Тыднёвая хроніка палітычна матываванага пераследу ў Беларусі паводле маніторынга Праваабарончага цэнтра «Вясна».
- На тыдні ў Мінску затрымалі ўсю сям’ю рэпетытара ў матэматыцы – кіраўніка рэпетыцыйнага цэнтра «100 балаў» Яўгена Лівянта. Яго самога затрымалі яшчэ 28 снежня, а на мінулым тыдні была арыштавана ягоная жонка, дачка і зяць. Як можна меркаваць з размешчаных у прапагандысцкіх каналах відэа, усіх іх вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстных мірных сходах 2020 года. Таксама пазней стала вядома пра затрыманне яшчэ аднаго з сузаснавальнікаў цэнтра 100 балаў Аляксея Іванова. Усіх іх суддзя палічыла вінаватымі ў дробным хуліганстве і арыштавала на тэрміны ад 14 да 15 содняў.
- У канцы лютага 42-гадовы Аляксандр пералічыў каля дзвюх тысяч еўра для ўкраінскай арміі. Пасля гэтага яго забралі на размову ў КДБ, а потым абвясцілі падазраваным у фінансаванні тэрарызму. У дадатак арыштавалі кватэру, бізнэс, асабістыя рахункі і нават карту 10-гадовага сына з інваліднасцю. Мужчына паспеў з’ехаць разам з сямʼёй. Але сілавікі ўзяліся за яго бацькоў: настойліва патрабуюць, каб яны ўгаварылі сына вярнуцца ў краіну – інакш пагражаюць 66-гадовай маці і 68 бацьку арыштам.
- Суддзя Анастасія Папко ў Менскім гарадскім судзе вынесла суворыя прысуды яшчэ тром лідарам незалежных прафсаюзаў. Яна абвінаваціла іх у закліках да захадаў абмежавальнага характару, якія могуць нанесці шкоду Беларусі, распальванні сацыяльнай варажнечы і стварэнні экстрэмісцкага фармавання. У выніку былому кіраўніку незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзю Федынічау было прысуджана 9 гадоў калоніі, старшыні аршанскай арганізацыі прафсаюза РЭП Васілю Бераснёву таксама 9 гадоў калоніі, а палітолагу і шэраговаму актывісту прафсаюза РЭП – 8 гадоў.
- У Менску карнікі з ГУБАЗІКА затрымалі святара менскага храма Божай маці Усіх тужлівых радасці Дзяніса Карастылёва. У праўладных тэлеграм-каналах карнікі распаўсюдзілі відэа, дзе яго прымусілі прызнавацца і раскайвацца ў тым, што падчас імшы ў царкве ён памаліўся за воінаў і абаронцаў Украіны.
- Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, згодна з якім беларусаў, якія асуджаныя паводле палітычных матываў, альбо, у афіцыйнай трактоўцы – «за экстрэмізм», будуць пазбаўляць грамадзянства Беларусі.
- Па вяртанні з-за мяжы карнікі затрымалі 28-гадовага Радзівона Качаткова за каментары, якія ён пісаў у 2020 годзе. Ён некалькі гадоў жыў у розных краінах за мяжой, але вырашыў вярнуцца ў Беларусь.
- На гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта карнікі з ГУБАЗІКА затрамылаі двух студэнтаў Аляксея Рамановіча і Андрэя Янука, якім у 2020-м годзе было яшчэ па 15 гадоў і нібыта тады яны пакідалі ў інтэрнэце каментары, дзе заклікалі да беспарадкаў. Пасля затрымання студэнтаў адміністрацыя навучальнай установы зладзіла ў інтэрнаце № 1, дзе жылі вязні, сход студэнтаў, на якім прысутнічалі прадстаўнікі Следчага камітэта, якія казалі, што студэнтаў нібыта затрымалі за захоўванне парнаграфіі.
- Карнікі выставілі абвінавачванне кіраўнік крамы беларускай нацыянальнай сімволікі SYMBAL.BY і культурна-асветніцкай установы «Амарока» Паўлу Белавусу. Яго вінавацяць у здрадзе дзяржаве, арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь і кіраванні экстрэмісцкім фармаваннем. Як сказана ў абвінавачванні, Павел Белавус «пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх была змена дзяржаўнай улады ў Беларусі» а таксама «стымуляваў варожасць суайчыннікаў у адносінах да Радзімы. Сваімі злачыннымі дзеяннямі Белавус на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы».
Поўны выпуск падкаста «Працэс» слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.