Loading

Сваімі ўражаннямі ад цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру, якая прайшла 10 снежня ў Осла, дзеліцца Алена Лапцёнак, непасрэдная ўдзельніца падзеі, праваабаронца «Вясны» – арганізацыі, стваральнік і кіраўнік якой Алесь Бяляцкі сёлета быў сярод узнагароджаных.

Фота: t.me/viasna96

Сама цырымонія праходзіць у ратушы ў адмысловай канферэнц-зале. І канешне, гэта вельмі і вельмі сур’ёзная бяспека: ты праходзіш некалькі кантроляў і на кожным правяраюць запрашэнне – гэта QR-код, і твой пашпарт. Там у зале прыкладна 20 з нечым шэрагаў па 30 крэслаў у кожным. То бок, чалавек 600-700 прысутнічала на цырымоніі. У кожнага сваё месца, якое табе дасылаюць пасля таго, як ты зарэгістраваўся, SMS-кай.

Самі нобелеўскія лаўрэаты знаходзяцца пад аховай. І яны заходзяць з іншага боку, то бок, ты з імі не перасякаешся. Калі казаць пра сам працэс, то спачатку, недзе за 15 хвілін да пачатку цырымоніі, усе госці займаюць свае месцы. Пасля заходзяць і сядаюць нобелеўскі лаўрэаты, і пасля пад гукі духавых музычных інструментаў уваходзіць каралеўская сям’я і займае чатыры ўрачыстыя месцы перад трыбунай. Пасля заканчэння цырымоніі каралеўская сям’я падыходзіць, вітае за руку кожнага нобелеўскага лаўрэата і сыходзіць, пасля сыходзяць нобелеўскія лаўрэаты, і за імі ахова.

Падчас цырымоніі немагчыма было паразмаўляць з Наталляй Пінчук. Але такая магчымасць з’явілася падчас урачыстага банкету ў самым канцы. Там таксама спачатку рассаджваюцца госці, потым разам заходзяць нобелеўскія лаўрэаты і каралеўская сям’я, сядаюць за стол, і толькі, калі каралеўская сям’я сыходзіць, можа быць нейкая такая нефармальная атмасфера, нейкія стасункі. Прынамсі, мы фатаграфаваліся з Наталляй і было некалькі хвілінаў, калі мы маглі пабыць разам.

Безумоўна, мы не пыталіся ў яе пра яе ўражанні. Таму, што гэта вялікае напружанне для чалавека. Тым больш, што яе муж – палітвязень, ён знаходзіцца ў вязніцы, Наталля фактычна выконвае пэўную такую ролю замест яго, і тая адказнасць, якую яна адчувае, стварае для яе вялікую напружанасць. На мой погляд, сваімі ўражаннямі яна зможа падзяліцца праз некалькі дзён.

Атмасфера на імпрэзе была вельмі прыязная. Адзінае, што мяне крышку, не тое, каб здзівіла, але не ведаю, чаму так атрымалася: лаўрэатаў тры. І, напэўна, дзесьці афіцыйныя прадстаўнікі мелі нейкія фотаздымкі разам ці яшчэ штосьці. Але, што тычыцца гасцей альбо калег, – кожны быў сам па сабе. Я, напрыклад, таго ж Юрыя Арлова з расійскага «Мемарыялу» ведаю яшчэ з тых часоў, калі ён прыязджаў на суд да Алеся Бяляцкага. Гэта было 11 гадоў таму, і я ўжо не ведаю, ці памятае мяне Юрый Арлоў, але я да яго не падыходзіла. І так кожны – трымаўся нейкай сваёй кампаніі, што беларусы, што ўкраінцы, што расійцы.

Я думаю, што гэтая вайна наклала дастаткова моцны адбітак на гэтую сітуацыю. І хоць мы – грамадзянская супольнасць, і мы разумеем, што мы праваабарончыя арганізацыі, і гэта ніяк не тычыцца дзяржаўнай палітыкі, якая такая, што ў дачыненні да Украіны Расія – прамы агрэсар, а беларускія ўлады – суагрэсар. Мне падаецца, што для кожнага гэта свой боль.

Я слухала прамову Наталлі: безумоўна, яна мяне ўразіла. Я разумею, што Алесь больш за 1,5 года знаходзіцца ў турме. І акрамя таго, у турме знаходзяцца людзі, якіх ты проста ведаеш вельмі добра і іх вельмі шмат – Каця Андрэева, Дзяніс Івашын, Аляксандр Фядута, Аліневіч, Дзядок – іх проста цяжка пералічыць. І гэтая прамова кранае цябе, трапляе ў тваё сэрца і адгукаецца.

Ва ўкраінцаў свая сітуацыя. Калі прадстаўніца Украіны казала пра жанчыну, якая нарадзіла сваё дзіця і ў радзільню трапіў снарад і гэты дзіцёнак, які некалькі дзён ці гадзін як нарадзіўся, і ўжо яго пахавалі ў самай маленькай у свеце труне – гэта трагедыя. Гэта трагедыя мірнага насельніцтва, людзей, якія нічым не выклікалі ў Расіі ніякіх падстаў для агрэсіі.

І прадстаўнікі расійскай грамадзянскай супольнасці – «Мемарыял», які шмат гадоў фіксуе сталінскія рэпрэсіі, яны фактычна з’яўляюцца носьбітамі памяці. Як яны казалі – мінулае, але дзеля будучага. І яны вельмі занепакоеныя тым, што яны не змаглі перадухіліць расійскую агрэсію супраць суседняй дзяржавы. Яны асуджаюць сваю дзяржаву, уладу за гэта.

У Алеся (Бяляцкага) персанальная прэмія. Калі казаць пра Украіну і Расію – там прэміі атрымалі арганізацыі. Гэта не проста вялікае кола людзей, зразумела, што іх праца за шмат гадоў ацэнена. У асобе Алеся, усё ж такі, уганаравана не толькі праваабрончая праца, «Вясна», безумоўна, але гэта менавіта Беларусь, гэта грамадзянская супольнасць, гэта тысячы зняволеных беларусаў. І ад іх імя прамаўляла Наталля і ад іх імя заўсёды, калі выступаў, прамаўляў Алесь. Усё, што тычыцца нацыянальнай гісторыі, нацыянальнай культуры, нацыянальнага развіцця – для яго вельмі важна. І Наталля здолела гэта перадаць, словамі Алеся выклікаць вось гэтыя эмоцыі.

Мне падаецца, што рэакцыя на яе прамову была вельмі-вельмі шчырай. Безумоўна, гэта былі апладысменты, і я магла кожнага спытаць, што ён мяркуе, але тых, з кім такая камунікацыя была – гэта Нарвежскі Хельсінкскі камітэт, гэта Фонд дамоў правоў чалавека і іншыя прадстаўнікі міжнароднай праваабарончай грамадзянскай супольнасці, канешне, яны ўсе вельмі і вельмі пранікліся той сітуацыяй, якая ёсць у Беларусі.

Поўную размову з Аленай Лапцёнак слухайце ў плэеры ніжэй.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.