Часопіс без цэнзуры і самацэнзуры – такім пазіцыянуе выданне «Мінкульт» яго выдавец, пісьменнік Сяргей Календа, які завітаў з Вільні ў Беласток спецыяльна на прэзентацыю. У сваю чаргу пісьменнік Алесь Аркуш называе часопіс легендарным.
Часопіс, шосты выпуск якога першымі пабачылі жыхары Беластоку, змяшчае прозу 21 беларускага пісьменніка. Акрамя беларускамоўных, там публікуюцца і рускамоўныя тэксты, бо Сяргей Календа, які займаецца выдаваннем часопіса, лічыць, што беларускі пісьменнік можа пісаць на любой мове і згодны з меркаваннем рускамоўнага беларускага літаратара Сашы Філіпенкі, што рускую мова трэба забраць у Пуціна.
Пачынаючы прэзентацыю, Сяргей Календа шмат распавядаў пра папярэдніка «Мінкульта» – самвыдатаўскі часопіс «Макулатура», які выходзіў каля дзесяці гадоў таму да 2015 года. Ліцэнзію на яго выданне Сяргей Календа і яго паплечнікі атрымліваць не хацелі, бо інакш гэта, на іх думку, было б падпаданнем пад цэнзуру. Кожны нумар часопіса меў сваю асобную назву і быў прысвечаны якой-небудзь асобе ці падзеі. Напрыклад, чацвёрты змяшчаў творы аб Англіі, і на яго прэзентацыю, якая тады адбывалася ў Мінску, прыехаў нават пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі. Паводле Сяргея Календы, пасля гэтага нумары сталі купляць, але, як сцвярджае выдавец, масавым продажам, ён не займаўся. У апублікаваных дзевяці нумарах было каля 400 тэкстаў. Яны ўсе ёсць у электроннай бібліятэцы «Камунікат» у інтэрнэце.
У 2017 годзе ўзнікла ідэя стварыць новы самвыдатаўскі часопіс «вольны ад усяго на свеце», па сцвярджэнні выдаўца, з назвай «Мінкульт» – своеасаблівы тролінг Міністэрства культуры Беларусі, якое чамусьці ўзяла на сябе права вырашаць, што ёсць літаратурай, а што не.
Гэты часопіс таксама выходзіў і выходзіць без уцямных выхадных дадзеных за кошт ахвярадаўцаў, якім цікава чытаць такую прозу. Кожны яго нумар таксама мае тэматычную накіраванасць. Так, прэзентаваны шосты змяшчае расповяды пра падарожжы, рэлакацыю і эміграцыю.
Паводле Сяргея Календы, часопіс арыентаваны на людзей ад 16 гадоў да 90 гадоў, і тэксты не пакінуць у спакоі чытача.
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.