Loading

У падкасце «Працэс» мы распавядаем пра правы чалавека і працэс іх абароны, пра палітычны пераслед і прававыя погляды на палітычнае змаганне.

Галоўнае ў выпуску:

  • Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка падсумаваў агульныя вынікі мінулага года ў сферы правоў чалавека.
  • Суддзя Алена Шылько назвала менскага журналіста і ўладальніка Кальяннай № 1 Івана Мураўёва нібыта вінаватым у злачынстве, якое не так даўно ўвялі ў Крымінальны кодэкс пад нумарам артыкула 361-1 і назвалі «удзел у экстрэмісцкім фармаванні». Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. У сувяззю з закрытасцю працэса дакладныя дзеянні, за якія суддзя абвясціла Мураўёва злачынцам, невядомыя. Але праваабаронцы лічаць, што гэта звязана са здымкамі для журналісцкага расследавання Беларускага расследавальніцкага цэнтра пра злоўжыванні ў медычнай сферы ў так званай справе артапедаў. У выніку Івану Мураўёву прысуджана 2,5 гады ў калоніі.
  • Суд Слонімскага раёна працягвае тэрмін арышту незалежнаму слонімскаму журналісту і пісьменніку Сяргею Чыгрыну. Спачатку яго зняволілі на 7 содняў, а потым дадалі яшчэ 15 содняў. У віну яму ставяць рэпосты ў сацсетках са СМІ, якія абвешчаны экстрэмісцкімі.
  • Пасля ўжо чацвёртага 15-соднявага тэрміну арышту на волю не выйшлі музыкі гурта Tor Band, якія спявалі на акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Дзмітрыя Галавача, Андрэя Ярэмчыка і Яўгена Бурло трымаюць за кратамі ўжо больш за 60 дзён.
  • Суд Цэнтральнага раёна Менску прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі анлайн-платформу Новая Беларусь, дзе акумулююцца асноўныя актыўнасці і сервісы для беларусаў.
  • Суддзя ў Беразіно Дзмітрый Каплій пастанавіў зняволіць на паўтара года ў калонію Пятра Пятрушу за тое, што той на слупах ЛЭП, аўтобусным прыпынку і дарожным знаку пачатку наседенага пункта намаляваў 11 выяваў нацыянальнага сцяга. Гэта суддзя інтэрпрэтаваў як апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці.
  • У Магілёве сілавікі затрымалі непаўнагадовага навучэнца каледжа мастацтваў. На «пакаяльным відэа», якое з’явілася на праўладным тэлеграм-канале, хлопец кажа, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы і прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога». Паводле сілавікоў, хлопец «паспеў зарабіць сабе шэраг артыкулаў», сярод якіх «распальванне варожасці»
  • Праваабарончая супольнасць Беларусі на тыдні вымушаная была прызнаць палітычнымі зняволенымі яшчэ 25 чалавек. Гэта Алег Швайко, Мікалай Арцюхоў, Дзмітрый Буйвідовіч, Фёдар Парэцкі, Алег Давыдзенка, Наталля Акцябрская, Анастасія Чумак, Дзмітрый Бераснеў, Сяргей Чарэшка, Максім Пучынскі, Аляксандр Цыганкоў, Андрэй Жук, Марыя Жук, Дзмітрый Ляўчук, Ілля Дубень, Андрэй Бясько, Васіль Хамутоўскі, Рыгор Васількоў, Уладзіслаў Вайна, Валянцін Федарэнка, Віктар Вяршына, Аляксандр Зіязетдзінаў, Сяргей Нікіцюк, Анастасія Петрачэнка, Мікалай Куляшоў. Такім чынам, станам на 2 студзеня ў Беларусі за кратамі ўтрымліваецца 1448 чалавек, якія маюць статус палітычных зняволеных.

Comments are closed.