Loading

Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі разам са сваімі ўкраінскімі і расійскімі калегамі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Пра гэта ён даведаўся за кратамі, так што на ўрачыстасцях у Осла 10 снежня будзе яго жонка Наталля Пінчук. У эфіры радыё Ўнэт яна распавяла пра сустрэчу з Алесем Бяляцкім, перажыты 2020 год і расказала, ці атрымалася ў праваабаронцы перадаць словы для выступу на цырымоніі ўзнагароджання.

Алесь Бяляцкі і Наталля Пінчук, 2019 год. Крыніца: facebook.com/Bialiatski

Што значыць быць жонкай праваабаронцы?

Што тычыцца яго працы, яго занятку праваабарончай дзейнасцю, то ён аддаваўся яму напоўніцу. Для мяне такое стаўленне да працы было нармальным. Працы, дзе ў першую чаргу трэба звяртаць увагу на лёсы людзей, на дапамогу людзям. Таму гэта заўсёды быў ненармаваны працоўны дзень, бясконцыя званкі. Я заўсёды прымала тое, што ён рабіў, нават ахвяруючы часам для сваёй сям’і. Па-іншаму займацца такой дзейнасцю не выпадае. Здаецца, гэта тычыцца не толькі Алеся, гэта тычыцца любых праваабаронцаў у любой сітуацыі і ў любой краіне.

А наколькі для Вас выбар пабрацца шлюбам з такім чалавекам быў свядомым?

Мы з ім знаёмыя з часоў маладосці, з 1982 года, шлюбам пабраліся ў 1987-ым. Яго погляды мне былі вядомыя. Першапачаткова я была далёкая ад гэтых тэм, але з цікавасцю ўспрымала і слухала. Ці разумела я, наколькі гэта небяспечна? Мяне папярэджвалі. Мяне папярэджваў мой бацька, які казаў: “Глядзі, паедзеш у Сібір за такім мужам”. Але ў маладосці ёсць надзеі, што праўда павінна перамагчы, што гэты свет павінен стаць лепшым. Скажу так: пра кепскае не думалася. Думалася якраз пра лепшае. Так і жыццё прайшло — з надзеямі, якія, на жаль, пакуль не рэалізаваліся. Азіраючыся на ўсе гэтыя выпрабаванні, шкадавання ў мяне няма. Зразумела, што былі і ў нас сямейныя канфлікты, ніводная сям’я без гэтага не абыходзіцца, але я шмат за што ўдзячная Алесю. У першую чаргу за тое, якая я цяпер.

Падзеі 2020 года: пэўна, Алесь Бяляцкі ўсведамляў рызыку, якая навісла над праваабаронцамі. Ён усе роўна заставаўся ў краіне і нікуды не з’язджаў. Як вы перажылі гэты час?

Гэты час быў для нас самым складаным, бо гэта час няпэўнасці. Час, калі цябе  вось-вось павінны арыштаваць. Алесь гэта вельмі добра ўсведамляў, я гэта цудоўна разумела. Але ўсе ж такі была надзея, што гэта павінна нейкім чынам вырашыцца не так драматычна. У нас былі размовы: ці пакідаць Беларусь, ці не пакідаць. Знаёмыя прапаноўвалі выехаць за межы Беларусі. Але на той момант ужо былі арыштаваныя вясноўцы, яны ўжо сядзелі ў турме. Людзі, за якіх Алесь быў адказны. Ён не ўяўляў сабе сітуацыі, калі б ён выехаў з Беларусі і быў бы ў бяспецы, а ягоныя паплечнікі, ягоныя сябры з арганізацыі засталіся б у турме. Па сутнасці, сваю меру адказнасці ён нёс да канца, наколькі гэта было магчыма, і так было да часу арышту.

Як гэты апошні арышт адбіўся на вас?

Пры ўсім чаканні да таго, што адбудзецца, сама навіна была вельмі нечаканай. Удар эмацыйны быў дастаткова моцны. Мы якраз з ім толькі выходзілі з кавіду, мне таксама дастаткова цяжка гэтая хвароба далася. Першыя перадачы ў турму зарганізавалі нашыя сябры, таму што я проста была не ў стане. У людзей часам узнікае пытанне, што вы, маўляў, ужо не ў першы раз перажываеце гэта, і вам, мабыць, прасцей. Ні ў якім разе не прасцей. Вельмі балюча і вельмі моцна гэта ўсе б’е. Іншая справа, што  ёсць пэўны досвед, як і дзе дзейнічаць. Але гэты досвед не заўсёды зараз спрацоўвае, таму што сітуацыя іншая. Але з’явіліся новыя людзі, іх дапамога проста неацэнная. Дзякуючы гэтаму атпымалася выстаяць.

Як вы ўспрынялі навіну пра тое, што Алесь Бяляцкі ўганараваны Нобелеўскай прэміяй?

Галоўная эмоцыя, якая была ў мяне, звязаная з нечаканасцю ўсёй гэтай сітуацыі. Яна была абсалютна нерэальнай. Мне пазваніла сяброўка і сказала, што так і ёсць, а я адказала абсалютна недарэчнае: «Гэтага не можа быць». Усведамленне прыходзіла вельмі доўга. Сама сітуацыя асэнсоўвалася ўжо пасля тых званкоў, якія я атрымлівала, у размовах з журналістамі. Усё было абсалютна нечаканым. Ніхто не ведаў пра намінаванне Алеся. Для самога Алеся гэтая навіна была вельмі нечаканай. Ён і зараз – я яго бачыла – ён сам не да канца ўсведамляе гэта.

Вы паедзеце атрымліваць прэмію. Ці ёсць у вас сувязь з мужам? Ці прасіў ён штосьці перадаць?

Наша апошняя сустрэча была абмежаваная гадзінай часу, а мы не бачылася фактычна паўтара года. Атрымалася крыху пагаварыць і пра Нобелеўскую прэмію. Алесь перадаў некалькі слоў, якія я агучу на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання.

Вы можаце сказаць, у якім стане зараз Алесь Бяляцкі?

Калі мы сустракаем родных, мы намагаемся выглядаць як мага лепш. У гэтым плане сустрэча была радаснай і цёплай, нягледзячы на тое, што спатканне было праз шкло. Ён чалавек вельмі пазітыўны і аптымістычны. Алесь стараецца бадзёра і з надзеяй глядзець у будучыню, але разумее, што яму пагражае. Гэта не першы яго вопыт адсідкі. Тады сітуацыя таксама была вельмі жорсткая, абсалютная ізаляцыя ва ўсім. Перажываць гэта ізноў вельмі цяжка. 

Што тычыцца здароўя, то там, за турэмнымі сценамі, яно не папраўляецца. Гэта мы ведаем па шматлікіх прыкладах. Ведаем, колькі там хворых  і на якім узроўні аказваецца дапамога. Таму ўсё гэта вельмі жорсткія выпрабаванні для ўсіх, у тым ліку і для Алеся.

Што тычыцца нашых кантактаў, то ліставанне праходзіла розныя этапы. Былі перыяды, што лісты не даходзілі, хаця мы стараліся не пісаць нічога такога, за што цэнзары палічылі б прыбраць ліст. Не пішацца ні пра палітыку, ні пра ўмовы ўтрымання, ні пра ўнутраную ці міжнародную сітуацыю. Ва ўсялякім разе, ніводнага яго ліста з такой тэматыкай не было прапушчана. Як і зараз — ад яго не прыйшоў ніводны ліст, дзе было б напісана пра прэмію. Нават лісты абсалютна нейтральныя, якія ён нумаруе. Гэтая нумарацыя заўсёды мае прагалы. Адзін ліст прыходзіць, другі не. Усё гэта адлюстроўвае пэўную палітыку па скарачэнні магчымых кантактаў нават з роднымі. Дакладна ведаю, што лісты з замежжа да яго не праходзяць. Па сутнасці,  ліставанне з ім падтрымліваю толькі я.

Наколькі вы адчуваеце падтрымку звонку і тое, што пра Алеся Бяляцкага клапоцяцца не менш, як гэта было ў яго папярэдняе заключэнне?

Тут акурат вялікая розніца, як было тады і зараз. У папярэднім заключэнні падтрымка адчувалася вельмі выразна. Але тады сядзела некалькі чалавек, а зараз, лічыце, сядзіць Беларусь. І ўвагу трэба размяркоўваць на ўсіх. Але пасля Нобеля сітуацыя рэзка змянілася. Дзякуючы гэтай прэміі, шмат з кім аднавіліся адносіны, шмат ад каго прыйшлі віншаванні, за што я ўдзячна прадстаўнікам палітычных партый і краін. Усё вельмі кранальна і дае надзею, што праз Алеся, праз гэту прэмію, беларуская справа і сама Беларусь будзе на слыху.

Поўную размову з Наталляй Пінчук слухайце ў плэеры ніжэй.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.