Loading

Акцыя з нагоды другой гадавіны зняволення беларускага журналіста, актывіста польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі Анджэя Пачобута прайшла 27 сакавіка ў Беластоку каля помніка святару Ежы Папялушку. Прысутныя на ёй прадстаўнікі польскіх арганізацый, беларускай дыяспары выказалі сваю салідарнасць з Пачобутам, а таксама з усімі палітычнымі зняволеннымі рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

Анджэй Пачобут, а таксама чацвёра іншых актывістак Саюзу палякаў Беларусі – Анжаліка Борыс, Ірэна Бярнацкая, Марына Цішкоўская і Ганна Панішава апынуліся ў лукашэнкаўскіх засценках у сакавіку 2021 года. З таго моманту кожны месяц у Беластоку праходзяць акцыі салідарнасці. Зараз за кратамі знаходзіцца асуджаны на восем гадоў журналіст Анджэй Пачобут.

Намеснік старшыня Саюзу палякаў Беларусі Марэк Занеўскі, выступаючы на акцыі адзначыў, што, цяжкая сітуацыя ў Анджэя, як і ў іншых палітвязняў у Беларусі, якіх ужо амаль паўтары тысячы. «Я так падумаў, што кожны раз, як буду штосьці казаць пры гэтым помніку, то буду апрача Анджэя, нагадваць яшчэ аб кімсьці, хто цяпер пакутуе, хто цяпер сядзіць, сядзіць несправедліва, і сядзіць за вольную Беларусь. Апошні раз я казаў пра Алеся Бяляцкага, а сёння хачу сказаць аб нашай каляжанцы з Гродна, аб дзяўчыне, аб адвакатцы, аб Юліі Юргілевіч, якая была затрыманая разам з журналістам Паўлам Мажэйка, і цяпер знаходзіцца як і Анджэй, як і Павел, у СІЗА ў Гродне. Несправедліва затрыманая, дапамагала ўсім яшчэ ад 10 гадоў. Дапамагала ва ўсіх палітычных справах. Здаралася, што дапамагала нават бясплатна. А калі пачаліся гэтыя рэпрэсіі ў Беларусі цалкам пагрузілася ў дапамогу людзям. І сапраўды ёсць вялікая колькасць людзей, удзячных ёй за гэта», заявіў Марэк Занеўскі.

На фота: Марэк Занеўскі.

Ганна Кетліньская, віцэ-прэзідэнт Беластоцкага аддзелу арганізацыі «Вспульнота Польска», нагадала, што такія штомесячныя спатканні варта разглядаць яшчэ як інфармацыйныя, дзе распавядаецца, што было ў апошнія тыдні. А за гэты час культурна-асветніцкая арганізацыя «Польска мацеж школьна» ў Гродне пазбавілася сваёй сядзібы.

«Таго месца, як «Польска Мацеж школьна» ўжо няма. Будынак быў прададзены. І зараз не ведаем, які будзе лёс, якое будзе прызначэнне таго месца. У той жа час важна, каб мы мелі разуменне, што польская меньшасць у Беларусі ёсць упартай грамадскай групай, і тая адукацыя паланійная і навука польскай мовы надалей працягваецца. Прыняла іншыя формы – форму падпольную, форму такую партызанскую. Ну і нашы суродзічы там змагаюцца за польскасць, за польскую спадчыну», – распавяла Ганна Кетліньская.

На фота: Ганна Кетліньская.

Пра важнасць публічных акцый салідарнасці з беларускімі палітвязнямі казаў гродзенскі актывіст Сяргей Верамеенка, які заклікаў абавязкова прыходзіць на такія мерапрыемствы.

На фота: Сяргей Верамеенка.

Поўны рэпартаж слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.