Зрабіць Беларусь зноў ядзернай зонай, пры гэтым не зрабіўшы ядзернай дзяржавай – гэта агучаныя нядаўна Пуціным планы размяшчэння ў Беларусі расійскага тактычнага ядзернага ўзбраення і адна з асноўных тэм, якая вярнула нашу краіну ў зону ўвагі сусветных палітычных гульцоў. Колішні кіраўнік дэлегацыі Рэспублікі Беларусь на перамовах аб ядзерным раззбраенні, якія адбываліся ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя пасля абвяшчэння былымі савецкімі рэспублікамі незалежнасці, а цяпер каардынатар грамадзянскай ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў апублікаваў сваю заяву, у якой заклікае свет актывізаваць супрацьдзеянне намерам расійскага і беларускага дыктатараў. Мы абмеркавалі сітуацыю і ягоную заяву са спадаром Андрэем Саннікавым.
— Хто быў ініцыятарам перамоваў з новымі незалежнымі краінамі аб ядзерным раззбраенні, якая была пазіцыя Беларусі і як праходзілі перамовы?
— Было відавочна, што, калі ў Віскулях дэнансавалі дамову аб стварэнні Савецкага саюза, то ядзерная зброя засталася на тэрыторыі незалежных рэспублік, у тым ліку і Беларусі. Адразу амерыканцы і расіяне спрабавалі зрабіць так, каб мы падпісалі і ўсё, а яны б там далей дамаўляліся. Але ж, на нашай тэрыторыі была ядзерная зброя, і мы тады занялі жорсткую пазіцыю, што без нас нічога нельга вырашаць. Па-першае, мы хацелі ведаць, што адбываецца на нашай тэрыторыі, бо гэта ўсё кантралявалася Масквой.
Мы падпісалі гэта, потым быў падпісаны Лісабонскі пратакол, што мы пагаджаемся, што гэта кантраляваць будзе Расія. У 1994-м годзе быў Будапешцкі мемарандум, што мы далучыліся да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ў якасці няядзернай дзяржавы.
— Якой была пазіцыя Беларусі адносна валодання ці невалодання ядзернай зброяй?
— Такога пытання не было, таму што мы не валодалі ніколі – ні мы, ні ўкраінцы, ні казахі. Кантроль захоўваўся ў Маскве. Тым больш, што на нашай тэрыторыі былі балістычныя ракеты – гэта найбольш складаныя, там ёсць некалькі ступеняў, калі прымаецца код, калі ён актывізуецца. Пытанне было, што мы павінны былі нешта атрымаць за тое, што пагаджаемся дабраахвотна стаць няядзернай дзяржавай і далучыцца да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. І мы сталі першай дзяржавай у свеце, якая сама адмовілася ад валодання ядзернай зброяй. Потым была Паўднёвая Афрыка (ці можа мы адначасова), потым Украіна, потым Казахстан.
— Вы ў сувязі з намерамі Расіі зноў размясціць у Беларусі ядзерную зброю апублікавалі заяву. Каму яна адрасаваная і якія асноўныя яе пасылы?
— Асноўныя пасылы, што гэта вельмі небяспечна. Мяне вельмі бянтэжаць тыя каментары, якія з’явіліся, нават з афіцыйных крыніц, што пакуль гэта заявы, пакуль мы не бачым ніякага руху ў гэтым накірунку. Які рух можа быць? Тактычную ядзерную зброю можна завезці за лічаныя хвіліны на тэрыторыю Беларусі. Трэба жорстка рэагаваць.
Якія былі прапановы? Першае – склікаць Раду бяспекі ААН. Таму што Будапешцкі мемарандум тады не заўважылі і нічога не зрабілі, што павінны былі зрабіць, перш за ўсё Злучаныя штаты, Англія, Францыя – я маю на ўвазе і акупацыю Крыма і Данбаса, і потым пачатак маштабнай агрэсіі ў лютым мінулага года. Трэба было тыя крокі, якія прадугледжаны, прынамсі, кансультацыі праводзіць паміж гэтымі ядзернымі дзяржавамі. І нічога не было зроблена. Давайце рабіць зараз!
І першы крок – гэта Рада бяспекі ААН. Другі крок – гэта, давайце, усё ж, быць паслядоўнымі: Пуцін зараз міжнародны злачынца (падазраваны ў ваенных злачынствах – РЎ), ёсць ордэр на арышт Пуціна, з’явіўся даклад Вярхоўнага камісара па правах чалавека, які кажа, што рэжым Лукашэнкі здзяйсняў злачынствы, якія можна кваліфікаваць, як злачынствы супраць чалавечнасці. Ну так давайце прымаць больш жорсткія меры.
Я ўсцешаны, што ў пятніцу адбудзецца пасяджэнне Рады бяспекі ААН. То бок, гэты першы крок ужо зроблены. Добра, што ў пятніцу, бо гэта 31 сакавіка, а з 1 красавіка Расія пачне кіраваць Радай бяспекі, як старшыня, не маючы такіх маральных падставаў, і там, канешне, шанцаў будзе менш. Я прапаноўваў узняць планку тых мер, якія можна прадпрыняць у дачыненні да гэтай вельмі небяспечнай сітуацыі. Зараз ужо пайшоў пэўны розгалас, што гэта можа нас завесці ў такую тупіковую ядзерную пастку.
— Як бы Вы ацанілі тыя пагрозы, якія гэта ўсё нясе для Беларусі і для суседніх краінаў?
— Напэўна многія чулі ацэнкі і прагнозы вядомага гісторыка Юрыя Фельшцінскага. Ён кажа, што вялікага сэнсу ўжывання ядзернай зброі супраць Украіны ён не бачыць, і хутчэй за ўсё гэта будзе ўжыта супраць суседзяў, таму што гэта проста не лагічна і логіка ёсць у тым, каб нанесці ядзерны ўдар па Польшчы, па краінах Балтыі. А я ўзгадваю «Запад-2009», «Запад-2012» – гэтыя буйныя манеўры на тэрыторыі Беларусі, якія арганізоўвала Расія. І там адзін са сцэнарыяў быў ядзерны ўдар па Варшаве.
То бок, гэта не проста нейкія выбрыкі Пуціна. Гэта даўно разглядаецца, як элемент вайны супраць Украіны і супраць Еўропы. То бок, логіка Фельшцінскага такая: Расію ўжо запэўнілі, што калі будзе ядзерны ўдар з боку Расіі, Злучаныя штаты не будуць адказваць ядзерным ударам. Я не ведаю, навошта гэта было рабіць – нейкае глупства чарговае. А вось, калі будзе ўдар з тэрыторыі Беларусі – таксама, як кажа Фельшцінскі, я тут пагаджаюся з ім, – па каму біць? Беларусь не кантралюе гэтую зброю, а па Расіі, яны сказалі, што не будуць біць.
Небяспека для Беларусі ў тым, што, калі мы вывелі ядзерную зброю, то мы перасталі быць аб’ектам удару ў адказ. Калі зараз з’явіцца тактычная ядзерная зброя, то проста вымушаныя будуць краіны, дзе ёсць ядзерная зброя, перанакіраваць частку сваіх ракет на тэрыторыю Беларусі.
— Ці сапраўды Беларусь не будзе мець кантролю над гэтай зброяй і не будзе парушэння дамоваў аб нераспаўсюдзе?
— Пакуль не будзе. Тут небяспека ў тым, што тактычная ядзерная зброя можа кантралявацца двума ключамі. Я думаю, што на гэтым Лукашэнка будзе настойваць. А што значыць падвоены ключ, то бок, там узгадняюцца рашэнні паміж Крамлём і Мінскам. А гэта значыць, што ў пэўны час гэты падвоены ключ можа быць адным ключом, які будзе ў Лукашэнкі.
— Якія крокі Вы прапануеце міжнароднай супольнасці і як Вы ацэньваеце тую рэакцыю, якая ўжо зараз ёсць?
— Я кажу – самае істотнае тое, што будзе Рада бяспекі. Ёсць зараз розныя розгаласы. Я бачу, што і Байдэн зрэагаваў, сказаў, што гэта небяспека. І я лічу, што ў гэтым накірунку трэба рухацца. І трэба, усё ж такі, прымаць больш жорсткія меры ў рамках міжнароднага права, чым прымаліся дагэтуль. Таму што злачынцы – Лукашэнка і Пуцін, плююць на гэтае права.
У нас больш за 5000 палітвязняў і рэпрэсіі працягваюцца. Таму што гэта злачынны рэжым. Я думаю, што трэба арганізоўваць трыбунал. Я думаю, што гэтыя планы павінны стаць сігналам для таго, каб міжнародная супольнасць стварыла міжнародны трыбунал па ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці, якія адбываюцца ў Беларусі. Я лічу, што ўсе мы павінны казаць пра небяспеку гэтага – перш за ўсё мы – беларусы, патрабаваць жорсткіх дзеянняў, каб спыніць не толькі гэтыя планы, а спыніць дзейнасць гэтых рэжымаў.
Comments are closed.