30 сакавіка 1918 года сучасная беларуская мова ўпершыню стала адзінай дзяржаўнай. Такое рашэнне прыняў у той дзень Народны Сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі. Пра тое, чаму так адбылося і аб чым гэта сведчыла, радыё Ўнэт распавёў гісторык, кіраўнік варшаўскай суполкі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Яўген Дудкін.
— Чаму менавіта адна дзяржаўная мова? Гэта была тэндэнцыя, якая праследжваецца цягам усяго міжваеннага часу, тэндэнцыя на стварэнне монаэтнічных дзяржаў, нават не зважаючы на тое, што там заставаліся тэрыторыі, дзе пражывалі прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў.
— Прадстаўнікам іншых нацыянальнасцяў, якія размаўлялі не на беларускай мове, дазвалялася звяртацца ў дзяржаўныя органы на сваіх мовах, не абавязкова на беларускай. Гэты чыннік пра што сведчыць?
— На мой погляд, гэта такая спроба заспакоіць хваляванні прадстаўнікоў нацменшасцяў. Польшча ў той момант фактычна адраджалася. Была спроба немцаў стварыць польскую дзяржаву пад сваім скіпетрам. Пытанне толькі было ўсходніх тэрыторый – ці яны могуць увайсці ў гэту дзяржаву. Зноў жа, калі польская нацыянальная меншасць звярнулася па пытанню аб уваходзе ў Раду БНР, там яны дзесяць месцаў прасілі, то пытанне паўстае – значыць, польскі бок бачыў сябе часткай вольнай, незалежнай Беларусі. Мы можам сказаць, што гэты быў такі крок, каб заспакоіць адну з частак грамадзян БНР, заспакоіць іх нацыянальныя інтарэсы. А нацыянальныя інтарэсы Беларускай Народнай Рэспублікі былі ў тым, каб кожны грамадзянін, не зважаючы на сваю нацыянальнасць, быў забяспечаны ў нацыянальным развіцці сваім, чуў сябе вольным і быў тым, на каго магла б дзяржава абаперціся ў абароне сваіх межаў. Я думаю, што гэта добры крок быў.
— Як удалося ўвасобіць у жыццё ўсе гэтыя памкненні?
— Калі мы паглядзім на дакументацыю, якая ёсць у архівах БНР, то тут ёсць дакументы і на польскай мове. Ёсць тэксты на расійскай мове па правілах яшчэ дарэформеных. Нават, як мы паглядзім на сітуацыю, калі гэты быў год 1919-1920, да Рыжскай мірнай дамовы, то на занятых палякамі тэрыторыях Беларусі на аднаго настаўніка, які вучыў у беларускай школе, на настаўніка беларускага было менш дзяцей, чым на польскага. То бок, людзі хацелі вучыцца на сваёй мове, і трэба было бараніць гэтае права.
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.