Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў пра тое, што ў Беларусі будзе размешчаная расійскай тактычная ядзерная зброя. Пры гэтым Пуцін сцвярджае, што гэта не будзе парушэннем дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі, паколькі кантралявацца гэтая зброя будзе Расіяй і гэтыя дзеянні такія самыя як размяшчэнне Злучанымі Штатамі Амерыкі сваёй ядзернай зброі на тэрыторыі такіх неядзерных дзяржаваў, як Нямеччына, Італія альбо Турэччына. Ці сапраўды такія намеры Расіі не парушаюць міжнародныя дамовы, навошта гэта Лукашэнку і якія могуць быць міжнародныя наступствы для Беларусі абмеркавалі з палітычным аглядальнікам Валерам Карбалевічам.
— Ці адпавядае намер Расіі размясціць у Беларусі ядзерную зброю міжнародным дамовам, у якіх удзельнічаюць Расія і Беларусь?
— Не такое простае пытанне. Міжнародныя дамовы – даволі такія супярэчлівыя. Ёсць дамова аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі. Але гэтую дамову выконваюць толькі тыя дзяржавы, якія далучыліся да гэтай дамовы. Шэраг дзяржаў не далучыўся да гэтай дамовы, і мае поўнае права яе не выконваць.
Пуцін заяўляе, што няма парушэння дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі, паколькі гэтая зброя, якая будзе размешчана на тэрыторыі Беларусі, будзе расійскай зброяй, і менавіта Расія будзе кантраляваць зброю і магчымае яе прымяненне. Але адначасова высвятляецца, што беларускія самалёты пераабсталяваныя для нясення гэтай зброі і на гэтых самалётах будуць беларускія экіпажы. І таму ўзнікае пытанне, каму ж будуць падпарадкоўвацца гэтыя беларускія экіпажы беларускіх самалётаў з расійскай ядзернай зброяй – расійскаму кіраўніку, ці беларускаму кіраўніку. Вось на гэтае пытанне няма нейкага ўцямнага адказу, таму пытанне пра магчымае парушэнне гэтай дамовы як бы вісіць у паветры.
— Як з’яўленне ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі змяняе расклад сіл у рэгіёне?
— Гэта павялічыць напружанне ў рэгіёне, павялічыць падазрэнне тых бакоў, якія супрацьстаяць адзін другому, і панізіць парог магчымага прымянення ядзернай зброі. Таму што ўвесь час блефаваць Расія, канешне, можа, але чым больш яна будзе пужаць, блефаваць, тым менш будзе даверу да яе пагрозаў. Таму, калі краіна хоча, каб у словы яе кіраўніка верылі, то рана ці позна даводзіцца рэалізоўваць свае пагрозы. І вось гэта стварае небяспечную сітуацыю магчымага прымянення гэтай зброі.
— Ці ставіць размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі рэжым Лукашэнкі і Беларусь, як дзяржаву, у залежнасць ад Пуціна і ад Расіі?
— Безумоўна, ставіць. Залежнасць ад Расіі павялічваецца, суверэнітэт Беларусі змяншаецца, звужаецца. Асабліва ў абароннай сферы. Бо, калі на тэрыторыі краіны будзе знаходзіцца ядзерная зброя, якая кантралюецца суседняй дзяржавай, яе прымяненне кантралюе суседняя дзяржава, то, зразумела, гэта рэзка звужае суверэнітэт Беларусі. Тым больш, што, мусіць, дзеля аховы гэтай зброі спатрэбяцца нейкія расійскія вайсковыя падраздзяленні. І да таго ж, мы бачым сітуацыю, калі гэтай зброяй будзе распараджацца, скажам так, чалавек, у рацыянальнасці дзеянняў якога ёсць вялікія сумненні – маю на ўвазе Пуціна. Усё гэта стварае небяспечную сітуацыю ўцягвання Беларусі ў магчымы, верагодны абмен ядзернымі ўдарамі.
— Чаму тады Лукашэнка заяўляе, што гэта ён папрасіў Пуціна пераабсталяваць тыя самалёты і даць у Беларусь гэтую ядзерную зброю?
— Усе дыктатарскія рэжымы, якія знаходзяцца ў сітуацыі міжнароднага ізгойства, заўсёды імкнуцца атрымаць ядзерную зброю. Мы ведаем, што і Куба хацела, калісьці, яшчэ ў 60-я гады, калі ўзнік Карыбскі крызіс, іранская ядзерная праграма выклікала вялікі канфлікт у кааліцыі дзяржаў на чале з ЗША, мы ведаем і як Паўночная Карэя рэгулярна «ставіць на вушы», што называецца, увесь свет, калі пачынае праводзіць выпрабаванні сваіх ці то ракет, ці то бомб.
І беларускі рэжым у гэтым сэнсе дзейнічае па той жа логіцы. Лукашэнка здаўна, яшчэ з 90-х гадоў казаў, што добра было б, калі б у Беларусі была ядзерная зброя, не хацеў яе выводзіць з тэрыторыі Беларусі, нават быў нейкі невялікі канфлікт з Расіяй у той час, у 95-м годзе. Ён увесь час прапаноўваў вяртаць гэтую зброю, і казаў, асабліва пасля вайны Югаславіі і НАТА, што тыя краіны, якія маюць ядзерную зброю, не бамбяць. І вось гэтая логіка, мне падаецца, і кіруе паводзінамі Лукашэнкі.
Зараз беларуская прапаганда тлумачыць насельніцтву, чаму патрэбна ядзерная зброя, і там адзін з важных тэзісаў – гэта тое, што на краіны, якія маюць ядзерную зброю, ніхто не нападае. То бок, на думку Лукашэнкі, ядзерная зброя павышае палітычную вагу краіны, павышае бяспеку краіны. Наколькі гэта так – гэта іншая справа, але вось такія настроі, я думаю, і кіравалі Лукашэнкам.
Ну і акрамя таго, ёсць жа такі матыў, што адна справа пужаць Захад ядзернай зброяй. Лукашэнка гэта любіць, гэта яго любімая тактыка, любімы стыль – увесь час шантажаваць заходнія краіны ці міграцыйным крызісам, ці яшчэ нейкімі рэчамі, ці нейкімі там ваенным вучэннямі. Ну а вось ядзерная зброя – гэта самы такі жалезабетонны аргумент у канфлікце з Захадам: вось я напужаю, і яны спужаюцца і, магчыма, пойдуць на саступкі. А што справа дойдзе да рэальнага размяшчэння тут ядзернай зброі, магчыма, ён і не спадзяваўся на гэта. Ён задавальняўся тым, што пужаў. Ну а Пуцін цяпер сказаў: «Давай! Давай размесцім». А цяпер куды яму саступаць? Ну, гэта, зноў жа, – версіі. Цяжка сказаць, якія там перамовы адбываюцца паміж імі.
— Наколькі рэакцыя міжнароднай супольнасці адэкватная тым пагрозам, якія ўзнікаюць?
— Цяжка сказаць наколькі яна адэкватная, але яна даволі спакойная. Калі Пуцін хацеў такой заявай, такім рашэннем напужаць заходнія краіны, прымусіць іх адступіць, прымусіць іх да меншай падтрымкі Украіны, то пакуль ніякіх прыкметаў таго, што гэты шантаж спрацоўвае, няма. Думаю, што такая рэакцыя будзе і далей, паколькі Захад перастаў моцна рэагаваць на словы, а будзе рэагаваць, хутчэй, на нейкія дзеянні.
— Калі ядзерная зброя будзе дастаўленая з Беларусь, як бы Вы спрагназавалі рэакцыю міжнароднай супольнасці?
— Можна спрагназаваць якія гэта наступствы будзе мець для Беларусі. Таму што дасюль Захад адрозніваў пазіцыю Беларусі і пазіцыю Расіі. Захад бачыў, што Беларусь не ўступіла ў паўнавартасную вайну з Украінай, не ўвяла туды свае войскі, і таму маштаб санкцый быў трохі розны. Санкцыі адносна Расіі былі больш моцнымі, чым адносна Беларусі. Ну а цяпер жа, я мяркую, што санкцыі адносна Беларусі будуць узмацняцца. І, магчыма, што Захад не будзе бачыць асаблівай розніцы паміж пазіцыяй Беларусі і пазіцыяй Расіі.
Comments are closed.