5 студзеня ў Менску пачалі судзіць лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру за 2021 год, кіраўніка Праваабарончага цэнтра «Вясна» і пісьменніка Алеся Бяляцкага, а таксама ягонага намесніка ў Праваабарончым цэнтры Вясна Валянціна Стэфановіча і кіраўніка ініцыятывы назірання за выбарамі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча. Пра тое, як на гэты судовы працэс глядзяць калегі праваабаронцаў мы спыталі чальца часовай рады Праваабарончага цэнтра «Вясна» Аляксея Колчына.
Натуральна, што не толькі праваабаронцы, але і любы чалавек, які паглядзіць на гэтую справу з пункту гледжання здаровага сэнсу, ён відавочна ўбачыць, што гэта яскрава палітычная справа. Па-сутнасці, правабаронцаў судзяць за тое, што яны займаліся правабарончай дзейнасцю. Канешне, там абвінавачванне шмат усяго нафантазавала, усякіх глупстваў наконт перавозкі грошаў для фінансавання пратэстнай дзейнасці. Ну, але гэта тое, што яны зараз усім вельмі актыўна высоўваюць, і гэта ўжо не ёсць нечым такім нечаканым і дзіўным у нашых беларускіх сёняшніх рэаліях.
Іх судзяць за праваабарончую дзейнасць. Як гэта выглядае з гледзішча міжнароднага права аб правах чалавека? Мы ведаем, што ёсць Дэкларацыя аб праваабаронцах, напрыклад, якая не толькі дазваляе, але і заахвочвае такую дзейнасць.
Зразумела, што парушаецца… як бы не сказаць, што ўсё зусім парушаецца. Але парушаюцца такія падставовыя рэчы. Падставовыя міжнародныя пагадненні, падставовыя абавязальніцтвы, якія бяруць на сябе краіны, якія маюць гонар ці прэтэндуюць на званне дэмакратычных.
Канешне, любая дзяржава павінна заахвочваць дзейнасць праваабаронцаў. Бо праваабаронцы – гэта людзі, якія дапамагаюць дзяржаве не скаціцца ў аўтарытарызм, таталітарызм, якія ўказваюць на хібы, якія ёсць у грамадстве, хібы ў самой дзяржаве, яе апараце, функцыянаванні, самых розных рэчах. Любой дзяржаве, мусіць, не падабаецца, калі яе крытыкуюць, але гэта такая функцыя праваабаронцаў – функцыя стаяць на варце і крычаць як мага больш гучна, калі правы чалавека парушаюцца.
Ужо прайшло 2 дні гэтага суда. І мы ведаем, як ён пачынаўся, калі так званая суддзя адхіліла ўсе хадайніцтвы. Як пачатак гэтага судовага паседжання бачыцца калегам-праваабаронцам?
Я думаю, ён усім запомніцца кайданкамі на руках падсудных. Іх дэманстратыўна пасадзілі ў клетку і нават кайданкі не знялі ў клетцы. Канешне, я думаю, што і суддзя, і пракурор застануцца ў гісторыі. Мала каму выпадае сумнеўны гонар судзіць нобелеўскага лаўрэата. Так што, як Герастрат, яны сваё месца зоймуць.
Канешне, вельмі такія паказальныя і ўражваючыя кадры, калі ў клетцы знаходзіцца лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру ў кайданках, якому нават там асадку не даюць і ён вымушаны пісаць стрыжнем ад асадкі.
З юрыдычнага гледзішча тое, што былі адхіленыя хадайніцтвы аб вядзенні працэса па-беларуску і аб прадстаўленні перакладчыка з расійскай мовы на беларускую, тое, што гэтыя ж самыя кайданкі не знялі, як гэта выглядае?
Канешне, гэта таксама парушэнне заканадаўства. Суддзя наконт кайданкоў сказала, што гэта не яе кампетэнцыя, гэта, маўляў, канваіры вырашаюць. Натуральна, што суддзя – гэта яе зала, яе працэс, яна мае права вырашыць любое пытанне і фактычна тут яна цалкам магла гэта зрабіць. Гэта не робіцца відавочна і наўмысна, каб менавіта падкрэсліць – паглядзіце, якія страшныя злачынцы, мы іх так баімся, што нават кайданкі не будзем здымаць, раптам яны не ведаю, што там зробяць.
Што тычыцца беларускай мовы, то гэта такое, на жаль, звыклае вельмі парушэнне. Безумоўна, мы ўсе – беларусы, маем права на карыстанне дзяржаўнай мовай, але, бачыце, суды кажуць, што вы, маўляў і так усё разумееце, так што не дурыце нам галавы, ласкава вам дазваляем гаварыць па-беларуску. Дзякуй і за гэта, хоць не забараняюць нашым сябрам размаўляць па-беларуску, ужо добра.
А як правабарончая супольнасць і беларуская, якая зараз у большасці сваёй знаходзіцца за мяжой, і міжнародная, адрэагавалі на гэтыя кадры, якія з’явіліся пасля пачатку гэта суда?
Канешне, былі шматлікія заявы міжнародных праваабарончых арганізацыяў, якія ў чарговы раз заклікалі вызваліць нашых сяброў і звярталі ўвагу на гэты ганебны суд. Было вельмі актыўнае асвятленне гэтай падзеі ў сусветнай прэсе. Таму, тое, што судзяць нобелеўскага лаўрэата – гэта прыцягнула дадатковую ўвагу да гэтага працэса.
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.