Loading

Беларусы не прымаюць вайну і выступаюць супраць яе. Прычым, не толькі ў думках ці словах. Але ў цяперашнім рэпрэсіўным рэжыме рабіць адкрытыя выступы вельмі складана. Тым не менш, многія наважыліся на гэта і патрапілі ў кіпцюры лукашэнкавага карнага апарату. За што і як улады пераследуюць беларусаў, якія выступаюць супраць расійска-ўкраінскай вайны, распавяла юрыстка Праваабарончага цэнтра Вясна Святлана Галаўнёва.

Сказаць дакладныя лічбы рэпрэсаваных на сёння складана. Але на ліпень 2022 года, калі мы рыхтавалі звесткі для спецдакладчыцы ААН, паводле адміністрацыйных справаў за антываенныя выступы было затрыманых больш за 1000 чалавек. Пасля лета іх не так шмат дадалося. Зараз больш інфармацыі аб працягу па крымінальных справах. Крымінальных справаў на лета было да 33 чалавек. Пасля іх дадалося недзе чалавек 5. Крымінальныя справы, заведзеныя на гэтых людзей, знаходзяцца на розных стадыях – і тыя, дзе людзі знаходзяцца ў статусе абвінавачаных і тыя, каму ўжо вынесены прысуд. Напрыклад, самы вядомы кейс – так званых «рэйкавых партызанаў», нам вядома пра крымінальны пераслед такіх 10 чалавек.

За якія аб’ектыўна дзеянні, скіраваныя супраць вайны, улады пераследуюць беларусаў і як гэтыя дзеянні трактуюць улады?

З больш як 1000 кейсаў, якія мы ведаем пра адміністрацыйны пераслед, гэта ў асноўным быў пераслед за ўдзел у так званых несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах – гэта людзі, якія насамрэч выходзілі на антываенныя пікеты ці вулічныя пратэсты, у тым ліку каля выбарчых участкаў падчас так званага канстытуцыйнага рэферэндума 27 лютага. Таксама былі справы за тое, што ў людзей былі жоўта-блакітныя стужкі ці нават адзенне ў жоўтых і блакітных колерах. Таксама паводле артыкула 24.23 пераследавалі за постэры «Не вайне» і за заклікі ў сацсетках да ўдзелу ў антываенных пратэстах. Даволі шмат было кейсаў пераследу за так званы распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, калі людзі рэпосцілі ці спрабавалі распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю пра вайну, але гэтая інфармацыя была ў медыях, якія ўключаныя ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. І за гэта людзей штрафавалі і арыштоўвалі на содні. Напрыклад, у сакавіку некалькі жанчын было затрымана за тое, што яны разам маліліся аб спыненні вайны каля расійскай амбасады.

Што тычыцца крымінальнага пераследу, то самы вядомы кейс – гэта рэйкавыя партызаны. Гэтыя людзі спрабавалі спыніць цягнікі з расійскімі войскамі. Яны выводзілі з ладу чыгуначнае абсталяванне. Там не было ніякага гвалту ці пагрозы жыццям людзей і вялікай шкоды маёмасці. Але, калі іх затрымлівалі, то рабілі вобшукі паводле трох артыкулаў – шпіянаж, здрада дзяржаве і акт тэрарызму. Але, калі прад’яўляліся абвінавачванні, там застаўся толькі акт тэрарызму ці пагроза яго здзяйснення. І былі ўжо першыя прысуды – тэрміны былі 11 – 15 год у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Аляксей Шышкавец. Крыніца: spring96.org

Таксама шмат кейсаў па стварэнні ці ўдзелу ў экстрэмісцкіх фармаваннях. Гэта датычылася рэгістрацыяў у плане «Перамога», які таксама прадугледжваў удзел у антываенных актыўнасцях. За гэта быў, напрыклад, асуджаны Віктар Кулінка на 3 гады калоніі ўмовах узмоцненага рэжыму і Аляксей Шышкавец – таксама калонія ўзмоцненага рэжыму, але 11 гадоў. Чаму такая розніца – складана казаць.

Таксама ёсць абвінавачванні ў так званым фінансаванні экстрэмісцкіх фармаванняў. Гэта за данаты палку імя Кастуся Каліноўскага. Такое абвінавачванне прад’яўляецца Аляксандру Волчаку, але прусуду пакуль няма.

Вядзецца пераслед і за так званае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Гэта за перасылку фота і відэа ваеннай тэхнікі. Вядома пра такія справы на 12 чалавек. Прысуды ў іх ужо ёсць на тэрміны ад 2 да 4 год.

Таксама ёсць дзве справы за нібыта абразу прэзідэнта. Першы – гэта Аляксей Вячэрні – тык-токер, які апублікаваў антываенны верш і яго асудзілі да 1 года і 9 месяцаў калоніі. Таксама кейс Дануты Пярэдні. Ёй былі прад’яўленыя абвінавачванні ў абразе прэзідэнта і распальванне варожасці за тэкст антываеннай тэматыкі ў яе сацсетках з крытыкай Пуціна і Лукашэнкі. Яна асуджаная на 6,5 гадоў калоніі. Ёсць яшчэ кейс Мерыем Герасіменка, але там пакуль дакладна невядома, у чым яе вінавацяць. У яе быў канцэрт на вуліцы ў Менску, дзе яна спявала песню гурта «Океан Ельзи» і за гэта яе затрымалі. Спачатку была інфармацыя, што гэта адміністрацыйнае затрыманне, але потым высветлілася, што яна насамрэч затрыманая за тое, што яна таксама данаціла на Байрактар для Украіны.

Мерыем Герасіменка

А якія санкцыі гэтых артыкулаў? Што максімальна можа чакаць тых, хто змагаецца супраць вайны Расіі з Украінай?

Паводле адміністрацыйных справаў за ўдзел у масавых мерапрыемствах – гэта арышт да 30 содняў. А за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і непадпарадкаванне ўладзе – да 15 содняў. Але мы ведаем шмат выпадкаў, калі за першым арыштам прызначаюць яшчэ і яшчэ. У крымінальных справах самыя вялікія тэрміны – гэта за артыкулы, звязаныя з тэрарыстычнай дзейнасці. І тут мы бачым тэрміны зняволення да 15 гадоў.

Comments are closed.