Салідарнасць працягвае заставацца асноўнай зброяй супраць парушэння рэжымам у Беларусі правоў чалавека. І найперш, у цяперашніх умовах, салідарнасці патрабуюць людзі, якія за свае палітычныя погляды зняволеныя за краты. Праваабаронца ПЦ «Вясна» Яна распавядае пра яшчэ адзін спосаб падтрымкі зняволеных – пасылкі. Іх можна даслаць тым, хто ўтрымліваецца ў следчых ізалятарах Беларусі, нават з-за мяжы. Слухайце поўны выпуск падкаста, каб даведацца як можна дапамагчы.
Ва Украіне выпушчаны паштовы канверт з выявай беларускага праваабронцы, пісьменніка і лаўрэата Нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага, а таксама паштовая марка з выявай адной з першых паштовых марак незалежнай Беларусі, на якой намаляваны нацыянальны герб Беларусі – «Пагоня». Адным з ініцыятараў выпуску такой філатэлістычнай прадукцыі ва Украіне стаў грамадскі дзеяч, караўнік Тэрнопальскай кінакамісіі Валадымыр Ханас. Вось што ён распавёў у інтэрв’ю нашаму радыё:
Тыднёвая хроніка палітычна матываванага пераследу ў Беларусі паводле маніторынга Праваабарончага цэнтра «Вясна».
5 студзеня ў Менску пачалі судзіць лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру за 2021 год, кіраўніка Праваабарончага цэнтра «Вясна» і пісьменніка Алеся Бяляцкага, а таксама ягонага намесніка ў Праваабарончым цэнтры Вясна Валянціна Стэфановіча і кіраўніка ініцыятывы назірання за выбарамі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча. Пра тое, як на гэты судовы працэс глядзяць калегі праваабаронцаў мы спыталі чальца часовай рады Праваабарончага цэнтра «Вясна» Аляксея Колчына.
У падкасце «Працэс» мы распавядаем пра правы чалавека і працэс іх абароны, пра палітычны пераслед і прававыя погляды на палітычнае змаганне.
Апошнімі днямі праўладныя тэлеграм-каналы пачалі актыўна распаўсюджваць спасылку на артыкул у газеце адміністрацыі Лукашэнкі пра вядомую праваабаронцу Насту Лойку. Там яе выстаўляюць злачынцай, прычым у віну ёй ставяцца звычайныя праваабарончыя дзеянні – назіранні за судамі, назіранні за мірнымі масавымі сходамі, дакументаванне катаванняў, а таксама тое, што яна навучалася на розных міжнародных праграмах, тое, што сабраную інфармацыю яна паведамляла ў тым ліку арганізацыям, якія супрацоўнічаюць з Камітэтам ААН па правах чалавека. Як можна ставіцца да такіх закідаў дзяржаўнай газеты ў дачыненні да праваабаронцы мы спыталі ў яе калегі, праваабаронцы «Вясны» Наталлі Сацункевіч.
Беларускія праваабаронцы стварылі адмысловы сайт, на якім акумулюецца інфармацыя пра сёлетняга лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, беларускага праваабаронцы і пісьменніка, палітычнага зняволенага Алеся Бяляцкага. Пра мэты і канцэпцыю пляцоўкі размаўляем з адной са стваральніц, праваабаронцай «Вясны» Марынай Кастылянчанка.
Сваімі ўражаннямі ад цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру, якая прайшла 10 снежня ў Осла, дзеліцца Алена Лапцёнак, непасрэдная ўдзельніца падзеі, праваабаронца «Вясны» – арганізацыі, стваральнік і кіраўнік якой Алесь Бяляцкі сёлета быў сярод узнагароджаных.
Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі разам са сваімі ўкраінскімі і расійскімі калегамі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Пра гэта ён даведаўся за кратамі, так што на ўрачыстасцях у Осла 10 снежня будзе яго жонка Наталля Пінчук. У эфіры радыё Ўнэт яна распавяла пра сустрэчу з Алесем Бяляцкім, перажыты 2020 год і расказала, ці атрымалася ў праваабаронцы перадаць словы для выступу на цырымоніі ўзнагароджання.
Беларусы не прымаюць вайну і выступаюць супраць яе. Прычым, не толькі ў думках ці словах. Але ў цяперашнім рэпрэсіўным рэжыме рабіць адкрытыя выступы вельмі складана. Тым не менш, многія наважыліся на гэта і патрапілі ў кіпцюры лукашэнкавага карнага апарату. За што і як улады пераследуюць беларусаў, якія выступаюць супраць расійска-ўкраінскай вайны, распавяла юрыстка Праваабарончага цэнтра Вясна Святлана Галаўнёва.
Сказаць дакладныя лічбы рэпрэсаваных на сёння складана. Але на ліпень 2022 года, калі мы рыхтавалі звесткі для спецдакладчыцы ААН, паводле адміністрацыйных справаў за антываенныя выступы было затрыманых больш за 1000 чалавек. Пасля лета іх не так шмат дадалося. Зараз больш інфармацыі аб працягу па крымінальных справах. Крымінальных справаў на лета было да 33 чалавек. Пасля іх дадалося недзе чалавек 5. Крымінальныя справы, заведзеныя на гэтых людзей, знаходзяцца на розных стадыях – і тыя, дзе людзі знаходзяцца ў статусе абвінавачаных і тыя, каму ўжо вынесены прысуд. Напрыклад, самы вядомы кейс – так званых «рэйкавых партызанаў», нам вядома пра крымінальны пераслед такіх 10 чалавек.
За якія аб’ектыўна дзеянні, скіраваныя супраць вайны, улады пераследуюць беларусаў і як гэтыя дзеянні трактуюць улады?
З больш як 1000 кейсаў, якія мы ведаем пра адміністрацыйны пераслед, гэта ў асноўным быў пераслед за ўдзел у так званых несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах – гэта людзі, якія насамрэч выходзілі на антываенныя пікеты ці вулічныя пратэсты, у тым ліку каля выбарчых участкаў падчас так званага канстытуцыйнага рэферэндума 27 лютага. Таксама былі справы за тое, што ў людзей былі жоўта-блакітныя стужкі ці нават адзенне ў жоўтых і блакітных колерах. Таксама паводле артыкула 24.23 пераследавалі за постэры «Не вайне» і за заклікі ў сацсетках да ўдзелу ў антываенных пратэстах. Даволі шмат было кейсаў пераследу за так званы распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, калі людзі рэпосцілі ці спрабавалі распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю пра вайну, але гэтая інфармацыя была ў медыях, якія ўключаныя ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. І за гэта людзей штрафавалі і арыштоўвалі на содні. Напрыклад, у сакавіку некалькі жанчын было затрымана за тое, што яны разам маліліся аб спыненні вайны каля расійскай амбасады.
Што тычыцца крымінальнага пераследу, то самы вядомы кейс – гэта рэйкавыя партызаны. Гэтыя людзі спрабавалі спыніць цягнікі з расійскімі войскамі. Яны выводзілі з ладу чыгуначнае абсталяванне. Там не было ніякага гвалту ці пагрозы жыццям людзей і вялікай шкоды маёмасці. Але, калі іх затрымлівалі, то рабілі вобшукі паводле трох артыкулаў – шпіянаж, здрада дзяржаве і акт тэрарызму. Але, калі прад’яўляліся абвінавачванні, там застаўся толькі акт тэрарызму ці пагроза яго здзяйснення. І былі ўжо першыя прысуды – тэрміны былі 11 – 15 год у калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Таксама шмат кейсаў па стварэнні ці ўдзелу ў экстрэмісцкіх фармаваннях. Гэта датычылася рэгістрацыяў у плане «Перамога», які таксама прадугледжваў удзел у антываенных актыўнасцях. За гэта быў, напрыклад, асуджаны Віктар Кулінка на 3 гады калоніі ўмовах узмоцненага рэжыму і Аляксей Шышкавец – таксама калонія ўзмоцненага рэжыму, але 11 гадоў. Чаму такая розніца – складана казаць.
Таксама ёсць абвінавачванні ў так званым фінансаванні экстрэмісцкіх фармаванняў. Гэта за данаты палку імя Кастуся Каліноўскага. Такое абвінавачванне прад’яўляецца Аляксандру Волчаку, але прусуду пакуль няма.
Вядзецца пераслед і за так званае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Гэта за перасылку фота і відэа ваеннай тэхнікі. Вядома пра такія справы на 12 чалавек. Прысуды ў іх ужо ёсць на тэрміны ад 2 да 4 год.
Таксама ёсць дзве справы за нібыта абразу прэзідэнта. Першы – гэта Аляксей Вячэрні – тык-токер, які апублікаваў антываенны верш і яго асудзілі да 1 года і 9 месяцаў калоніі. Таксама кейс Дануты Пярэдні. Ёй былі прад’яўленыя абвінавачванні ў абразе прэзідэнта і распальванне варожасці за тэкст антываеннай тэматыкі ў яе сацсетках з крытыкай Пуціна і Лукашэнкі. Яна асуджаная на 6,5 гадоў калоніі. Ёсць яшчэ кейс Мерыем Герасіменка, але там пакуль дакладна невядома, у чым яе вінавацяць. У яе быў канцэрт на вуліцы ў Менску, дзе яна спявала песню гурта «Океан Ельзи» і за гэта яе затрымалі. Спачатку была інфармацыя, што гэта адміністрацыйнае затрыманне, але потым высветлілася, што яна насамрэч затрыманая за тое, што яна таксама данаціла на Байрактар для Украіны.
А якія санкцыі гэтых артыкулаў? Што максімальна можа чакаць тых, хто змагаецца супраць вайны Расіі з Украінай?
Паводле адміністрацыйных справаў за ўдзел у масавых мерапрыемствах – гэта арышт да 30 содняў. А за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і непадпарадкаванне ўладзе – да 15 содняў. Але мы ведаем шмат выпадкаў, калі за першым арыштам прызначаюць яшчэ і яшчэ. У крымінальных справах самыя вялікія тэрміны – гэта за артыкулы, звязаныя з тэрарыстычнай дзейнасці. І тут мы бачым тэрміны зняволення да 15 гадоў.