Loading

Беларускія праваабаронцы стварылі адмысловы сайт, на якім акумулюецца інфармацыя пра сёлетняга лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, беларускага праваабаронцы і пісьменніка, палітычнага зняволенага Алеся Бяляцкага. Пра мэты і канцэпцыю пляцоўкі размаўляем з адной са стваральніц, праваабаронцай «Вясны» Марынай Кастылянчанка.

Як узнікла задума стварэння сайта? 

Тут варта адзначыць, што калі Алесь яшчэ ў першы раз знаходзіўся ў зняволенні, у 2011 годзе, тады Міжнародная федэрацыя за правы чалавека зрабіла старонку ў яго падтрымку на сваім сайце, каб можна было глядзець усе навіны, якія тычыліся Алеся. І пасля таго, як гэтым разам былі затрыманыя нашыя калегі з «Вясны», мы стварылі адмысловую старонку ў інтэрнэце, якая называецца freeviasna.org.  

Нарэшце, калі Алесь атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, мы вырашылі, што варта зрабіць асобную старонку, прысвечаную Алесю, як нобелеўскаму лаўрэату. Каб была магчымасць усім пазнаёміцца, што гэта за чалавек, і даведацца, што гэта не проста праваабронца з Беларусі, а гэта чалавек, які ўсё сваё жыццё прысвяціў грамадскай працы, які са студэнцкіх гадоў пачаў сваю актыўную грамадскую дзейнасць і потым прыйшоў да правааброны. 

Якія асноўныя раздзелы гэтага сайта? 

Мы падзялілі ўмоўна гэтую старонку на некалькі раздзелаў. Адзін з першых раздзелаў прысвечаны гісторыі жыцця Алеся: дзе ён нарадзіўся, дзе ён навучаўся, як ён далучыўся да грамадскай дзейнасці, у тым ліку, чаму ён стаў называць сябе менавіта Алесем. І далей ужо да праваабрончай дзейнасці – як ён уключыўся ў дапамогу рэпрэсаваным беларусам, як была створана «Вясна», якую актыўную дзейнасці ў «Вясне» ужо як праваабаронца рэалізоўваў.

Таксама мы надалі ўвагу тым узнагародам, якія Алесь і «Вясна» атрымоўвалі на працягу гэтых гадоў. І, канешне, напісалі пра тое, што Алесь не проста праваабаронца, ён яшчэ і літаратар, пісьменнік. На сайце таксама можна знайсці спасылкі на тое, каб гэтыя кнігі, напісаныя Алесем, пачытаць. І таксама мы дадалі раздзел як падтрымаць Алеся можна ў зняволенні. 

Надалей мы будзем развіваць гэтую старонку. Напрыклад, хочам змясціць не толькі пераклады на англійскую і рускую мовы, але і на іншыя мовы. Тут нам дапамагаюць нашыя партнёрскія арганізацыі. І таксама невялікі раздзел выдзялім на тое, яка замацаваць, як праходзіла менавіта ўручэнне Нобелеўскай прэміі міру ў Осла 10 снежня гэтага года.

Наша мэта – каб па запытах у пошукавіках «Алесь Бяляцкі» гэтая старонка з’яўлялася ў першых радках і можна было пабачыць актуальную інфармацыю. Зараз адрас сайта такі:  freeales.org.

 

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.