Loading

Апошнімі днямі праўладныя тэлеграм-каналы пачалі актыўна распаўсюджваць спасылку на артыкул у газеце адміністрацыі Лукашэнкі пра вядомую праваабаронцу Насту Лойку. Там яе выстаўляюць злачынцай, прычым у віну ёй ставяцца звычайныя праваабарончыя дзеянні – назіранні за судамі, назіранні за мірнымі масавымі сходамі, дакументаванне катаванняў, а таксама тое, што яна навучалася на розных міжнародных праграмах, тое, што сабраную інфармацыю яна паведамляла ў тым ліку арганізацыям, якія супрацоўнічаюць з Камітэтам ААН па правах чалавека. Як можна ставіцца да такіх закідаў дзяржаўнай газеты ў дачыненні да праваабаронцы мы спыталі ў яе калегі, праваабаронцы «Вясны» Наталлі Сацункевіч.

Я хацела б звярнуць увагу, што гэта не першы падобны артыкул, які з’явіўся ў беларускіх дзяржаўных СМІ. Яны зараз часта выкарыстоўваюць свае пляцоўкі для таго, каб распаўсюджваць такія ганебныя звесткі пра людзей – праваабаронцаў, незалежных журналістаў і актывістаў, каб трактаваць іх дзейнасць як злачынную. І яны выходзяць даволі рэгулярна, на жаль.

І тая інфармацыя, якую мы пабачылі пра Насту Лойку, Human Constanta, яна, канешне, я б сказала, абсалютна непрыймальная, і мяне па-чалавечы абурыла. І я бы, безумоўна, заклікала людзей не распаўсюджваць гэтую інфармацыю, не карыстацца ёй. Відавочна, яна не мае ніякага дачынення да рэчаіснасці і адэкватнасці.
Наста Лойка – вядомая беларуская праваабаронца. Яна шмат гадоў працуе ў розных праваабарончых арганізацыях, займаецца грамадскім кантролем, пра які яна распавядала, працай з валанцёрамі. І мне вельмі падабаецца пазіцыя Насты, калі яна шчыра і адкрыта кажа пра тое, што яна робіць. І тут мы прыходзім да таго, што цяперашняя беларуская ўлада трактуе гэтыя дзеянні як злачынства, а сама Наста і ўвесь навакольны свет бачыць у гэтым працу, за якую звычайна людзям дзякуюць і ўзнагароджваюць іх. Вось прыклад Алеся Бяляцкага, які за праваабарончую дзейнасць у гэтым годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію міра. А Наста Лойка за гэта ж у Беларусі атрымала чарговыя 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

І тут вельмі важна ўзгадаць Дэкларацыю аб праваабаронцах, якая была прынята ўжо 25 гадоў таму. Яна кажа, што кожны чалавек мае права індывідуальна ці сумесна з іншымі абараняць правы чалавека на нацыянальным і міжнародным узроўнях. І пры гэтым кожная дзяржава нясе адказнасць і абавязак за тое, каб спрыяць правам чалавека і вось гэтым актыўнасцям людзей па іх абароне.

Таму мы прыходзім да двух розных сусветаў. Адзін, у якім праваабарона – гэта дзеянні на карысць людзей, і іншы – беларускі, у якім дзеянні ў абарону правоў чалавека – гэта злачынства.

Калі канкрэтызаваць тое, што выстаўляюць як злачынную дзейнасць дзяржаўныя прапагандысты. Вось тое ж назіранне за мірнымі сходамі і за судовымі пасяджэннямі. Якая рэальная значнасць гэтага? Ці могуць такія дзеянні несці нейкую шкоду?

Гэтыя назіранні дазваляюць зразумець, якія ёсць праблемы ў нацыянальным заканадаўстве, у практыцы, як можна іх выправіць. Як толькі ў дзяржавы з’яўляецца вось гэтая палітычная воля на тое, каб паважаць правы чалавека, то вось гэтая інфармацыя вельмі каштоўная. Бо праваабаронцы з пункту гледжання міжнародных стандартаў правоў чалавека ацэньваюць, што добра, а што можна падправіць, каб было яшчэ лепш.

Калі мы кажам пра назіранні ў судах, то гэта відавочна маніторынг права на справядлівае судовае разбіральніцтва. І гэтая актыўнасць у Беларусі праваабаронцамі вядзецца з 1990-х дакладна. І гэта па-першае, такая добрая зброя салідарнасці, бо, калі чалавек сутыкаецца з палітычна матываваным пераследам і на судзе бачыць салідарнасць, гэта моцна падтрымлівае. Па-другое, гэта дазваляе ацаніць з пункту гледжання міжнародных стандартаў, што добра, а што можна зрабіць лепш.

Менавіта вось такі праваабарончы маніторынг дазваляе ўладам разумець, што добра, што не добра. Паколькі мы кажам пра прававы дэфолт у Беларусі і крызіс з правамі чалавека, то гэтая інфармацыя з Беларусі аб парушэнні правоў зараз вельмі каштоўная на міжнародным узроўні. То бок, навакольны свет бачыць, што сітуацыя ў Беларусі не змянілася, не стала лепш, яна з кожным месяцам становіцца горш і горш. У людзей у Беларусі ўсё менш і менш магчымасцяў рэалізоўваць свае правы.

Я хачу нагадаць, што праваабарончыя арганізацыі заўсёды ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы альтэрнатыўных дакладаў у ААН. Напрыклад, Універсальны перыядычны агляд – гэта працэдура, якую праходзяць усе краіны раз на пяць гадоў згодна з графікам. Розныя дзяржаўныя органы рыхтуюць сваю справаздачу пра тое, як адбываюцца справы ў розных галінах правоў чалавека. І ў гэты ж час праваабаронцы рыхтуюць сваю альтэрнатыўную справаздачу. Нават не толькі праваабарончыя арганізацыі, але і розныя арганізацыі грамадскага сектару ўдзельнічаюць у гэтым. І на пляцоўцы ААН ёсць магчымасць і аднаму і другому боку данесці свае аргументы і факты, што адбываецца. І тады эксперты і іншыя краіны ААН даюць свае рэкамендацыі. Па гэтых рэкамендацыях добра бачна, што краіны разумеюць рэальную сітуацыю.

Калі ты ўжо закранула такія інстытуцыі, як ААН, то і тут Насце прапаганда закідае як злачынства тое, што яна нібыта перадавала сабраную ёю падчас назіранняў і маніторынгаў інфармацыю нейкая брытанскай арганізацыі, якая супрацоўнічае ў Камітэтам ААН у правах чалавека. Ці сапраўды збор інфармацыі для ААН у дэмакратычнай краіне можа быць злачынствам?

Я так разумею, што гаворка ідзе пра амаль што першае затрыманне Насты, калі яна на такім пакаяльным відэа казала, што яна атрымлівала грошы ад Amnesty International. І тут важна разумець, што яна грошы атрымлівала на свой афіцыйны рахунак. Наста нічога не хавае. Толькі дзяржава яе дзеянні трактуе як злачынныя. І, калі мы кажам пра Насту, тут важна, што яна зараз адбывае чарговы адміністрацыйны арышт і знаходзіцца проста ў катавальных умовах.

Пасля першага і другога арыштаў яна некаторы час была на волі і публікавала інфармацыю, якія зараз умовы на Акрэсціна і казала, што гэта зараз проста філіял пекла на Зямлі. Бо мы ведаем, што спецыяльна ствараюцца больш жорсткія ўмовы для тых, каго пераследуюць па палітычных матывах. І пры гэтым Наста на наступным судзе заяўляла аб катаваннях, якія ў дачыненні да яе прымяняліся. Але суддзя ніяк не рэагаваў на гэтую інфармацыю. Гэта, канешне, жудаснае парушэнне.

Amnesty International была заснавана дзясяткі гадоў таму, у яе добрая рэпутацыя, яна робіць шыкоўную працу, адкрытая і празрыстая – кожны можа з гэтым азнаёміцца. І, калі мы абвінавачваем чалавека ў тым, што ён супрацоўнічае з Amnesty International, то гэта гучыць проста смешна, калі шчыра.

І яшчэ адзін такі прапагандысцкі штамп, які прапаганда ў які ўжо раз паўтарыла і ў гэтым артыкуле пра Насту Лойку – яна, маўляў, атрымлівала гранты з-за мяжы. Чамусьці з гэтага робіцца выснова, што такія гранты абавязкова трэба было выкарыстоўваць супраць Беларусі? Але ж у той жа згаданай табой Дэкларацыі аб праваабаронцах прамым тэкстам сказана, што для праваабарончай дзейнасці можна прыцягваць неабходныя рэсурсы.

Канешне! Калі мы паглядзім артыкул 13 з гэтай Дэкларацыі аб праваабаронцах, мы бачым, што кожны мае права індывідуальна і сумесна з іншымі запытваць, атрымліваць і выкарыстоўваць рэсурсы спецыяльна для мэтаў заахвочвання і абароны правоў чалавека. І гэта абсалютна нармальная сітуацыя, калі арганізацыі грамадзянскай супольнасці працуюць па грантавай сістэме – запытваюць гранты ў нацыянальных і міжнародных донараў, атрымліваюць іх, справаздачыцца, робяць добрыя рэчы. Звычайна грамадскія арганізацыі займаюцца тым, на што няма рэсурсаў і кампетэнцыяў у дзяржаўных органаў. І гэта вядзе да таго, што свет проста становіцца лепшым.

Пры гэтым я б хацела звярнуць увагу, што і беларускія дзяржаўныя органы да ўвядзення санкцый, таксама карысталіся еўрапейскім грантамі на розныя мэты. Што можа быць ненармальнага ў тым, што людзі за сваю працу атрымліваюць грошы? Не вельмі зразумела, адкуль ідзе такі пасыл, што замежныя грошы – гэта дрэнна.

Як бы ты параіла беларусам ставіцца да падобных нібыта выкрывальніцкіх паведамленняў у медыях і канкрэтна да гэтага матэрыяла пра Насту Лойку?

Арганізацыя Human Constanta выпусціла заяву аб тым, што яны працягваюць сваю працу, не займаюцца ніякімі злачынствамі, займаюцца абсалютна легальнай праваабарончай дзейнасцю. І я іх цалкам падтрымліваю.

Я заклікаю выказваць салідарнасць і з Настай, і з іншымі беларускімі палітзняволенымі, а таксама паведамляць праваабаронцам інфармацыю пра рэпрэсіі.

Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.