўрады ад Партыі рэгіёнаў (партыя Віктара Януковіча, які ўцёк у Расію з пасады Прэзідэнта Украіны ў выніку Майдану годнасціРЎ). Яго пазіцыя датычна медыя, датычна яго апанентаў у хрысціянскім праваслаўным свеце заўжды адрознівалася такім дастаткова паказальным хамствам.

А фотаздымкі з вобшукаў у ягоным памяшканні паказалі, што ён, падобна, схільны да аднаго са смяротных грахоў – да ганарлівасці. Хай яму па царкоўнай лініі вызначаюць, як ён гэта мае адказваць. Пакуль яму вылучыла СБУ падазрэнне, і ён пад хатнім арыштам будзе 2 наступныя месяцы. То бок, ён не будзе на велікодным набажэнстве, калі, канешне, ён не хоча парушыць умовы хатняга арышту. Я думаю, што пасля таго, як мітрапаліт Павел пазбаўлены магчымасці хадзіць на працу, энтузіязм тамтэйшай браціі істотна зменшыцца. І паступова расійскі ці то маскоўскі дух з Лаўры будзе выветрывацца.

— Калі паглядзець на ўсё гэтую сітуацыю з гледзішча правоў чалавека, дэмакратычных каштоўнасцяў, якія пануюць у краінах-партнёрах Украіны, якія зараз дапамагаюць у вайне, то з падачы расійскай прапаганды гэта сапраўды выглядае як парушэнне свабоды сумлення. У той жа час афіцыйных тлумачэнняў пазіцыі дзяржавы не дужа бачна. Чаму дзяржава маўчыць?

— Відавочна, што сярод прадстаўнікоў цяперашняй улады дастаткова шмат прыхільнікаў Расійскай праваслаўнай царквы ва Украіне. Гэта, па вялікім рахунку, у нейкай супені іхняе права. Бо царква і ва Украіне, і ў Беларусі і, дарэчы, у Расіі, адасобленая ад дзяржавы. Але ёсць права, а ёсць рэаліі вайны. І калі ідзе вайна, фактычна, за незалежнасць Украіны, то магчымасць уплываць на мазгі людзей важыць вельмі дорага. І, адпаведна, там трэба належным чынам дзейнічаць.

Чаму ўлада гэта не рабіла – я не ведаю. Я дапускаю, што расійская прапаганда ўжо днямі будзе не толькі ў сваіх тэлешоў, але яна будзе гуляць са Злучанымі штатамі на тэму свабоды сумлення. І будзе рабіць гэта максімальна актыўна. Таму пра гэта трэба было падумаць загадзя. Таму што рашэнне пра высяленне было загадзя і трэба было проста правесці брыфінг з прадстаўнікамі заходніх медыяў, пастасавацца з імі, патлумачыць, што адбываецца. Тым больш, што фактаў разнастайных дастакова шмат. Бо для Злучаных штатаў пытанне свабоды сумлення дзесяцігоддзямі ёсць адным з крытэраў дэмакратычнасці.

Мне прыкра, што ў нас пра гэта забыліся. Таму – ёсць праблема з гэтым. Але будзем спадзявацца, што так ці інакш яна будзе вырашана і мы, нарэшце, пазбавімся расійскага духу, не пазбавіўшыся міжканфесійнага міру.

Цалкам размову са спадаром Яўгенам Магдам слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.